— Да пабачэння, — сказала дзяўчына.
Мейбл Уорэн, сочачы за ёй поглядам спрактыкаванай назіральніцы, заўважыла, як яе спадарожнік уцягнуў галаву ў плечы, нібыта прысаромлены звычайны зладзюжка, які, прыўзняўшыся з лавы падсудных, нясмела пратэстуе супраць несправядлівага прыгавору і робіць гэта хутчэй па звычцы, чым ад сапраўднага ўсведамлення несправядлівасці. Неспрактыкаваны назіральнік мог бы па іх тварах падумаць, што гэтая пара пасварылася, але Мейбл Уорэн разбіралася ў гэтым лепей.
— Я ўбачу вас яшчэ? — спытаў жыд, і дзяўчына адказала:
— Калі захочаце мяне ўбачыць, вы добра ведаеце, дзе мяне знайсці.
— Да пабачэння. У мяне ёсць свае справы, Джанет, — сказала Мейбл Уорэн, і яна пайшла следам за дзяўчынай з вагона-рэстарана цераз хісткі пераход паміж вагонамі, які гойдаўся з боку на бок, спатыкаючыся і трымаючыся рукой за сцены. Занятая распрацоўкай бліскучай аперацыі, яна ўжо не зважала на галаўны боль. Калі яна гаварыла, што ў яе ёсць свае справы, яна не маніла, у яе ўжо выспела бліскучая ідэя, і яе галава зараз была падобная на залітую святлом залу ў гуле зачараванага натоўпу. Усё сышлося як трэба — гэта яна добра ўсведамляла, і адразу пачала прыкідваць, якое месца ў газеце могуць даць ёй у Лондане: раней яна ніколі не друкавалася на першай паласе. У іх ёсць матэрыялы пра канферэнцыю па ўсеагульным раззбраенні, арышт пэра за растрату і жаніцьба баранета на дзяўчыне з амерыканскага вар'етэ. Ніводзін з гэтых матэрыялаў не належаў да разраду надзвычайных: перад тым як адправіцца на вакзал, яна прагледзела тэлеграфную стужку агенцтва «Навіны». «Канферэнцыю па агульным раззбраенні і дзяўчыну з вар'етэ паставяць на заднюю паласу, калі няма паведамлення пра вайну ці пра смерць караля, мой матэрыял будзе галоўны на першай паласе», — думала яна. Не зводзячы вачэй з дзяўчыны, якая ішла наперадзе, яна ўявіла сабе доктара Цынера, стомленага, у пашарпанай, старамоднай вопратцы, з высокім каўнерам і вузкім туга завязаным гальштукам, — ён сядзіць у кутку свайго купэ, абхапіўшы рукамі калені, а яна меле лухту яму наконт Белграда. «Доктар Цынер жыве», — прыкідвала яна, прыдумваючы загалоўкі. — Не, гэта не падыдзе, ужо мінула пяць гадоў, і не ўсе памятаюць яго прозвішча. «Чалавек-загадка вяртаецца»… «Як доктар Цынер пазбег смерці»… «Толькі ў нашай газеце»…
— Мілая дзяўчына! — задыхаючыся, паклікала яна, ухапіўшыся за парэнчы, — было відаць, што яе палохае чарговы пераход: грукатанне металу і скрыгат буфераў.
Голасу яе не было чуваць, таму яна мусіла была зноў паўтарыць свой зварот, гукнуўшы дзяўчыну на ўвесь голас. Гэты гучны вокрык не пасаваў да ролі, якую яна ўзяла на сябе: пажылая жанчына, у якой перахапіла дыханне. Дзяўчына азірнулася і падышла да яе. На яе прастадушным тварыку, бледным і засмучаным, можна было лёгка прачытаць усе яе пачуцці.
— Што здарылася? Вам блага? Вы захварэлі?
Міс Уорэн не зварухнулася з месца. Стоячы на другім канцы пакладзеных адзін на адзін сталёвых лістоў, яна напружана абдумвала, як паводзіць сябе з дзяўчынай.
— Ох, дарагая, як мне прыемна, што вы ангелька. Мне так блага. Я не магу перайсці да вас. Ведаю, што я баязлівая старая дурніца, — ёй было агідна, што неабходнасць вымагала яе нагадаць свой сапраўдны ўзрост, — калі б вы падалі мне руку дапамогі?
«На такую гульню мне не хапае доўгіх валасоў — выглядала б болей па-жаноцку, — думала яна, — шкада, што пальцы жоўтыя. Дзякуй богу, ад мяне ўжо не нясе джынам».
Дзяўчына зрабіла крок ёй насустрач.
— Вядома, дапамагу. Вам не трэба баяцца. Вазьміцеся за маю руку.
Міс Уорэн учапілася за руку дзяўчыны сваімі моцнымі пальцамі, нібыта сціскаючы шыю нейкага злога сабакі.
Калі яны дайшлі да наступнага калідора, яна зноў загаварыла. Шум цягніка крыху сцішыўся, і яна магла панізіць голас да хрыплага шэпту.
— Калі б у цягніку знайшоўся доктар, мая дарагая. Я так блага сябе пачуваю.
— Але ж тут ёсць доктар. Яго завуць Джон. Ноччу я самлела, і ён дапамог мне.