Выбрать главу

«Я кахаю Джанет Пардаў, я заўсёды буду кахаць Джанет Пардаў», — спрачалася яна сама з сабою. Джанет адкрыла ёй, што такое каханне, у самы першы вечар іх сустрэчы ў кінатэатры на Кайзер-Вільгельм-штрасе, і ўсё-такі, усё-такі… Абедзве яны тады адчулі агіду да акцёра, які выконваў галоўную ролю. Здарылася так, што Мейбл Уорэн гучным голасам па-ангельску выказала свае пачуцці ў напружанай цішыні цёмнай залы: «Мне агідныя такія распусныя мужчыны!» — і пачула словы згоды, вымаўленыя нізкім, музычным голасам. Аднак нават тады Джанет Пардаў пажадала даглядзець фільм да канца, да апошніх абдымкаў, да фінальнай завуаліяванай распусты. Мейбл Уорэн угаворвала яе пайсці і дзе-небудзь выпіць, але Джанет Пардаў сказала, што хоча даглядзець кінахроніку, і яны абедзве засталіся. Здаецца, у самы першы вечар выявіўся характар Джанет — потым з гэтым яе характарам давялося сутыкацца заўсёды: непазбежна даводзілася пагаджацца з ёю ва ўсім. Так было да ўчарашняга вечара, калі яна вырашыла вызваліцца ад Мейбл Уорэн.

— Не выношу жыдоў, — злосна вымавіла Мейбл Уорэн, нават не стараючыся панізіць голас.

І Джанет Пардаў, глянуўшы на Мейбл Уорэн вялікімі прамяністымі вачыма, пагадзілася:

— Гэтаксама і я, дарагая.

З раптоўным адчаем Мейбл Уорэн звярнулася да яе:

— Джанет, калі мяне не будзе побач, ці будзеш ты памятаць, як мы кахалі адна адну? Ты ж не дазволіш ніводнаму мужчыну дакрануцца да цябе?

Ёй было б прыемна пачуць пярэчанні, атрымаць магчымасць паспрачацца, прыводзіць доказы, нейкім чынам накласці пячатку на гэтую няўлоўную душу, аднак адзінае, чаго яна дачакалася, была згода, выказаная абыякавым тонам:

— Ну, вядома ж, дарагая. Хіба я магу?

Калі б Мейбл Уорэн абярнулася да люстры, убачыла б там сваё рэальнае аблічча, якое вярнула б ёй разважлівасць і цвярозы розум. «Ну, гэта не па мне, — разважала яна, — трэба знайсці задавальненне ў чым-небудзь прыгожым». Няма нічога добрага ў тым, каб думаць пра сябе, пра свае жорсткія валасы, пра чырвоныя павекі, пра мужчынскі немілагучны голас. Любы мужчына, нават самы звычайны жыд, быў ёй сапраўдным супернікам. Калі яна знікне з яе жыцця, прыгажуня Джанет Пардаў спакваля ператворыцца ў пустое месца, амаль не будзе існаваць, хоць і будзе па інерцыі спаць, есці, выклікаць захапленне. Аднак хутка яна зноў будзе сядзець у камфартабельным крэсле, крышыць пальцамі падсмажаны хлеб і казаць: «Ну, вядома, вы маеце рацыю. Я заўсёды адчувала гэта». Кубак задрыжаў у руцэ Мейбл Уорэн, кава пералілася цераз край і запэцкала ёй спадніцу, на якой ужо былі плямы ад тлушчу і піва. «Якая розніца, — цынічна падумала яна, — чым займаецца Джанет, калі я пра гэта не ведаю. Якая розніца, калі яна дазволіць якому-небудзь мужчыне зацягнуць сябе ў ложак, калі яна зноў вернецца да мяне». Але апошняя думка прымусіла яе скалануцца ад душэўнага болю. «Наўрад ці Джанет вернецца да старой, непрыгожай, прыдуркаватай бабы, — разважала яна. — Джанет будзе расказваць яму пра мяне, пра два гады, праведзеныя са мною, пра тыя дні, калі мы былі шчаслівыя, пра тое, якія я ўчыняла ёй сцэны, нават пра вершы, якія я ёй прысвячала. А ён будзе насміхацца, і яна будзе насміхацца, і, смеючыся, яны лягуць у ложак. Лепей мне цвёрда вырашыць, што гэта канец, што яна ніколі не вернецца да мяне пасля адпачынку. Я ж нават не ведаю дакладна, ці сапраўды яна збіраецца наведаць дзядзьку. Ну, хопіць ужо, свет на ёй клінам не сышоўся, — думала міс Уорэн, крышачы булачку і з адчаем паглядаючы на свае недагледжаныя, нязграбныя рукі. — Вось, напрыклад, гэтая дзяўчынка, яна такая ж бедная, якой была Джанет у той вечар у кінатэатры; яна такая ж чароўная, як Джанет, — проста асалода гадзінамі сядзець і назіраць за кожным рухам цудоўнага цела Джанет: Джанет робіць прычоску, Джанет пераапранае сукенку, Джанет нацягвае панчохі, Джанет змешвае кактэйль. Але, магчыма, у гэтай дзяўчынкі значна болей розуму, хай сабе пасрэднага, але вострага».

— Дарагая, ты што, утрэскалася ў гэтае дзяўчо? — весела спытала Джанет.

Цягнік гайдануўся, і з грукатам уварваўся ў тунель, і вырваўся з яго, заглушыўшы адказ Мейбл Уорэн, схапіўшы яго, як сярдзітая рука выхоплівае ліст паперы, раздзірае яго і выкідвае шматкі, і толькі на адным з іх можна прачытаць слова «Назаўсёды», — таму ніхто, апроч Мейбл Уорэн, не зможа здагадацца, што яна сказала на самой справе: ці прысягнула захаваць вернасць назаўсёды, ці заявіла, што ніхто не зможа заставацца верным назаўсёды аднаму чалавеку. І калі цягнік ізноў выйшаў на сонечнае святло, заблішчалі кафейнікі, забялелі настольнікі і сурвэткі, за вокнамі былі відаць палі, на якіх пасвіліся каровы, а потым густы ельнік, — міс Уорэн забылася, што яна хацела сказаць, бо ўвага яе была ўжо на чалавеку, які ўваходзіў у рэстаран. Яна пазнала ў ім суседа Цынера. У гэты момант дзяўчына паднялася. Яна і яе спадарожнік гаварылі так рэдка, што міс Уорэн не магла зразумець, ці знаёмыя яны адно з адным наогул. Яна спадзявалася, што яны не ведаюць адно аднаго, бо ў галаве яе ўзнік план, які дасць ёй не толькі загаварыць з дзяўчынаю, але і дапаможа ёй раз і назаўсёды прыкаваць Цынера да першай паласы газеты — атрымаецца выдатнае распяцце.