Выбрать главу

Старасць імкліва наступала на доктара Цынера. Раней яму здавалася, што сярод пахаў прасмоленай хвоі, у скрыпе крэйды па класнай дошцы ён займеў пяць гадоў перадышкі ад турэмнай камеры, і вось ён сядзіць у купэ экспрэса, а гэтыя гады, што адцягнулі мінулыя падзеі, усе разам наваліліся на яго, раптоўна, а не спакваля. Зараз ён быў падобны да старога, які, засынаючы, торкаецца носам, твар яго зрабіўся такі ж змрочны, як снежныя хмары пад Нюрнбергам.

— Ну, перш за ўсё, якія ў вас планы? — спытала міс Уорэн. — Мне здаецца, што вы ў многім залежыце ад трушчоб.

Ён пахітаў галавой:

— Я ні ад каго не залежу.

— Вы кіруеце ўсім?

— Я тут самы маленькі чалавек.

Міс Уорэн зласліва стукнула сябе па калене.

— Мне трэба дакладныя адказы. — І зноў пачула:

— Я вам нічога не скажу.

«Ён выглядае на ўсе семдзесят гадоў, а не на пяцьдзесят шэсць, — падумала яна, — ён пачынае глухнуць, не разумее, што я кажу». Яна была вельмі паблажлівая, яна была ўпэўненая, што перад ёй — не ўвасабленне поспеху, а хутчэй няўдачы, а няўдачніку яна магла дараваць многае, з ім яна магла быць спагадлівай і лагоднай, магла падбадзёрыць яго адрывістымі словамі, падобнымі да ціхага ржання, як толькі няўдачнік пачынаў гаварыць. Слабы чалавек часам ішоў ад яе перакананы, што яна яго найлепшы сябра. Яна нахілілася і паляпала доктара Цынера па калене, надаўшы сваёй усмешцы ўсю прыязнасць, на якую яна толькі была здатная.

— Тут мы з вамі заадно, доктар. Хіба вы не разумееце? Паслухайце, мы можам вам дапамагчы. «Грамадская думка» — вось як называюць яшчэ «Кларыён». Я ведаю, вы баіцеся, што мы не вытрымаем, што мы надрукуем карэспандэнцыю пра вас заўтра і ўрад будзе папярэджаны. Аднак абяцаю вам, мы не апублікуем ніводнага слова, нават не заікнёмся, пакуль вы не пачняце ваш спектакль. Толькі тады я буду мець права надрукаваць на самым лепшым месцы ў газеце: «Гісторыя доктара Цынера, расказаная ім самім. Выключна для «Кларыёна». Ну, хіба гэта не пераканаўча?

— Мне няма чаго сказаць.

Міс Уорэн зняла руку з калена. «Няўжо гэты няшчасны ёлупень думае, што ён зможа паўстаць паміж мной і прыбаўкай чатырох фунтаў у тыдзень, паміж мной і Джанет Пардаў», — разважала яна. Гэты стары ўпарты дурань, што сядзеў насупраць, зрабіўся для яе ўвасабленнем усіх мужчын, якія квапяцца на яе шчасце: сваімі грашыма і дробязнымі падачкамі яны ўлагоджваюць Джанет, здзекуюцца з таго, што жанчыны здатныя па-сапраўднаму кахаць адна адну. Але гэтае ўвасабленне мужчыны было пад маёй уладай, яна здольная знішчыць ушчэнт гэтае ўвасабленне. Кромвель разбіваў на друзачкі статуі, — гэта не было бяссэнсавым актам вандалізму. Нейкая сіла Багародзіцы перадавалася і яе статуі, а калі галава ў яе была адбітая, не ставала ўжо рукі і нагі, абламаныя былі сем мячоў, якія ўтыкаліся ў яе цела, то пачалі ставіць меней свечак і чытаць меней малітваў каля яе алтара. Калі хоць адзіны мужчына — доктар Цынер, напрыклад, — будзе дашчэнту знішчаны жанчынай, дык меней маладзенькіх дурніц, накшталт Корал Маскер, будуць верыць у сілу і спрыт мужчын. Аднак зважаючы на яго ўзрост і на тое, што ў нос ёй тхнуў смурод, які зыходзіць ад няўдачніка, яна дала яму яшчэ адзін шанец.

— Няма чаго?

— Няма чаго.

Міс Уорэн злосна засмяялася яму ў твар.

— Вы ўжо расказалі мне шмат чаго істотнага. — Гэтыя словы не зрабілі на яго ніякага ўражання, і яна пачала тлумачыць яму павольна і падрабязна, нібыта мела справу з разумова адсталым чалавекам: — Мы прыязджаем у Вену ў восем сорак вечара. Да дзевяці гадзін я ўжо патэлефаную ў сваю кантору ў Кёльне. Яны перададуць маю карэспандэнцыю ў Лондан да дзесяці. Матэрыял у першы лонданскі выпуск не паступае ў тыпаграфію да адзінаццаці. Нават калі паведамленне затрымаецца да трох гадзін раніцы, можна яшчэ перарабіць першую паласу. Маю карэспандэнцыю будуць чытаць у Лондане ў час снедання. Да дзевяці раніцы рэпарцёр кожнай лонданскай газеты будзе каля будынка ўрада Югаславіі. Заўтра ў першай палове дня гэты матэрыял прачытаюць у Белградзе, а цягнік прыйдзе туды не раней шостай увечары. Астатняе ўявіць няцяжка. Падумайце пра тое, што я змагу расказаць. Доктар Цынер, вядомы бунтар-сацыяліст, які пяць гадоў таму ўцёк з Белграда пад час суду над Камнецам, вяртаецца на радзіму. У панядзелак ён сеў на Ўсходні экспрэс у Остэндэ, цягнік прыбывае ў Белград сёння ўвечары. Лічаць, што яго прыезд звязаны з узброеным паўстаннем на чале з сацыялістамі, якое пачнецца ў раёне трушчоб, дзе ніколі не згасала памяць пра доктара Цынера. Магчыма, будзе зроблена спроба захапіць вакзал, паштамт і турму. — Міс Уорэн зрабіла кароткую паўзу. — Вось такую гісторыю я адпраўлю тэлеграфам. Але калі вы дадзіце якія-небудзь дадатковыя звесткі, я папрашу іх прытрымаць маю карэспандэнцыю, пакуль вы не дазволіце надрукаваць яе. Я прапаную вам сумленную здзелку.