— Божухна мой, — сказала міс Уорэн, прыкрыўшы вочы рукой. — Я зусім п'яная — нічога не бачу. Хто гэта там?
— Мужчына з вусікамі?
— Так. Ён самы.
— Ніколі раней яго не бачыла.
— Затое я сустракала. Недзе я яго бачыла. Але дзе?
Штосьці адцягнула яе думкі пра блізкую разлуку, яе нос узяў след, і, пакінуўшы недапітую шклянку джыну, яна шырокім крокам рушыла наўздагон мужчыну. Ён ужо выйшаў з рэстарана і хутка ішоў па зіхатлівым чорным вестыбюлі да лесвіцы, а міс Уорэн тым часам не магла адолець дзвярэй. Яна сутыкнулася з насільшчыкам і ўпала на калені, круцячы галавой, імкнучыся пазбавіцца ад дурыкаў, зычлівасці, маркоты, выкліканых ап'яненнем. Насільшчык спыніўся дапамагчы ёй. Учапіўшыся за яго руку, яна затрымала яго, пакуль не ўправілася з языком.
— Які цягнік ідзе з пятай платформы? — спытала яна.
— На Вену.
— І на Белград?
— І на Белград.
Зусім выпадкова вырвалася ў яе «Белград», а не «Канстанцінопаль», але гук яе асабістага голасу праясніў яе свядомасць. Яна крыкнула Джанет Пардаў:
— Займі два месцы. Я паеду з табой да Вены.
— А білет?
— У мяне ёсць пасведчанне карэспандэнта. — Цяпер ужо яна зрабілася нецярплівая. — Хутчэй. Пятая платформа. Зараз гадзіна дваццаць восем. Засталося пяць хвілін. — Учапіўшыся з усяе сілы за насільшчыка, яна не адпускала яго. — Слухайце. Я хачу, каб вы перадалі маё паведамленне. Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры.
— Я не магу пайсці з вакзала, — сказаў ён, імкнучыся адчапіцца ад яе рукі.
— Калі закончыцца ваша змена?
— У шэсць.
— Блага. Вы павінны непрыкметна знікнуць. Вы здолееце зрабіць гэта? Ніхто не заўважыць вашай адсутнасці.
— Мяне звольняць.
— Рызыкніце, — сказала міс Уорэн. — За дваццаць франкаў.
Насільшчык адмоўна пахітаў галавой.
— Брыгадзір заўважыць, што мяне няма на працы.
— Я накіну зверху яшчэ дваццаць франкаў, брыгадзіру.
— Брыгадзір не пагодзіцца на гэта. Надта вялікая рызыка, дый да начальніка можа дайсці.
Міс Уорэн адкрыла сумачку і пачала пералічваць грошы. Над яе галавой гадзіннік прабіў палову другой. Да адыходу цягніка засталося дзве хвіліны, аднак яна ні на імгненне не выказала свайго адчаю — любое хваляванне спудзіць насільшчыка.
— Восемдзесят марак, а брыгадзіру дадзіце, колькі захочаце. Вас не будзе на працы толькі дзесяць хвілін.
— Надта рызыкоўная справа, — сказаў насільшчык, але ўсё-такі ўзяў грошы.
— Слухайце мяне ўважліва. Пойдзеце на Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты «Кларыён». Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што міс Уорэн паехала Ўсходнім экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе інтэрв'ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапіла на след вельмі важнага матэрыялу для першай старонкі. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала. — Пакуль ён, запінаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзіла вачэй з гадзінніка. Гадзіна трыццаць адна з паловай. — Добра. Ідзіце. Але калі вы не перададзіце паведамленне да дзвюх гадзін, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарніцтвам. — Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, і пабегла па лесвіцы.
Гадзіна трыццаць дзве. Ёй здалося, што яна пачула свісток паравоза, і адным махам пераскочыла праз тры прыступкі. Цягнік ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступіць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: «Пасведчанне!» Апошнія вагоны трэцяга класа праходзілі міма, набіраючы хуткасць. «Божухна, я кіну піць», — паклялася яна ў думках. Потым ухапілася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкі насільшчык з крыкамі паспрабаваў утрымаць яе. Доўгія дзесяць секунд, адольваючы пранізлівы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. «Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохі — і маё плячо не вытрымае. Лепей зваліцца на платформу і атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагі. Аднак жа які цудоўны матэрыял згіне», — з горыччу падумала яна і скочыла на прыступку. Яе калені дацягнуліся да прыступкі якраз у той момант, калі скончылася платформа. Знік апошні ліхтар станцыі, дзверы пад націскам яе цела адчыніліся, і яна дагары тварам упала на калідор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай і зласлівай усмешкаю: «Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявіла пасадку ў экспрэс!»