— Быў некалі ім.
— І вы едзеце ў Белград?
Злёгку ўстрывожаны, ён кінуў хуткі позірк на яе, які яна не заўважыла. Ён пільна агледзеў яе прысадзістую, абцягнутую цвідам фігуру, крыху нахіленую ўперад, бляск пярсцёнка з пячаткаю, пачырванелы ад нецярплівасці твар.
— Не, — адказаў ён. — Значна бліжэй.
— А я еду толькі да Вены, — сказала міс Уорэн.
— А чаму вы вырашылі?.. — павольна пачаў ён, сумняваючыся, ці правільна ён робіць, звяртаючыся да яе з гэтым пытаннем: яму было нязвыкла сустрэцца з небяспекай у выглядзе ангельскай векавухі, крыху п'янай ад джыну, пах якога ён адчуваў у купэ.
Рызыкоўныя сітуацыі, у якія ён трапляў раней, навучылі яго ў такія моманты крыху пахітаць галавой, ці памахаць пальцам, ці проста сказаць няпраўду. Міс Уорэн таксама адчувала няпэўнасць, і яе няпэўнасць была падобная да іскры надзеі ў зняволенага ў турме.
— Мне здалося, што я вас бачыла ў Белградзе.
— Ніколі не даводзілася там бываць.
Яна вырашыла пайсці ў адкрытую, адкінуўшы ўсялякія хітрыкі.
— Мне давялося быць у Белградзе прадстаўніком сваёй газеты пад час суду над Камнецам.
Аднак ён ужо зразумеў, што трэба паводзіць сябе абачліва, і глянуў на яе, не выказваючы зусім ніякай цікаўнасці.
— Суд над Камнецам?
— Калі генерал Камнец быў абвінавачаны ў згвалтаванні. Цынер быў там галоўны сведка абвінавачвання. Аднак генерала, зразумела, апраўдалі. Прысяжныя былі падабраны з яго прыхільнікаў. Урад ніколі не дазволіў бы засудзіць такога чалавека. З боку Цынера было проста глупства даваць паказанні супраць генерала Камнеца.
— Глупства?
Яго тон ветлівага субяседніка ўзлаваў яе.
— Вядома ж, вы чулі пра Цынера? Яго хацелі прыстрэліць за тыдзень да суду, калі ён сядзеў у кавярні. Цынер быў правадыр сацыял-дэмакратаў. Ён назаляў уладам тым, што даў паказанні супраць Камнеца — ордэр на яго арышт за дачу непраўдзівых паказанняў быў выпісаны яшчэ за дванаццаць гадзін да заканчэння судовага працэсу. Яны проста сядзелі і чакалі апраўдальнага прыгавору Камнецу.
— Калі гэта было?
— Пяць гадоў таму.
Ён уважліва сачыў за ёй, прыкідваючы, які адказ найбольш раззлуе яе.
— Ну, гэта ўжо старая гісторыя. Цынера выпусцілі з турмы?
— Ён выслізнуў з іх рук. Шмат чаго я дала б, каб даведацца, як гэта яму ўдалося здзейсніць. З гэтага мог бы атрымацца выдатны матэрыял у газету. Ён проста знік. А ўсе думалі, што яго забілі.
— А яго на самой справе забілі?
— Не. Ён ад іх уцёк.
— Разумны чалавек.
— А вось у гэтым я зусім не ўпэўненая, — злосна запярэчыла яна. — Разумны чалавек ніколі не даваў бы паказанняў супраць Камнеца. Што яму да таго Камнеца і да той дзяўчынкі? Ён быў дурань, строіў з сябе Дон-Кіхота.
З-за адчыненых дзвярэй пацягнула холадам, і доктара перасмыкнула.
— Ноч выдалася пакутлівая, — сказаў ён.
Яна адмахнулася ад яго слоў стомленым жэстам вялікай, грубай рукі.
— Толькі ўявіце сабе, — сказала яна з захапленнем. — Пакуль прысяжныя засядалі, ён выйшаў з залы суда на вачах у паліцыі. Яны сядзелі і нічога не маглі зрабіць, пакуль не вернуцца прысяжныя. Ох, магу прысягнуць, што бачыла загад пра арышт Цынера, які тырчаў з кішэні ў Хартэпа. А Цынер знік, нібыта яго і не было зусім. Далей усё пайшло па-ранейшаму. Нават у Камнеца.
Доктар не здолеў схаваць сваю поўную горычы цікаўнасць.
— На самой справе? Нават у Камнеца?
Яна скарыстала спрыяльную сітуацыю і загаварыла сіплаватым голасам, даўшы волю сваёй фантазіі:
— Так, калі б ён зараз вярнуўся, дык знайшоў бы, што нічога не змянілася: гадзіннік можна было б перавесці назад. Хартэп усё гэтаксама займаецца хабарніцтвам, Камнец юрліва вышуквае маленькіх дзяўчынак, тыя самыя трушчобы, тыя самыя кавярні, дзе даюць канцэрты ў шэсць і ў адзінаццаць гадзін. Карл звольніўся з «Масковы», вось і ўсе навіны, а на яго месцы працуе афіцыянтам француз. Адкрыўся, праўда, новы кінатэатр каля парку. Ах, вось яшчэ навіна: забудавалі сад з піўной Кругера, там зараз кватэры для дзяржаўных чыноўнікаў.
Ён прамаўчаў, не ведаючы, чым адказаць на гэты новы ход праціўніка. Значыцца, піўной Кругера больш няма, а з ёй зніклі і казачныя ліхтарыкі, і яркія парасоны, і цыганы, якія ціха ігралі ў прыцемку, пераходзячы ад століка да століка. І Карла няма. На імгненне ён здольны быў аддаць у рукі гэтай жанчыны сваю бяспеку і бяспеку сваіх сяброў у абмен на звесткі пра Карла. Можа, ён сабраў усе свае чаявыя, і жыве самотна ў адной з тых новых кватэр каля парку, і раскладае сурвэткі на сваім стале, выцягвае корак з бутэлькі, каб напоўніць свой келіх? Ён разумеў, што яму трэба перапыніць размову з гэтай п'янай, небяспечнай жанчынай, што сядзіць насупраць, але ён не быў здольны вымавіць ніводнага слова, пакуль яна паведамляла яму навіны пра Белград, тыя навіны, пра якія яго сябры ніколі не пісалі яму ў сваіх штотыднёвых зашыфраваных лістах.