Выбрать главу

Яна асцярожна падняла яго і знайшла пашпарт. Ён быў на імя Рычарда Джона, прафесія — настаўнік, узрост — пяцьдзесят шэсць год. «Гэта яшчэ нічога не значыць, — думала яна. — Усе яны, падазроныя чужаземныя палітыкі, добра ведаюць, дзе купіць пашпарт». Яна паклала пашпарт туды, дзе знайшла, і пачала мацаць рукамі адзенне, прабіраючыся да сярэдзіны чамадана, да таго месца, куды не даходзяць звычайна мытнікі, — яны заўсёды правяраюць багаж знізу і збоку. Яна спадзявалася адшукаць якую-небудзь брашуру ці пісьмо, але там аказаўся толькі стары «Бедэкер»[13] выдання 1914 года — «Канстанцінопаль, Малая Азія, Балканы, Архіпелаг, Кіпр», загорнуты ў штаны. Аднак Мейбл Уорэн рабіла ўсё старанна і дакладна: мяркуючы, што яшчэ каля хвіліны ёй нічога не пагражае. Калі аглядаць ужо болей нічога не засталося, яна раскрыла «Ведэкер» — дзіўна было, чаму ён так старанна схаваны. Яна паглядзела на форзац і з расчараваннем прачытала імя Рычарда Джона, напісанае дробным няроўным почыркам — кончык пяра крэмзаў паперу. Але пад прозвішчам быў напісаны адрас: Скул Хаўс, Грэй Берчынгтан-он-Сі — яго варта было запомніць. «Кларыён» можа паслаць туды супрацоўніка ўзяць інтэрв'ю ў дырэктара школы. Пэўна, з гэтага можа атрымацца неблагі матэрыял.

Даведнік, відаць, быў куплены ў букініста, вокладка была вельмі пашарпаная, на форзацы наклейка з імем прадаўца на Чарынг-Крос-роўд. Яна разгарнула кнігу на раздзеле, прысвечаным Белграду. Там была схема горада памерам на старонку, яна была ададраная ад карашка, але ніякіх паметак на ёй не было. Міс Уорэн прагледзела кожную старонку, прысвечаную Белграду, потым кожную пра Сербію, кожную пра дзяржавы, якія цяпер уваходзяць у склад Югаславіі, — нічога там не было асабліва прыметнага, апроч чорнай кляксы. Яна кінула б пошукі, калі б не знайшла кнігу ў такім месцы. Упарта, не давяраючы сваім вачам, яна ўпэўнівала сябе, што кніга была схавана нездарма, значыцца, у ёй павінна быць тое, што трэба было схаваць. Бегла праглядаючы старонкі і прытрымліваючы іх вялікім пальцам — яны клаліся няроўна з-за мноства складзеных карт, — яна ўбачыла на адной старонцы нейкія лініі, кружочкі і трохкутнікі, накрэсленыя чарнілам паверх тэксту. Але ў тэксце ішла гаворка толькі пра нейкае невядомае мястэчка ў Малой Азіі, лініі ж маглі быць накрэмзаны няўмелай рукой дзіцяці з дапамогай лінейкі і цыркуля. Вядома, калі гэтыя лініі — нейкі код, толькі эксперт змог бы іх расшыфраваць. «Ён мяне перамог, — з нянавісцю падумала яна, прыводзячы ў парадак усё, што было ў чамадане, — тут нічога няма». Але ёй не захацелася класці «Бедэкер» назад на месца. Калі ён яго схаваў, у гэтай кнізе нешта не так. Рызыка ўжо і так была даволі вялікая, таму яна, не раздумваючы доўга, вырашыла яшчэ крыху рызыкнуць. Зачыніўшы чамадан, яна паклала яго назад на сетку, а «Бедэкер» засунула пад кофтачку і заціснула пад пахай — там можна было прытрымліваць яго збоку рукой.

Аднак вяртацца адразу на сваё месца было неразумна — яна можа сустрэць па дарозе доктара Цынера. Тут яна нагадала Куіна Сейвары, у якога збіралася ўзяць інтэрв'ю на вакзале. Твар яго быў ёй добра вядомы па фатаграфіях у «Татлеры», па карыкатурах у «Нью-Йоркеры», па накідах алоўкам у «Меркурыі». Блізарука прыплюснуўшы вочы, яна крадком глянула ўздоўж калідора, потым хутка пайшла па вагоне. У першым класе Куіна Сейвары шукаць не было чаго, але яна знайшла яго ў спальным вагоне другога класа. Уткнуўшыся падбароддзем у каўнер паліто, абхапіўшы рукою люльку, ён сачыў маленькімі бліскучымі вочкамі за тымі, хто праходзіў па калідоры. У кутку насупраць драмаў святар.

Міс Мейбл Уорэн адчыніла дзверы, увайшла ў купэ і села з упэўненым выглядам, не чакаючы запрашэння. Яна ведала, што прапануе гэтаму чалавеку тое, чаго ён сам прагне, — папулярнасць, а сама не атрымлівае нічога раўнацэннага ўзамен. Не было патрэбы звяртацца да яго лісліва, завабліваць яго намёкамі, як яна старалася завабіць доктара Цынера, бо яна магла абразіць Сейвары беспакарана, бо ад прэсы залежаў продаж яго кніг.

вернуться

13

Папулярныя і шырока распаўсюджаныя ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў даведнікі па розных краінах Эўропы, якія выдаваліся серыямі ў Германіі; названыя па імені пачынальніка серыі.