«Пяць гадоў!» — падумала яна, уяўляючы, як яны няўхільна наваляцца на яе ў будучым, дні, падобныя на бясконцыя дажджы ў сырую зіму. У думках перад ёю паўстаў твар Джанет Пардаў, устрывожанай першымі маршчынамі, першымі сівымі валасамі альбо тым, у што ператвараецца яе гладкая пасля пластычнай аперацыі скура і чорныя пафарбаваныя валасы, сівыя карані якіх вылазяць кожныя тры тыдні.
— Што вы зараз збіраецеся рабіць? — спыталася яна, і яго хуткі і лаканічны адказ: «Я выходжу ў Вене», — выклікаў у яе падазрэнне. — Вось і добра, выйдзем разам і пагутарым далей. Цяпер ужо ў вас не будзе пярэчанняў супраць інтэрв'ю. Калі вам спатрэбяцца грошы, наша бюро ў Вене пазычыць вам. Яна адчувала, што ён глядзіць на яе больш пільна, чым раней.
— Там, пэўна, можна будзе пагаварыць, — павольна сказаў ён.
Зараз яна была ўпэўнена, што ён гаворыць няпраўду. «Ён збіраецца заблытаць след», — думала яна, але намеры яго адгадаць было цяжка. Яму трэба выйсці ў Вене ці ў Будапешце, далей ехаць было б даволі небяспечна. Але тут яна ўспомніла яго на судовым працэсе над Камнецам: цвёрда ўпэўнены ў тым, што ніякія прысяжныя не асудзяць генерала, ён усё-такі даў свае небяспечныя, але дарэмныя паказанні ў той час, як Хартэп чакаў яго з ордэрам на арышт. «Яму хопіць дурасці, каб пайсці на ўсё», — разважала яна, і ёй прыйшло ў галаву, што, пэўна, пад маскай спакойнага чалавека ён ужо ў думках на лаве падсудных разам са сваімі аднадумцамі і прамаўляе апошняе слова, не зводзячы вачэй з перапоўненай галерэі. «Калі ён паедзе далей, — вырашыла яна, — я паеду з ім. Я свайго даб'юся. І дастану пра яго матэрыял». Аднак яна адчула дзіўную слабасць і няўпэўненасць у сабе — яна ж не магла болей пагражаць яму. Глыбокі стары, ён быў пераможаны, загнаны ў кут. На пыльнай падлозе валялася газета, і ўсё-такі ён атрымаў перамогу. Сочачы за тым, як яна выходзіць з купэ, забыўшыся пра «Бедэкер», ён адказаў маўчаннем на яе развітальныя словы:
— Убачымся ў Вене.
Калі міс Уорэн выйшла, доктар Цынер нахіліўся за газетай і зачапіў рукавом пустую шклянку, яна ўпала на падлогу і разбілася. Далонь яго легла на газету, а ён утаропіўся ў разбітую шклянку, не маючы сілы сабрацца з думкамі, не маючы сілы вырашыць, што ж яму рабіць далей — ці падняць газету, ці пазбіраць вострыя чарапкі. Потым ён паклаў акуратна складзеную газету на калені і заплюшчыў вочы. Падрабязнасці той карэспандэнцыі, якую прачытала міс Уорэн, азмрочвалі яго душу. Ён ведаў кожны паварот лесвіцы на паштамце, мог дакладна ўявіць сабе, дзе была пабудавана барыкада. «Яны разгубіліся, ідыёты», — падумаў ён, імкнучыся выклікаць у сябе нянавісць да тых людзей, якія знішчылі яго надзеі. А з імі разам зруйнавалі і яго самога. Яны кінулі яго ў пустым будынку, дзе ніхто не хацеў жыць, бо ў пакоях зрэдку чуліся галасы людзей, што жылі там раней, і сам доктар Цынер апошнім часам ператварыўся ў прывід.
Калі часам чыйсьці твар зазіраў у акно, ці чыйсьці голас даносіўся з верхняга паверха, ці шамацеў дыван, гэта мог быць прывід доктара Цынера — усе пяць змарнаваных гадоў ён шукаў магчымасць вярнуцца да рэальнага жыцця, ён пракладаў сабе шлях, абыходзячы вуглы партаў, стаяў, як прывід, перад класнай дошкаю і вучнямі-неслухамі, кленчыў на набажэнстве, хоць у ранейшым жыцці ў бога не верыў, і маліў бога разам з шматгалосым натоўпам багаславіць яго, адпусціць яго душу на пакаянне.
Часам здавалася, што прывід здольны вярнуцца да жыцця, бо ён ведаў, што і ў выглядзе здані ён можа адчуваць душэўныя пакуты. У гэтай здані былі ўспаміны, ён мог згадаць таго доктара Цынера, якога так любіў просты народ, што ўлады мусілі былі наняць забойцу, каб прастрэліць яму галаву з рэвальвера. Успамінамі пра гэтую падзею ён вельмі ганарыўся: неяк ён сядзеў у піўной, у тым куточку парку, які асабліва любілі беднякі, і пачуў стрэл, які разбіў люстра за яго спінай. Ён высока ацаніў гэты стрэл, як пераканаўчае пацвярджэнне гарачай любові да яго беднякоў. Але прывід Цынера, які знаходзіў надзейны прытулак, калі ўсходні вецер дзьмуў уздоўж берага і шэрае мора шпурляла гальку, навучыўся аплакваць гэтыя ўспаміны, а потым вяртацца ў школьны будынак з чырвонай цэглы, да гарбаты і вучняў, якія ўтыкалі ў яго вышчарбленыя стрэлы пакут. Пасля вячэрні, звыклых гімнаў і поціскаў рук прывід Цынера зноў дакрануўся да плоці Цынера — гэты дотык быў адзінае, што прыносіла яму душэўны спакой. Цяпер не засталося нічога іншага, як выйсці ў Вене і вярнуцца назад. Праз дзевяць дзён тыя самыя галасы школьнікаў запяюць: «Божа, даруй нам тваё багаславенне. Нам, што зноў сабраліся тут».