Міма праплывалі твары, ад якіх яго аддзяляла выратавальная браня шкла. Нават тоўстае футра не бараніла яго ад холаду і сырасці, а калі ён павярнуў ручку ацяплення, шыба акна затуманілася ад яго дыхання, і неўзабаве ён мог распазнаваць невыразныя рысы тых, хто праходзіў па пероне за вагонным акном: сярдзіты позірк вока, ружавата-ліловая шаўковая сукенка, каўнер святара. Толькі аднойчы ў яго з'явілася жаданне развеяць сваю адзіноту — ён працёр шыбу далоняй і ўбачыў зграбную постаць дзяўчыны ў белым плашчы, якая прайшла па калідоры да вагона другога класа. Адзін раз дзверы адчыніліся, і ў купэ заглянуў пажылы мужчына. У яго былі сівыя вусы, акуляры і пацёрты мяккі капялюш. Майет сказаў яму па-французску, што купэ занятае.
— Адно месца, — сказаў мужчына.
— Відаць, вам трэба купэ другога класа? — спытаў Майет, але мужчына адмоўна пакруціў галавой і пайшоў далей.
Містэр Оўпі выгодна ўладкаваўся ў сваім кутку і пачаў з цікаўнасцю, хоць і з некаторым расчараваннем, разглядваць невялікага бледнага мужчыну, які сядзеў насупраць. Знешне сусед быў надзвычай непрыкметны, колер яго твару выдаваў нейкую хваробу. «Нервы», — падумаў містэр Оўпі, заўважыўшы, як пацепваюцца яго пальцы, аднак у іх не было ніякіх знешніх адзнак павышанай чуллівасці — яны былі кароткія, грубаватыя і тоўстыя.
— Я заўсёды лічу, — сказаў містэр Оўпі, спрабуючы пераканацца, што яму так не пашанцавала са спадарожнікам, — калі вам удалося дастаць месца ў спальным купэ, зусім няма ніякай патрэбы ехаць у першым класе. Вагоны другога класа даволі камфартабельныя.
— Так… вы маеце рацыю… так, — жыва адгукнуўся сусед. — Аднак адкуль вы даведаліся, што я ангелец?
— У мяне такі звычай, — адказаў містэр Оўпі з усмешкай, — заўсёды думаць пра людзей лепшае.
— Вядома, — сказаў бледны мужчына, — вы як святар…
Звонку пачуліся галасы хлапчукоў-газетчыкаў, і містэр Оўпі высунуўся з акна.
— «Lе Теmрs dе Lоndrеs». Qu'еst quе с'еst que (a? Rіеn du tout? «Lе Маtin» et un «Dаіlу Маіl». С'еst bоn. Меrсі[3].
Яго французская мова здавалася іншым перапоўненай фразамі з школьных падручнікаў — вымаўляў ён іх з яўнай асалодай, аднак не зусім правільна.
— Соmbіеn est сеlа? Тrоіs frаnсе. Оh lа-lа[4].
— Можа, вам патрэбна мая дапамога? — прапанаваў ён чалавеку з бледным тварам. — Якую газету вы хочаце? Пэўна, «Lа Vіе»[5].
— Не, не трэба мне ніякай газеты, дзякуй. У мяне ёсць кніга.
Містэр Оўпі глянуў на гадзіннік.
— У нас засталося яшчэ тры хвіліны.
Некалькі хвілін дзяўчына баялася, што ён распачне гаворку ці, пэўна, гэтая высокая хударлявая жанчына, яго жонка. Крышку памаўчаць — вось чаго ёй зараз хацелася болей за ўсё на свеце. «Калі б я магла дазволіць сабе спальны вагон, — разважала яна, — цікава, ці была б я там у купэ адна?» У цёмным купэ запалілі лямпачкі, і мажны мужчына зазначыў:
— Ну, цяпер ужо хутка паедзем.
Паветра ў купэ было напоўнена пылам і вільгаццю. Мігаценне святла звонку нагадала ёй на імгненне штосьці знаёмае і звыклае: электрычныя агні рэкламы, што загараліся і змяняліся над уваходам у тэатр на Хай-стрыт у Нотынгеме. Мітусня натоўпу на пероне, беганіна хлапчукоў-газетчыкаў і і насільшчыкаў нагадалі ёй «гусіны кірмаш», і яна засяродзілася на ўспаміне пра рынак, намагаючыся ўзнавіць яго цагляныя будынкі, драўляныя лаўкі ў дэталях, каб ён стаў такім самым рэальным, як і сцюдзёная, абмытая дажджом прыстань і зменлівыя агні святлафораў. З утульнага свету фантазіі ў рэчаіснасць яе вярнуў мужчына, які загаварыў з ёй, і дзяўчына мусіла надзець на сябе маску зычлівасці і весялосці.
— Ну, міс, у нас наперадзе доўгае падарожжа разам. Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Пітэрс, а гэта мая жонка Эймі.
— Мяне завуць Корал Маскер.
— Купі мне сандвіч, — папрасіла хударлявая жанчына. — Я такая галодная, што чую, як мае кішкі граюць марш.
— Можа, вы гэта зробіце, міс? Я не ведаю французскай мовы.
«Чаму вы думаеце, што я яе ведаю? — яна амаль не крыкнула яму ў адказ. — Я ніколі не была за межамі Ангельшчыны». Але яна прызвычаілася заўсёды браць на сябе адказнасць, калі б і ў якой бы форме яна на яе ні звальвалася, таму яна не выказала ўголас ніякага пратэсту, адчыніла дзверы і пабегла б па слізкай цёмнай дарозе паміж рэйкамі, шукаючы таго, чаго ён хацеў, калі б не глянула на гадзіннік.
3
Лонданскую «Таймс». Што такое? Няма нічога? «Матэн» і «Дэйлі Мейл». Добра. Дзякуй