Выбрать главу

Ранішняе святло пранікла скрозь шчыліну паміж фіранкамі і закранула паліцу насупраць. Калі Корал Маскер прачнулася, першае, што кінулася ёй у вочы, была гэтая паліца і скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць і яшчэ трывогу, калі прыгадала цягнік, на які ёй трэба паспець на вакзал Вікторыя, засохлую яечню і чэрствыя лустачкі заўчарашняга хлеба, што чакалі яе на кухні. «Шкада, што я пагадзілася на гэтую працу!» — падумала яна. Цяпер, калі набліжаўся час ад'езду, яна палічыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвіцы на Шафтсберы-авеню і аддала б перавагу штучнай весялосці пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхінула фіранку, і на імгненне яе здзівіў тэлеграфны слуп, які хутка праляцеў міма, зялёная рачулка з аранжавымі блікамі ранішняга сонца і парослыя лесам пагоркі. І раптам яна ўспомніла ўсё.

Было яшчэ рана — сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамі. У вёсцы на другім беразе замігцелі агеньчыкі, некалькі дымкоў прамымі струменьчыкамі ўздымаліся ў бязветраным паветры над драўлянымі хаткамі: сяляне там распальвалі печы, гатавалі снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункі, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткі на блізкім беразе і прывязаныя там лодкі шпарка знікалі з віду. Яна адхіліла фіранку на шкляных дзвярах у калідор і ўбачыла Майета — ён спаў, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Інстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзіць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спіць, а самой зноў легчы на паліцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасці блізкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нібыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькі заўсёдная барацьба і ўсяго трэба дабівацца сваімі намаганнямі. Бадай што, свет быў не такі ўжо жорсткі. Яна нагадала, як цёпла паставіўся да яе памочнік капітана, як ён крыкнуў на развітанне: «Помні пра мяне!» Зусім магчыма, што памочнік капітана ўсё яшчэ помніць яе, — гэты ж малады чалавек, які спіць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькімі гадзінамі свайго жыцця дзеля зусім незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслівая думка: «Магчыма, я жыву ў памяці іншых людзей, не толькі тады, калі яны бачаць мяне ці гавораць са мной». Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскі ўжо не было відно, таксама як і тых цудоўных зялёных пагоркаў, якія яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькі раку. І Корал ізноў заснула.

Міс Уоран, хістаючыся, ішла па вагонах. Ёй цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзіны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбітай, яе крыху нудзіла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкі блыталіся, аднак яна трымала нос па ветры і не губляла следу. За дзесяць гадоў журналісцкай кар'еры — дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыі пра жаночыя правы, згвалтаванні, забойствы — яна ніколі не была такая блізкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такі матэрыял, сам карэспандэнт газеты «Таймс» ахвяраваў бы год жыцця. «Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я, — з гордасцю падумала яна, — ды яшчэ п'яная ўдрызг». Яна ішла, хістаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нібыта на ёй была набакір карона.

Удача не пакідала яе. З купэ выйшаў мужчына і накіраваўся ў туалет. Калі яна прыціснулася да сцяны, каб прапусціць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку і ў купэ болей няма нікога. Мужчына ўзняў вочы і ўбачыў у дзвярах міс Уоран, якая крыху хісталася туды-сюды.

— Можна да вас? — спытала яна. — Я села ў Кёльне і не магу знайсці месца. — Голас у яе быў нізкі, амаль мяккі, нібыта яна ўгаворвала любімага сабаку ўвайсці ў камеру, дзе яго збіраліся ўсыпіць.

— Месца занятае.

— Толькі на хвіліначку, — сказала міс Уорэн. — Хай адпачнуць крышачку ногі. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-ангельску. Мяне заўсёды агортвае страх, калі падарожнічаю ў цягніку, дзе няма нікога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбіцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго. — Яна нацягнена ўсміхнулася. — Па-мойму, вы доктар?