Выбрать главу

— Цяжкі выдаўся рэйс, — сказаў ён па-ангельску галоўнаму сцюарду. Некалі той працаваў афіцыянтам у Лондане і ведаў ангельскую мову, а без пільнай патрэбы памочнік капітана не гаварыў па-французску. — А той жыд, ці шмат ён даў табе зверху?

— Ніколі не здагадаецеся! Цэлых шэсць франкаў!

— Яго не загайдала?

— Не. Але той стары з вусамі — ён ванітаваў увесь час. Дарэчы, аддайце мае дзесяць франкаў. Я выйграў заклад. Ён — ангелец.

— Не можа быць. У яго такі выразны акцэнт.

— Мне ўдалося зазірнуць у яго пашпарт. Рычард Джон. Школьны настаўнік.

— Дзіўна, — сказаў памочнік капітана. «Сапраўды, дзіўна», — зноў падумаў ён, неахвотна адлічваючы сцюарду дзесяць франкаў, і прыгадаў, як той стомлены сівы чалавек у плашчы адышоў ад парэнчаў парахода, калі былі ўзняты сходкі і карабельныя сірэны выдыхнулі пару ў напрамку расколіны паміж хмарамі. Ён папрасіў газету, якую-небудзь вячэрнюю газету. «Вячэрнія газеты не выходзяць так рана ў Лондане», — адказаў яму памочнік капітана. Пачуўшы адказ, той пастаяў крыху ў задуменнасці, кранаючы пальцамі кончыкі доўгіх сівых вусаў. Наліваючы шклянку піва сцюардэсе, перад тым як прагледзець каштарыс, памочнік капітана зноў падумаў пра таго школьнага настаўніка, і ў галаве ў яго стрэльнула думка, што, відаць, сутыкнуўся з чалавекам, які зазнаў шмат пакут, знясіленым, заблытаным у цёмныя справы. Гэты чалавек таксама не выказваў ніякіх скаргаў, і таму яго можна было забыць лягчэй, чым, скажам, маладога жыда, ці чараду турыстаў агенцтва Кука, ці хворую жанчыну ў ружова-зялёным адзенні, якая згубіла колца, ці таго дзівака старога, які двойчы заплаціў за спальнае месца. Дзяўчыну ён забыў з паўгадзіны таму. Якраз гэтая акалічнасць і аб'яднала яе з Рычардам Джонам. Тупат ног, пах нафты, мігценне сігнальных агеньчыкаў, заклапочаныя твары пасажыраў, звон шклянак, шэраг лічбаў, — усё гэта прымусіла іх згінуць у цемры свядомасці памочніка капітана.

Вецер сціхнуў на некалькі хвілін, і дым, які хуткімі парывамі гойсаў па прычале, паміж нагрувашчвання жалезных канструкцый, на імгненне супакоіўся. Нерухомыя вялізныя шматкі дыму здаваліся Майету шэрымі намётамі качэўнікаў, калі ён ішоў па слоце. Ён забыўся на тое, што яго замшавыя чаравікі зусім сапсаваліся, што нахабны афіцэр мытні прычапіўся да дзвюх яго шаўковых піжам. Ад нахабства гэтага афіцэра, ад яго пагарды, ад здзеклівых шэптаў: «Juif, juif»[1], ён хаваўся ў засені тых вялізных намётаў. Тут на момант ён адчуў сябе нібыта дома: цяпер, каб падтрымаць бадзёрасць духу, яму ўжо не трэба было думаць ні пра сваё дарагое футра, ні пра модны гарнітур, пашыты на Сэвіл-роўд, ні пра свае грошы, ні пра высокае становішча ў фірме. Але калі ён наблізіўся да цягніка, вецер ізноў узняўся, намёты з дыму паразвейваліся, і ён апынуўся зноў у самым цэнтры варожага свету.

Аднак Майет з удзячнасцю падумаў, што за грошы можна шмат чаго купіць. Праўда, за іх не заўсёды купіш ветлівасць і далікатнасць, але ж хуткасць яны яму ўсё-такі забяспечылі. Ён першы прайшоў агляд на мытні і да прыходу астатніх пасажыраў паспеў дамовіцца з кандуктарам наконт асобнага купэ. Ён цярпець не мог распранацца пры чужых людзях, хоць і разумеў, што дамоўленасць наконт асобнага купэ будзе каштаваць яму болей, чым іншым, бо ён быў жыд: тут не абыдзешся проста просьбай і невялікімі чаявымі. Ён мінуў асветленыя вокны вагона-рэстарана, дзе невялікія лямпы пад ружавата-ліловымі абажурамі блішчалі на свежых абрусах, засланых для абеду. «Остэндэ-Кёльн-Вена-Белград-Стамбул». Ён прайшоў паўз гэты рад назваў, нават не глянуўшы на іх: маршрут быў яму добра вядомы — назвы праплылі на ўзроўні яго вачэй, нагадаўшы яму шпілі мінарэтаў, купалы цэркваў ці саборы ў гэтых гарадах, дзе чалавеку яго нацыянальнасці цяжка было ўладкавацца на сталае жыхарства.

Кандуктар, як ён і меркаваў, быў няветлівы. «Цягнік перапоўнены», — пахмурна буркнуў ён, хоць Майет ведаў, што той гаворыць няпраўду. Яшчэ не сезон — у красавіку заўсёды ёсць шмат свабодных месцаў, і на пароме ён заўважыў толькі некалькі пасажыраў першага класа. Пакуль ён спрачаўся з кандуктарам, у калідор вагона праціснулася зграя турыстаў: пажылыя лэдзі трымалі ў руках шалі, пледы і прыгожа аформленыя даведнікі, стары святар скардзіўся, што некуды засунуў і не можа знайсці «Уайд Уорлд Мэгэзін»: «Калі падярожнічаю, я заўсёды чытаю «Уайд Уорлд Мэгэзін»; а замыкаў натоўп турыстаў спатнелы і звыклы з усялякімі перыпетыямі падарожжа гід са значком турысцкага агенцтва. «Volia»[2], — сказаў кандуктар і жэстам паказаў, што ў цягніку надзвычайная колькасць пасажыраў. Аднак Майета нельга было так лёгка абвесці вакол пальца — ён добра ведаў гэты маршрут. Кампанія турыстаў, мяркуючы па іх узбуджаным выглядзе, пройдзе ў наступны вагон, які накіроўваецца ў Афіны. Калі Майет павялічыў чаявыя ўдвая, кандуктар здаўся і наляпіў на дзверы купэ паперку: «Месца занятае». Уздыхнуўшы з палёгкі, Майет нарэшце застаўся адзін.

вернуться

1

Жыд, жыд (фр.).

вернуться

2

Вось бачыце (фр.).