Выбрать главу

Пяро міс Уорэн скончыла пісьмо вялізнай кляксай. Яна абвяла яе тоўстай лініяй і напісала: «Прашу прабачэння». Потым выцерла пяро спадніцай і націснула званок, каб выклікаць афіцыянта. У роце ў яе страшэнна перасохла. Яна пакутавала ад смагі.

Корал Маскер крыху пастаяла на калідоры, назіраючы за Майетам і разважаючы, наколькі сур'ёзнай была прапанова Мейбл Уорэн. Майет сядзеў, нахіліўшы галаву над стосам папер, аловак яго бегаў уверх і ўніз па слупках лічбаў, увесь час вяртаючыся да адной. Потым ён паклаў аловак і абхапіў галаву рукамі. На імгненне яна адчула да яго спагаду і адначасова ўдзячнасць. Калі не было відно яго праніклівага позірку, ён быў падобны да вучня, які шчыраваў над хатнім заданнем, якое ніяк не выходзіла. Яна заўважыла, што ён зняў пальчаткі, каб было зручней трымаць аловак, і яго пальцы ссінелі ад холаду; нават яго шыкоўнае футра здавалася ёй вартым жалю — ад яго не было ніякай карысці. Футра не дапамагло яму рашыць задачкі ці сагрэць яго пальцы.

Корал адчыніла дзверы і ўвайшла ў купэ. Ён узняў вочы і ўсміхнуўся ёй, не спыняючы працы. Ёй карцела адабраць у яго працу, падказаць яму правільнае рашэнне і папярэдзіць. «А хто яму дапамог? Маці? Сястра? Вядома ж, не такая далёкая сваячка, як стрыечная сястра», — разважала яна, прысаджваючыся на лаўку. Натуральнасць яе маўчання сведчыла пра тое, якія яны блізкія адно да аднаго.

Калі ёй надакучыла сачыць праз акно за снегападам, яна загаварыла з ім:

— Вы сказалі, што я магу сюды прыходзіць, калі захачу.

— Вядома.

— Я пачувала сябе проста свіннёй, — раптам пайшла, нават не падзякаваўшы вам. Вы праявілі да мяне такую дабрыню ўчора ўвечары.

— Я не мог уявіць сабе, што вы застанецеся сам-насам з тым мужчынам, калі вам зрабілася дрэнна, — сказаў ён, нецярпліва пастукваючы алоўкам. — Вам патрэбны быў добры сон.

— Аднак усё-такі чаму вы праяўляеце да мяне такую цікавасць?

І пачула фатальны няўхільны адказ:

— Мне здаецца, што я вас вельмі добра ведаю.

Ён адразу ж вярнуўся да працы, калі б не яе маркотнае маўчанне. Яна разумела, што ён заклапочаны, здзіўлены і крышку збянтэжаны. «Ён падумаў, што я хачу прымусіць яго пераспаць са мной, — падумала яна і адразу ж спыталася ў сябе: — А ці хачу я? Ці хачу сапраўды?» Калі б ён крыху ўзлахмаціў ёй валасы, хутка расшпіліў сукенку, прыпаў губамі да яе грудзей, дык зрабіўся б ва ўсім падобны да тых іншых маладых людзей, якіх яна ведала. «Я ў даўгу перад ім, і мне трэба гэта яму дазволіць», — думала яна, але вопыт іншых жанчын ізноў нагадаў ёй пра тое, што гэтага не хопіць, каб аплаціць доўг цалкам. «Аднак як жа мне аплаціць гэты доўг, — разважала яна, — калі ён не патрабуе ніякай платы?» Але сама па сабе толькі думка пра тое, каб заняцца гэтай невядомай ёй справай, калі яна не п'яная, як, на яе думку, бываюць п'яныя іншыя жанчыны, не адчуваючы палымянай страсці, а проста з пачуцця ўдзячнасці, — кідала яе ў холад, мацнейшы, чым ад выгляду снегу, што валіў за акном. Яна нават не ведала, як сябе паводзіць, ці застацца з ім на ўсю ноч, ці трэба здымаць з сябе ўсё ў гэтым халодным купэ. Але тут жа пачала суцяшаць сябе, што ён, як усе іншыя яе знаёмыя, задаволіцца малым, ён проста вельмі шчодры.