Выбрать главу

«Пэўна ж, мы разумеем адно аднаго, — думала яна, — добра ўсведамляем гэта, таму і не знаходзім патрэбных слоў». Дрэвы і будынкі з'яўляліся і знікалі на фоне бледна-блакітнага, воблачнага неба, бук змяняўся елкай, елка — вязам, а вяз — каменем. Свет, нібыта расплаўлены на гарачай пліце, тапырыўся і прымаў розныя формы, то падобныя на язык полымя, то на лісток канюшыны. Іх думкі заставаліся тыя самыя, гаварыць не было пра што, бо яны ўсё ведалі адно аб адным.

— На самой справе, вам жа асабліва і не хочацца, каб я снедала з вамі, — сказала яна, імкнучыся захаваць разважлівасць і абачлівасць і неяк парушыць няёмкае маўчанне. Аднак ён не пагадзіўся з ёю.

— Не, я сапраўды хачу, — адказаў ён з некаторай няпэўнасцю, і яна зразумела, што ёй трэба быць цвёрдай: падняцца, пакінуць яго, вярнуцца ў свой вагон — ён лішне пярэчыць не будзе. Але ў сакваяжы ў яе былі толькі чэрствыя бутэрброды і крышку ўчарашняга малака ў бутэльцы з-пад віна, а з калідора пахла гарачай кавай і свежым белым хлебам.

Мэйбл Уорэн наліла сабе кавы, моцнай, без малака і цукру.

— Гэта найлепшы матэрыял, які я калі-небудзь здабывала. Я была сведка, як пяць гадоў таму ён выходзіў з судовай залы, а тым часам Хартэп сачыў за ім з ордэрам на яго арышт у кішэні. Кэмбел з газеты «Ньюс» адразу ж кінуўся за ім, аднак на вуліцы згубіў яго. Дадому ён болей не прыходзіў, і з таго часу пра яго болей нічога не чулі. Усе лічылі, што яго забілі, аднак я ніколі не магла зразумець аднаго: калі яго хацелі забіць, дык навошта было выпісваць ордэр на арышт.

— Уяві сабе, — без усякай цікавасці сказала Джанет Пардаў, — што ён адмовіцца гаварыць з табой.

Міс Уорэн разламала булачку.

— У мяне яшчэ ніколі не было няўдач.

— Ты сама прыдумаеш што-небудзь за яго?

— Не той выпадак. Гэта падыдзе Сейвары, а не яму. Я прымушу яго даць мне інтэрв'ю, — сказала яна злосна. — Любым спосабам. Пакуль мы едзем да Вены. У мяне ёсць амаль дванаццаць гадзін. — І дадала ў роздуме: — Кажа, што ён школьны настаўнік. Хто ведае? Выдатная будзе карэспандэнцыя. А куды ён едзе? Сказаў, што выходзіць у Вене. Калі праўда, то я выйду разам з ім. Калі спатрэбіцца, паеду з ім у Канстанцінопаль. Але ў гэта я не веру. Ён едзе дамоў.

— У турму?

— На суд. Хутчэй за ўсё ён давярае тым людзям. Яго заўсёды любілі ў трушчобах. Але ён дурань, калі лічыць, што яго там памятаюць. Пяць гадоў! Так доўга ніхто не памятае.

— Дарагая, як сумна ты на ўсё глядзіш.

Мейбл Уорэн з цяжкасцю прыходзіла ў сябе і вяртала цвярозы погляд на рэчы: кава плёскалася ў яе кубку, столік крыху пагойдваўся, насупраць сядзела Джанет Пардаў. У такіх выпадках Джанет Пардаў звычайна незадаволена капыліла губкі, насуплівалася, спрачалася і злавалася, але цяпер яна ўпотай паглядала на жыда, які сядзеў за столікам з дзяўчынай, на думку Ўорэн, праставатай, але вясёлай і прываблівай. «А што да жыда, дык адзіная яго добрая якасць — маладосць і грошы, аднак гэтага хапае, каб прыцягнуць увагу Джанет», — з горыччу падумала Мейбл Уорэн, разумеючы, што гэта праўда.

— Ты ж ведаеш, што гэта — праўда, — сказала яна, усведамляючы, што гнеў яе марны. Шырокай, агрубелай рукой яна разламала яшчэ адну булачку. Яе хваляванне ўзмацнялася па меры таго, як яна ўсведамляла ўсю жахлівасць сваіх здагадак. — Ты пра мяне забудзеш праз тыдзень.

— Ну, вядома ж, не, дарагая. Паслухай, я табе ўсім абавязана.

Словы гэтыя не супакоілі Мейбл Уорэн. «Калі кахаеш па-сапраўднаму, — думала яна, — не думаеш, чым ты абавязана». Свет, як лічыла яна, падзяляецца на тых, хто жыве розумам, і тых, хто жыве пачуццямі. Першыя бяруць у разлік купленыя ім сукенкі, аплачаныя рахункі, але сукенкі з часам выходзяць з моды, а вецер падхоплівае рахункі са стала і зносіць іх прэч, і ў любым выпадку доўг будзе аплачаны пацалункам ці іншай якой ласкай. Аднак тыя, хто жыве розумам, пра ўсё забываюць, а тыя, хто жыве пачуццямі, помняць усё, яны не бяруць і не пазычаюць, яны плацяць нянавісцю ці любоўю. «Я адна з іх, — думала міс Уорэн, вочы яе напоўніліся слязьмі, а булачка засела ў горле. — Я адна з тых, хто кахае і помніць заўсёды, хто захоўвае вернасць мінуламу і носіць жалобныя гарнітуры і жалобныя павязкі на рукаве. Я нічога не забываю». Яе погляд слізгануў па дзяўчыне, што сядзела побач з тым мужчынам, — так стомлены матацыкліст з неадольным жаданнем пазірае на просценькі гатэль з пунсовымі фіранкамі на вокнах і марыць пра таннае піва, а потым ізноў едзе далей да шыкоўнага гатэля з музыкай і пальмамі. «Я загавару з ёю, яна зграбная, — падумала яна. — Зрэшты, нельга ж усё жыццё пражыць з грудным, падобным на музыку голасам, з статнай, як пальма, фігурай. Вернасць зусім не тое самае, што ўспаміны: можна забыць і заставацца верным, а можна памятаць і парушыць вернасць».