Выбрать главу

Ён узяў яе за локаць.

— Што з вамі? Вам блага?

Яна згадала руку, якая ўзбівала падушкі, шоргат яго крокаў, калі ён выходзіў з купэ. І паўтарыла:

— Але ж ці змагу я? — Аднак на гэты раз яна нібыта прымушала яго сказаць нешта і абвергнуць увесь яе жыццёвы вопыт, падказаны беднасцю.

— Ведаеце што, давайце мы зараз сядзем, і я вам нешта пакажу, — сказаў ён. — Гэта Рэйн.

Ёй раптам зрабілася смешна.

— Я ўжо здагадалася.

— Вы заўважылі скалу, амаль на сярэдзіне ракі, — мы яе толькі праехалі? Гэта скала Ларэляй. Гейнэ.

— А што гэта — Гейнэ?

— Адзін жыд, — задаволена ўдакладніў ён.

Яна пачала забываць пра рашэнне, якое мусіла была прыняць, і з цікавасцю сачыла за ім, імкнучыся знайсці што-небудзь новае ў рысах яго твару, да якога ўжо прывыкла: маленькія вочкі, вялікі нос, чорныя напамаджаныя валасы. Часта сустракала яна такіх мужчын, то ў першых радах правінцыйнага тэатра — ён мог быць афіцыянтам у смокінгу, то за пісьмовым сталом у канторы агента па найме, то за кулісамі пад час рэпетыцыі, то каля службовага ўвахода пасля прадстаўлення; у тэатральным свеце паўсюль гучаў яго то мяккі і ліслівы, то ўладарны голас. Звычайна такія мужчыны былі жмінды і скнары, хоць часам і ў іх здараліся прыступы высакародства і шчодрасці, але давяраць ім нельга ніколі. Зычлівая ўхвала на рэпетыцыі нічога не значыла: пасля гэтага, седзячы ў сваім кабінеце і пацягваючы віскі, такі чалавек мог сказаць: «Тое дзяўчо з першага рада нічога не вартае». Яго нельга было ўзлаваць, ён ніколі нікога не абразіць, ніколі не скажа слоўца больш зняважлівага, чым «дзяўчо», а паведамленне пра звальненне прыходзіла ў выглядзе надрукаванай на машынцы паперкі, кінутай у тваю паштовую скрынку.

Магчыма, што ўсе гэтыя рысы характару не перашкаджалі ёй ставіцца да жыдоў добра, бо яны ва ўсіх абставінах захоўвалі дзіўную абыякавасць, а магчыма, таму, што яна лічыла, што кожная дзяўчына павінна быць далікатная. Корал сказала ветліва:

— Жыды надта артыстычныя, праўда? Ведаеце, амаль увесь аркестр ансамбля «Ата Гёрл» быў з жыдоў.

— Так, — адказаў ён з незразумелай ёй горыччу.

— А вы любіце музыку?

— Я іграю на скрыпцы, праўда, не надта добра.

Ёй здалося, што ў даўно знаёмых вачах з'явілася нейкае не зусім зразумелае ажыўленне.

— Мне заўсёды хацелася заплакаць, калі спявалі «Сані Бой», — сказала яна. Яна ведала, што ніколі не можа знайсці патрэбных слоў, адпаведных яе пачуццям, — яна не магла выказаць словамі, што адчувае, і таму часта гаворыць недарэчы. Вось і тут яна заўважыла, як незразумелае ажыўленне знікла з яго вачэй.

— Паглядзіце, ракі ўжо няма. Мы праехалі Рэйн, — нечакана сказаў ён. — Ужо час снедаць.

Ёй зрабілася крыху няёмка прызнацца, што яна не пойдзе з ім снедаць, але не стала тлумачыць, а сказала шчыра:

— Мне трэба схадзіць па сакваяж. У мяне там бутэрброды.

Ён пільна паглядзеў на яе:

— Няўжо вы назапасілі на тры дні?

— О не. Толькі на ўчарашнюю вячэру і сённяшняе снеданне. На гэтым я зэканоміла каля васьмі шылінгаў.

— Ну, вы проста скупая, як шатландцы. Паслухайце. Вы пойдзеце снедаць са мной.

— А што яшчэ, па-вашаму, я павінна рабіць з вамі?

Ён усміхнуўся.

— Зараз скажу: абедаць, піць гарбату і вячэраць. А заўтра…

Уздыхнуўшы, яна яго перабіла:

— Па-мойму, вы крыху з'ехалі з глузду. Дарэчы, вы ніадкуль не ўцяклі?

Твар у яго спахмурнеў, ціхім голасам ён спытаў:

— Вам непрыемна са мной? Вам са мной нудна?

— Не. Зусім не нудна. Але ж чаму вы гэта ўсё робіце для мяне? Я зусім не прыгажуня і, па-мойму, асаблівым розумам не вылучаюся.

Яна горача чакала, каб ён запярэчыў: «Не, вы цудоўная, прыгожая і разумная», — тых неверагодных слоў, якія б вызвалілі яе ад патрэбы плаціць яму ці адмовіцца ад яго падарункаў: прыгажосць і розум цэняцца вышэй, чым любы прапанаваны падарунак, а калі дзяўчыну кахаюць, дык нават шматвопытныя бабулі пагодзяцца, што яна мае права браць і нічога не даваць узамен. Але ён ёй не запярэчыў. Яго тлумачэнне было амаль зняважліва простае.

— Мне так лёгка гаварыць з вамі. У мяне такое адчуванне, нібыта я вас даўно ведаю.

— Так, мне здаецца, што і я вас даўно ведаю, — суха сказала яна, адчуўшы звыклую горыч расчаравання. Яна ўзгадала бясконцую лесвіцу, дзверы ў кантору агента і маладога зычлівага жыда, які цярпліва і ветліва тлумачыў, што ён не можа нічога прапанаваць ёй, абсалютна нічога.