— Кажу вам, што я выходжу ў Вене.
— Я вам не веру.
Доктар Цынер глыбока ўздыхнуў, разглядваючы праз акно шэраг заводскіх труб і вялізны чорны металічны цыліндр на фоне шэрага, з водбліскамі, неба. Купэ напоўнілася пахам газы. На невялікіх агародных дзялянках, нягледзячы на атручанае паветра, расла капуста, вялізныя качаны блішчалі ад інею.
— У мяне няма падстаў баяцца вас, — сказаў ён вельмі ціха, і ёй давялося нахіліцца наперад, каб разабраць яго словы.
Голас яго гучаў прыглушана, але ён быў упэўнены ў сабе, і яго спакой дзейнічаў ёй на нервы. Яна абуралася ўсхвалявана і злосна, нібыта перад ёю быў злачынец на лаве падсудных — чалавек, які толькі што плакаў уголас, схаваўшыся за пальмай у вазоне, і раптам выявілася, што ў яго яшчэ ёсць патаемная крыніца сілы.
— Я магу зрабіць з вамі ўсё, што захачу.
— Здаецца, пойдзе снег, — павольна вымавіў доктар Цынер. Цягнік упаўзаў у Нюрнберг, і ў агромістых паравозах, што стаялі абапал, адлюстроўвалася поўнае вільгаці сталёвае неба. — Не, вы нічым не зможаце пашкодзіць мне. — Яна пастукала пальцам па «Бедэкеры», і ён сказаў з лёгкім гумарам: — Пакіньце яго сабе на памяць пра нашу сустрэчу.
Тут яна канчаткова ўсвядоміла, што тое, чаго яна баялася, спраўдзілася: ён выслізнуў ад яе. Разлютаваная, яна ўтаропілася ў яго. «Калі б толькі я магла зрабіць яму хоць якую-небудзь шкоду», — злосна падумала яна, нібыта ўбачыўшы ў люстры за яго спінай сваю ўдачу ў вобразе Джанет Пардаў, якая адыходзіла прэч, прыгожая і вольная, па доўгіх вуліцах і холах шыкоўных гатэляў. «Калі б я толькі магла зрабіць яму хоць якую-небудзь шкоду».
Яе яшчэ болей узлавала тое, што ў яе адняло мову, а доктар Цынер па-ранейшаму валодаў сабой. Ён падаў ёй газету і спытаў:
— Вы чытаеце па-нямецку? Тады прачытайце вось гэта.
Увесь час, пакуль цягнік стаяў на вакзале ў Нюрнбергу, доўгія дваццаць хвілін, яна прасядзела, утаропіўшыся ў газету. Паведамленне, апублікаванае ў ёй, ушчэнт раззлавала яе. Яна думала знайсці там навіны пра якое-небудзь незвычайнае дасягненне, пра адрачэнне якогась караля, пра дзяржаўны пераварот, пра патрабаванне народа вярнуць доктара Цынера — гэта дазволіла б яму даць ёй інтэрв'ю ў паблажлівым тоне. Тое, што яна прачытала, уразіла яе болей за ўсё — паражэнне паўстання ў Белградзе: ён зусім вызваляўся з-пад яе ўлады. Шмат разоў яе абводзілі вакол пальца тыя, хто дасягнуў поспеху, але ніколі — той, хто пацярпеў паражэнне.
«Узброенае паўстанне камуністаў у Белградзе, — чытала яна. — Учора позна ноччу банда ўзброеных камуністычных бунтаўшчыкоў зрабіла спробу захапіць вакзал і турму ў Белградзе. Паліцыя была заспета знянацку, і амаль тры гадзіны бунтаўшчыкі бесперашкодна ўтрымлівалі галоўны паштамт і таварны склад. Сёння ўся тэлеграфная сувязь з Белградам была перапынена да раніцы. Аднак а другой гадзіне наш прадстаўнік у Вене гаварыў па тэлефоне з палкоўнікам Хартэпам, начальнікам паліцыі, і даведаўся, што парадак у горадзе адноўлены. Колькасць паўстанцаў была нязначная, і ў іх не было сапраўднага правадыра, іх напад на турму адбілі ахоўнікі, а пасля гэтага некалькі гадзін яны заставаліся ў будынку паштамта, не праяўляючы ніякай актыўнасці, відаць, спадзяваліся, што жыхары раёнаў, населеных беднякамі, прыйдуць ім на дапамогу. Тым часам урад змог паслаць дадатковыя падмацаванні паліцыі, і з дапамогай узвода салдат і дзвюх палявых гармат паліцэйскія адбілі паштамт пасля асады, якая працягвалася не болей чвэрці гадзіны». Гэтае кароткае паведамленне было надрукавана буйным шрыфтам, а ніжэй, дробным шрыфтам, давалася падрабязнае апісанне ўзброенага паўстання.
Міс Уорэн сядзела, утаропіўшыся ў газету, яна крыху насупілася і адчувала, што ў яе перасохла ў горле. Доктар Цынер растлумачыў:
— Яны выступілі на тры дні раней.
— А чым бы вы ім дапамаглі? — агрызнулася міс Уорэн.
— Людзі з трушчоб пайшлі б за мной.
— Яны даўно забыліся пра вас. Пяць гадоў — гэта процьма часу. Маладыя людзі былі яшчэ дзеці, калі вы ўцяклі.