Доктар Цынер перагарнуў старонку газеты і крыху пачытаў. Самым моцным пачуццём да гэтых блытанікаў была зайздрасць: ён не мог ненавідзець, калі прыгадваў падрабязнасці, якія ніводзін карэспандэнт не палічыў патрэбным прывесці: чалавек, які стрэліў, выкарыстаўшы свой апошні патрон, а потым яго праткнулі штыхом каля сарціравальнай залы, быў ляўко, ён любіў журботную музыку Дэліуса, кампазітара, які не верыў ні ўва што, апроч смерці. А ў другога, таго, што выскачыў з акна трэцяга паверха тэлефоннай станцыі, была жонка, скалечаная і аслеплая пасля аварыі на фабрыцы; ён кахаў яе, але неяк маркотна, без асаблівага імпэту, часта здраджваў ёй.
«Ну, што мне засталося рабіць?» Доктар Цынер адклаў газету і пачаў хадзіць па купэ: тры крокі да дзвярэй, тры крокі да акна, туды і назад. Падалі рэдкія камякі снегу, але вецер гнаў іх назад, міма акна, у дым паравоза, і нават тады, калі шлапкі снег наліпаў да акна, ён быў ужо шэры, як шматкі газеты. Але футаў на шэсцьсот вышэй, на пагорках, схілы якіх спускаліся да палатна чыгункі ў Нейемаркеце, снег быў падобны да клумбаў белых кветак. «Калі б яны крыху пачакалі, калі б яны толькі пачакалі!» — думаў доктар Цынер, і ў думках ён вяртаўся да загінуўшых, да тых, хто выжыў і павінен быў паўстаць перад судом. Ён зразумеў, што лёгкага выйсця з гэтага становішча яму няма, і гэта так узрушыла яго, што ён усхвалявана прашаптаў: «Я павінен ехаць да іх». — «Ну, і які ў гэтым сэнс?» ён ізноў прысеў і распачаў спрэчку сам з сабой, даводзячы, што такі ўчынак дасць рэальную карысць. «Калі я здамся і паўстану перад судом разам з імі, свет прыслухаецца да майго апошняга слова так, як ніколі не стаў бы слухаць мяне, калі б я быў у бяспецы ў Ангельшчыне». Рашэнне, да якога ён прыйшоў, падбадзёрыла яго, надзея мацнела. «Яны паўстануць, каб уратаваць мяне, хоць і не паўсталі ў імя выратавання іншых», — думаў ён. Прывід Цынера зноў рабіўся зямной істотай, і цёплыя пачуцці растапілі застылую адлучанасць ад жыцця.
Але шмат чаго трэба абдумаць. Перш за ўсё трэба адчапіцца ад карэспандэнткі. Ён павінен увінуцца ад яе ў Вене, тут асаблівых цяжкасцей ён не бачыў: цягнік прыходзіць не раней дзевяці гадзін, а яна, напэўна, да гэтага позняга для яе часу нап'ецца. Ён перасмыкнуўся ад холаду і ад думкі пра далейшыя размовы з гэтай небяспечнай жанчынай, ад яе хрыплага голасу. «Ну што ж, у яе джала вырвана, — падумаў ён, беручы ў рукі «Бедэкер» і не ўтрымаўшы газету, якая склізганула на падлогу. — Пэўна, яна ненавідзіць мяне, цікава — за што? Відаць, тут крыецца нейкая незразумелая прафесійная гордасць. Мне, бадай, трэба вярнуцца ў сваё купэ». Але, дайшоўшы да купэ, ён працягваў хадзіць па калідоры, заклаўшы рукі за спіну, з «Бедэкерам» пад пахай, захоплены думкай пра тое, што гады жыцця, калі панавала здань, скончыліся. «Я зноў жывы, — думаў ён, — бо я ўсведамляю, разумею, што, хутчэй за ўсё, мяне чакае смерць, амаль напэўна: наўрад ці мне зноў дадуць магчымасць пазбегнуць яе, калі я пачну абараняць сябе і астатніх хай сабе нават і анёльскімі прамовамі». Знаёмыя твары паварочваліся да яго, калі ён праходзіў міма, але нікому не ўдалося спыніць яго роздум. «Мне страшна, — паўтараў ён сабе з радасцю, — мне страшна».
2
— Вы той самы Куін Сейвары? — спытала Джанет Пардаў.
— Так, — сказаў містэр Сейвары. — Другога я не ведаю.
— «Развясёлая віхура»?
— «Развясёлае жыццё», — рэзка паправіў яе містэр Сейвары. — «Развясёлае жыццё». — Ён узяў яе пад руку і павёў па калідоры. — Якраз наспеў час выпіць шэры. Падумаць толькі, вы сваячка той жанчыны, якая брала ў мяне інтэрв'ю. Дачка? Пляменніца?
— Ну, не зусім сваячка, — адказала Джанет Пардаў. — Яе кампаньёнка.
— А вось гэтая роля вам зусім не пасуе. — Пальцы містэра Сейвары моцна паціснулі ёй руку. — Вам трэба знайсці іншую працу. Вы надта маладая. Гэта пашкодзіць вашаму здароўю.
— Вы маеце рацыю, — сказала Джанет Пардаў, на хвілінку спыніўшыся ў канцы калідора і кінуўшы на яго погляд, поўны захаплення.
Міс Уорэн пісала пісьмо, аднак заўважыла, як яны прайшлі міма. На каленях у яе быў блакнот, аўтаручка скакала па паперы, крэмзаючы яе і пырскаючы чарнілам.
«Дарагі кузен Кон, — пісала яна. — Пішу табе пісьмо проста таму, што няма чаго рабіць. Пішу ва Ўсходнім экспрэсе, але да Канстанцінопаля я не паеду, выходжу ў Вене. Аднак пра гэта другім разам. Ці можаш ты купіць мне пяць ярдаў шаўковага аксаміту на парцьеры ружовага колеру? Я зноў збіраюся рабіць рамонт у кватэры, пакуль няма Джанет. Яна едзе ў гэтым самым цягніку, але мы расстанемся ў Вене. Добры занятак я сабе прыдбала — паляваць на ненавіснага старыкана амаль па ўсёй Эўропе. «Развясёлае жыццё» ў гэтым цягніку, але ж ты, вядома, не вялікі ахвотнік да кніг. А яшчэ ёсць даволі міленькая танцоўшчыца Корал, якую я хацела б мець сваёй кампаньёнкай. Усё ніяк не магу вырашыць, рамантаваць кватэру ці не. Джанет сказала, што едзе ўсяго на тыдзень. Ні ў якім разе не плаці болей, як па восем адзінаццаць за ярд. Мне, думаю, прыдасца і блакітны, але ні ў якім разе не сіні, вядома. Чалавек, якога я ўзгадала, — пісала міс Уорэн, кідаючы позіркі на Джанет Пардаў і крэмзаючы пяром, — лічыць, што ён разумнейшы за мяне, аднак ты ведаеш, Кон, не горш за мяне, што я магу абвесці вакол пальца любога, хто так думае. Джанет — сцерва. Я збіраюся ўзяць новую кампаньёнку. У гэтым цягніку едзе маленькая актрыса, яна б мне падышла. Паглядзеў бы ты на яе, Кон, — цудоўная фігурка, а ножкі зграбныя. Усё-такі я думаю, што трэба прывесці кватэру да ладу. Вось яшчэ што. Можаш даць за той аксаміт на парцьеры дзесяць-адзінаццаць, але не болей. Магчыма, я паеду да Белграда, так што пачакай, пакуль я не напішу табе яшчэ. Джанет, здаецца, заляцаецца да гэтага тыпа Сейвары, але я магу яму зладзіць «развясёлае жыццё», калі захачу. Да пабачэння, беражы сябе. Перадавай прывітанне Эліс. Спадзяюся, яна лепей даглядае цябе, чым мяне Джанет. Табе заўсёды болей шанцавала, чым мне, але калі ўбачыш Корал… Богам прашу, не забудзься пра гэты аксаміт на парцьеры. З любоўю да цябе, Мейбл. Р.S. Да цябе ўжо дайшлі весткі, што дзядзька Джон раптоўна памёр амаль каля майго парога?»