Выбрать главу

— Вы містэр Куін Сейвары? — спытала яна і краем вока ўбачыла, што святар глянуў на свайго суседа з павагай і цікаўнасцю. «Ну і ёлуп няшчасны, — падумала яна, — яго ўразіў тыраж у сто тысяч, а мы прадаём два мільёны — у дваццаць разоў болей людзей прачытаюць заўтра пра доктара Цынера». — Я карэспандэнт газеты «Кларыён». Хачу ўзяць у вас інтэрв'ю.

— Мяне гэта неяк застала неспадзеўкі, — сказаў містэр Сейвары, высунуўшы падбароддзе з-пад каўнера паліто.

— Не трэба хвалявацца, — звыкла вымавіла міс Уорэн. Яна выцягнула з сумачкі блакнот і адкрыла яго. — Толькі некалькі слоў ангельскім чытачам. Падарожнічаеце інкогніта?

— О не, не, — запярэчыў містэр Сейвары. — Я не належу да каралеўскай сям'і.

Міс Уорэн пачала пісаць.

— Куды вы едзеце?

— Ну, перш-наперш, у Канстанцінопаль, — сказаў містэр Сейвары з прамяністай усмешкаю, усцешаны цікавасцю да яго асобы. Але яе цікаўнасць ізноў перакінулася на «Бедэкер», на нядбайна накрэсленыя геаметрычныя фігуры. — Потым, магчыма, у Анкару, на Далёкі Ўсход, у Багдад, у Кітай.

— Пішаце кнігу падарожжаў?

— Ах, не, не! Мае чытачы чакаюць рамана. Ён будзе называцца «Паехалі за граніцу». Прыгода аднаго вясёлага кокні. Гэтыя краіны, іх цывілізацыі, — ён акрэсліў рукой кола ў паветры. — Германія, Турцыя, Аравія, яны будуць толькі фонам галоўнаму герою, уладальніку тытунёвай крамы ў Лондане. Разумееце?

— Вядома, разумею, — адказала міс Уорэн, хутка запісваючы: «Доктар Рычард Цынер, адзін з буйнейшых рэвалюцыйных дзеячаў пасляваеннага часу, у дарозе на радзіму, у Белград. Пяць гадоў усе лічылі яго забітым, аднак увесь гэты час ён жыў і працаваў настаўнікам у Ангельшчыне, чакаючы спрыяльных абставін». — «А якіх?» — разважала міс Уорэн.

— Ваша думка пра сучасную літаратуру? — спытала яна. — Пра Джойса, Лоўрэнса і ўсіх іншых?

— Усё гэта мода, а яна, як вядома, мінае, — экспромтам адказаў містэр Сейвары, нібыта стварыў эпіграму.

— А як наконт Шэкспіра, Чосера, Чарльза Рыда[14] і іншых?

— А вось яны будуць жыць, — урачыста вымавіў містэр Сейвары.

— А багема? Што вы пра яе думаеце? Таверна Фіцроя?[15] — «Быў выпісаны ордэр на яго арышт, — пісала яна, — але яго нельга было выкарыстаць да заканчэння судовага працэсу. Калі суд закончыўся, доктар Цынер знік. Паліцыя арганізавала назіранне за ўсімі вакзаламі і спыняла кожны аўтамабіль. Нічога дзіўнага, што неўзабаве пайшлі чуткі, нібыта доктар Цынер быў забіты агентамі ўрада».

— Вы не прыхільнік эксцэнтрычнага адзення, чорнага брыля, аксамітнай курткі і г. д.?

— Думаю, што такія экстравагантнасці губяць пісьменнікаў, — сказаў містэр Сейвары. Цяпер ён адчуваў сябе ў сваёй талерцы і, працягваючы гаворку, крадком пазіраў на святара. — Я не паэт. Паэт — індывідуаліст. Ён можа апранацца як хоча, ён залежыць толькі ад сябе самога. Празаік залежыць ад іншых людзей, ён звычайны чалавек, які здольны выказваць свае думкі. Ён — назіральнік, — працягваў містэр Сейвары, усё болей уваходзячы ў ролю папулярнага пісьменніка. — Ён павінен усё бачыць навокал, а сам мусіць заставацца непрыкметны. Калі ж людзі пачынаюць яго пазнаваць, то яны нізавошта не будуць з ім шчырыя, а пачнуць несці рознае глупства, расказваць байкі, і ніякай карысці з гэтага яму не будзе.

Аловак міс Уорэн хутка крэмзаў паперу. Цяпер, калі яна выклікала яго на размову, яна магла спакойна ўсё абдумаць — яго адказы на пытанні былі зусім ёй непатрэбныя. Яе аловак выводзіў бессэнсоўныя закруткі, прыблізна падобныя да стэнаграфічнага запісу, — трэба было пераканаць містэра Сейвары, што яго выказванні запісваюцца поўнасцю. Але пад прыкрыццём гэтых крамзоляў — рысак, кружкоў і квадрацікаў — міс Уорэн паглыбілася ў роздум. Яна разважала над усім, што тычылася «Бедэкера». Выданне 1914 года, выдатна захаванае, ім амаль што не карысталіся, калі не браць у разлік раздзела, прысвечанага Белграду: схему горада так часта бралі ў рукі, што яна адарвалася.

— Пэўна ж, вы падзяляеце мае погляды? — з трывогай спытаў містэр Сейвары. — Яны маюць вялікае значэнне. Яны, на маю думку, — адзіныя крытэрыі сапраўднай літаратуры. Разумееце, можна прытрымлівацца гэтых поглядаў і адначасова пісаць кнігі, якія разыходзяцца тыражамі ў сотні тысяч.

Міс Уорэн, узлаваная, што перарвалі яе думкі, ледзь стрымалася, каб не запярэчыць: «Можа, вы лічыце, што і мы маглі б прадаваць два мільёны экземпляраў газеты, калі б пісалі толькі праўду?»

вернуться

14

Ангельскі пісьменнік (1814–1884), аўтар гістарычных раманаў.

вернуться

15

Папулярная ў 20-30-х гадах кавярня пісьменнікаў у Лондане, у арыстакратычным раёне Соха.