Выбрать главу

— Вельмі цікава, — сказала яна. — Публіцы гэта спадабаецца. А скажыце, калі ласка, на ваш погляд, які ваш асабісты ўклад у ангельскую літаратуру? — Яна падбадзёрыла яго лагоднай усмешкай і тыцнула ў яго алоўкам.

— Гэтае, бачыце, нехта іншы павінен вызначыць, але ж кожны спадзяецца… кожны імкнецца зрабіць што-небудзь, каб адрадзіць дух высакародства і цвярозага розуму ў сучаснай літаратуры. У ёй занадта многа самасузірання, самалюбства, надта многа жудаснага, змрочнага. Увогуле, свет — прыемнае месца, дзе жывуць смелыя людзі. — Кашчавая рука, якая трымала люльку, бездапаможна паляпвала па калене. — Трэба адрадзіць дух Чосера. — Па калідоры прайшла нейкая жанчына, і на імгненне ўся ўвага містэра Сейвары перакінулася на яе, ён нібыта паплыў услед за ёю, гайдаючыся ў такт са сваёй рукой. — Чосер, — паўтарыў ён. — Чосер. — І раптам імпэт яго згас на вачах у міс Уорэн, люлька ўпала на падлогу, і, нахіліўшыся падняць яе, ён гнеўна ўсклікнуў: — Гары яно ўсё гарам! Да д'ябла!

Перад ёю паўстаў чалавек, дарэшты змораны, раззлаваны тым, што яму даводзіцца выконваць не сваю ролю, агорнуты цікаўнасцю і пажадлівасцю, чалавек, блізкі да істэрыкі. Міс Уорэн злараднічала. Нельга сцвярджаць, што яна ненавідзела асабіста яго, ёй быў ненавісны ўсякі надзвычайны поспех: будзь гэта продаж ста тысяч экземпляраў кнігі ці дасягненне хуткасці ў тры тысячы міль у гадзіну, — ва ўсіх такіх выпадках яна брала інтэрв'ю, а шчаслівец спагадліва даваў яго. Няўдачнік жа, даведзены да роспачы, — гэта зусім іншая справа, тут яна выступала ад імя абуранага грамадства, пранікала ў турэмныя камеры, у нумары раскошных гатэляў, у жабрацкія кварталы трушчоб. Тут чалавек быў цалкам пад яе ўладай, загнаны паміж пальмамі ў вазонах і піяніна, прыціснуты да вясельнай фатаграфіі і мармуровага гадзінніка. Яна нават адчувала спагаду да сваёй ахвяры, задавала ёй нязначныя, інтымныя пытанні, амаль не чуючы адказаў. «Так, сапраўды, не надта вялікая адлегласць аддзяляе містэра Куіна Сейвары, аўтара «Развясёлага жыцця», ад такога няўдальца», — задаволена падумала яна.

— Дух цвярозага розуму — гэта ваша крэда? — ухапіўшыся за яго словы, спытала яна. — Вы прынцыпова супраць адзнак «Толькі для дарослых»? Вашымі кнігамі адорваюць выдатнікаў у школах.

Насмешка яе прагучала занадта яўна.

— Я ганаруся гэтым, — сказаў ён. — Маладое пакаленне павінна выхоўвацца на здаровых традыцыях.

Яна заўважыла яго перасохлыя губы, погляд, крадком кінуты ў калідор. «Гэта я выкарыстаю, наконт здаровых традыцый, — падумала яна, — публіцы спадабаецца, Джэймсу Дугласу будзе прыемна. Ім яшчэ болей спадабаецца, калі ён дакоціцца да вулічнага прамоўцы ў Гайд-Парку, — хутчэй за ўсё так яно і будзе праз некалькі гадоў. Я дажыву да гэтага часу і нагадаю ім свае словы». Яна ганарылася сваёй здольнасцю прадбачання, аднак яшчэ не дажыла да таго часу, каб яе прадбачанне збылося. «Паглядзіце на яго зараз: на яго маршчынкі — адзнакі слабога здароўя, на тон яго голасу, жэсты — усё гэта раскажа звычайнаму чалавеку не болей, чым рысачкі і кружочкі ў «Бедэкеры», аднак супастаўце ўсё з акружэннем гэтага чалавека, з яго сябрамі, абсталяваннем яго кватэры, дзе ён жыве, і ўбачыце яго будучыню, наканаваную яму няшчасную долю.

— Божухна! — усклікнула міс Уорэн. — Нарэшце я ўсё зразумела!

Містэр Сейвары ўсхапіўся з месца:

— Што вы зразумелі? Наконт зубнога болю?

— Не, не, — сказала міс Уорэн. Яна была яму ўдзячная: дзякуючы яго размовам яе свядомасць напоўнілася святлом, якое не пакінула ніводнага зацішнага кутка, дзе б мог схавацца ад яе доктар Цынер. — Я маю на ўвазе ваша цудоўнае інтэрв'ю. Я зразумела, як трэба пра вас напісаць.

— Я ўбачу карэктуру?

— Ах, мы ж не штотыднёвік. Нашы чытачы чакаць не могуць. Яны, ведаеце, як галодныя, патрабуюць свайго біфштэкса, вырабленага з папулярнага чалавека. На карэктуры няма часу. Лонданцы будуць чытаць гэта інтэрв'ю заўтра за ранішняй кавай.

І пераканаўшы яго, што інтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, міс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзіць гэтага стомленага чалавека, які ўжо ўхапіўся за думку пра новы паўмільённы тыраж яго новай кнігі, якая ў людзей кароткая памяць — сёння яны купляюць кнігу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапіла больш буйная гульня — яна лічыла, што ўжо разгадала тайну «Бедэкера». Штуршком былі яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў «Бедэкеры», як ёй запомнілася, была тонкая і дастаткова празрыстая, калі падкласці схему пад паметкі алоўкам на папярэдняй старонцы, лініі можна бачыць наскрозь.