Корал Маскер ізноў прачнулася. Яна адразу ж паднялася і падышла да дзвярэй. Майет стомлена драмаў, вочы ў яго зрэдку расплюшчваліся ў такт цягніку. Яе свядомасць заставалася надзвычай ясная, нібыта гэтае залацістае святло пранікала паўсюль, і ёй рабіліся зразумелыя звычайна схаваныя жаданні, памкненні і ўчынкі, на якія яна, як правіла, не зважала. Цяпер, калі яна назірала за ім і ён усвядоміў яе прысутнасць, Корал убачыла, як ён памкнуўся рукамі зрабіць нейкі жэст, але спыніўся. Яна зразумела, што ён свядома затрымаў гэты жартаўлівы жэст, характэрны людзям яго нацыянальнасці.
— Я свіння. Вы прабылі на калідоры цэлую ноч, — мякка сказала яна.
Ён вінавата паціснуў плячыма, нібы ліхвяр, які назначыў надта нізкую цану за дарагі гадзіннік ці багатую вазу.
— Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылі спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсці?
— Калі ласка. Гэта ж ваша купэ.
Ён усміхнуўся, не ўтрымаўся і шырока развёў рукі, схіліўшы перад ёю галаву ў лёгкім паклоне.
— Прашу прабачэння. Яно ваша. — Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамі: — Увага! Глядзіце! Білет першага класа.
Білет вылецеў з насоўкі і ўпаў на падлогу паміж імі.
— Ён — ваш.
— Не, ваш.
Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзіўлены твар.
— Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, відаць, ён каштуе дорага.
— Дзесяць фунтаў, — выхваляючыся, сказаў ён. — Дзесяць фунтаў. — Ён паправіў гальштук і нядбала кінуў: — Мне гэта дробязь.
Аднак яго самаўпэўненасць і самахвальства насцярожыла яе.
— Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? — спытала яна з непрыхаваным глыбокім падазрэннем. Білет ляжаў каля іх ног. Нішто не прымусіла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой — золата патухла і зрабілася жоўтай плямаю на шкле і падушках. — Я іду на сваё месца.
— Мне няма ніякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калі вам білет не патрэбны, можаце яго выкінуць, — з выклікам сказаў ён.
Корал бачыла, што ён назірае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзняліся, самаўпэўнена і нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракі і да моста, што праплывалі міма, да аголенай бярозкі, усыпанай раннімі пупышкамі, і ціха заплакала. «Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункі. — І яна з сорамам і смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якія прымалі падарункі ад прынцаў. — А я лаюся на яго, як стомленая афіцыянтка».
Яна пачула, як Майет паварушыўся ў яе за плячыма, і зразумела, што ён нахіліўся па білет. Яна хацела павярнуцца да яго, падзякаваць яму, сказаць: «Як цудоўна было б ехаць увесь час на гэтых мяккіх падушках, спаць на гэтым месцы, забыцца на тое, што едзеш працаваць, уявіць, што ты багатая. Ніколі і ніхто не быў да мяне такі добры, як вы». Але словы, сказаныя раней, вульгарнасць яе падазрэнняў нібыта класавы бар'ер паўсталі паміж імі.
— Дайце мне вашу сумачку, — сказаў ён. Яна, не павярнуўшыся да яго, перадала сумачку і пачула, як яго пальцы адчынілі замок. — Я кладу яго туды. Калі не хочаце скарыстацца ім, — не трэба. Проста прыходзьце пасядзець тут, калі захочаце. Ці паспіце тут, калі стоміцеся.
«Я ўвесь час стомленая, — думала яна. — Я магла б спаць тут гадзіны».
— Але ж ці змагу я? — сказала яна здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы.
— За мяне не турбуйцеся, — сказаў ён. — Я знайду сабе другое купэ. Ноччу я спаў на калідоры толькі таму, што вельмі хваляваўся за вас: раптам вам спатрэбілася б мая дапамога.
Яна зноў заплакала, прыхіліўшыся лбом да акна, прыплюшчыўшы вочы, так што павекі нібы фіранкамі адсланілі яе ад перасцярог абазнаных у жыцці сухецкіх бабуль: «Мужчыне трэба толькі адно. Не бяры падарункаў у незнаёмых мужчын». Ёй заўсёды казалі: «Чым даражэйшы падарунак, тым большая небяспека. Нават шакалад і паездка ў аўтамабілі пасля тэатра, у цемры, вядуць да пацалункаў у губы ці ў шыю, ды яшчэ, бадай што, сукенку памнуць». Ад дзяўчыны чакаюць платы — на гэтым сыходзяцца ўсе парады: на дармаўшчыну нічога не робіцца. Пісьменнікі наконт Рубі М. Эйрэс[12] могуць сцвярджаць, што цнота каштуе даражэй за рубіны, аднак на самай справе цана нявіннасці — футра ці якаясь іншая каштоўная рэч. Нельга ж узяць футра ў мужчыны і не пераспаць з ім: не пераспіш — ён будзе незадаволены. Так кажуць усе пажылыя жанчыны. А гэты чалавек заплаціў дзесяць фунтаў.
12
Рубі М. Эйрэс (1883–1962) — папулярная ў 20-я гады ангельская пісьменніца, аўтар бульварных раманаў.