Яе разабраў кашаль, але паміж прыступамі кашлю яна паведаміла:
— Ён на дзяжурстве да поўначы. Ты хутка ўжо, Антон?
Ёзеф скрывіўся.
— Ганна, любая, я ўжо распранаюся.
Праз адчыненае акно ў пакой урываўся шум чыгункі, бесперапынку гудзелі аўтамабілі. Ёзеф высунуўся за акно і кінуў позірк на вуліцу. Таксі з пасажырамі і багажом сноўдалі па ўсіх напрамках, але ён не звяртаў увагі ні на таксі, ні на мігатлівыя агні рэкламы, ні на звон шклянак у кавярні якраз пад ім. Ён углядаўся ў тратуар унізе: там зараз было няшмат прахожых — надышоў час вячэры, тэатра, кіно. Паліцейскіх нідзе не было відно.
— Антон!
— Сціхні ты! — агрызнуўся ён і завесіў штору, каб нельга было ўбачыць яго з другога боку вуліцы.
Ён ведаў дакладна месца, дзе сейф быў уманціраваны ў сцяну. Спатрэбілася адзін раз павячэраць з Ганнай у кавярні, звадзіць яе ў кіно, некалькі разоў выпіць з ёю — і ўсе звесткі былі атрыманы. Аднак ён пабаяўся спытаць у яе камбінацыю лічбаў: яна магла здагадацца, што не толькі ад яе чараў ён узлез па абледзянелым даху ў яе пакой. З кніжнай шафы за пісьмовым сталом ён выцягнуў шэсць тоўстых тамоў «Эксплуатацыі чыгункі». За кнігамі былі схаваныя сталёвыя дзверцы сейфа. Розум Ёзефа Грунліха працаваў зараз ясна і дакладна, рухаўся ён упэўнена і няспешна. Перш чым прыступіць да працы, ён паглядзеў на гадзіннік — дзесяць хвілін на дзесятую — і разлічыў, што яшчэ можна тут заставацца паўгадзіны. «Процьма часу, — падумаў ён і прыціснуў мокры вялікі палец да дзверцаў сейфа. — Сталь таўшчынёй не болей за паўдзюйма». Паклаўшы сумку на пісьмовы стол, ён дастаў з яе інструменты. Зубілы былі ў ідэальным стане, добра адпаліраваныя, з вострымі канцамі. Ёзеф ганарыўся высокай якасцю сваіх інструментаў гэтаксама, як і хуткасцю, з якой ён працаваў імі. Можна было ўзламаць такую тонкую сталь ломікам, але Ганна пачуе грукат, а ёй ён не давяраў — яшчэ раптам крык падыме. Таму ён распаліў маленькую паяльную лямпу ў выглядзе трубкі, папярэдне надзеўшы цёмныя акуляры, каб засцерагчы вочы ад асляпляльнага святла. З першым жа шалёным выбухам полымя ўсе рэчы ў пакоі вылучыліся з цемры, спякота дыхнула яму ў твар, і сталёвыя дзверцы пачалі шыпець, як алей на гарачай патэльні.
— Антон! — жанчына пачала трэсці ручку дзвярэй у спальні. — Антон! Што ты там робіш? Навошта ты мяне замкнуў?
— Сціхні! — крыкнуў ён ёй скрозь нягучнае гудзенне полымя.
Ён чуў, як Ганна абмацвае замок і паварочвае ручку. Потым яна запатрабавала яшчэ раз:
— Антон, выпусці мяне!
Варта было яму адняць губы ад трубкі, як полымя імгненна сціхала. Спадзеючыся на баязлівасць гэтай дурніцы, ён раз'юшана крыкнуў:
— Сціхні! Іначай скручу табе шыю!
З хвілінку панавала цішыня, полымя павялічылася, ад спёкі сталёвыя дзверцы зрабіліся з чырвоных белыя, і тут Ганна закрычала што ёсць сілы:
— Я ведаю, чым ты там займаешся, Антон! — Ёзеф шчыльней прыціснуў губы да трубкі, не звяртаючы ўвагі на Ганну, але наступны яе выкрык напалохаў яго: — Ты каля сейфа, Антон!
Яна зноў пачала бразгаць ручкай, і ён мусіў быў прытушыць полымя і крыкнуць ёй:
— Сціхні! Іначай, як сказаў, так і зраблю. Скручу тваю паганую шыю, старая сука!
Голас яе зрабіўся цішэйшы, але ён дакладна чуў кожнае яе слова — пэўна, яна прыціснула губы да замочнай шчыліны:
— Не трэба, не трэба так казаць, Антон. Паслухай, выпусці мяне. Мне трэба табе нешта сказаць, папярэдзіць цябе. — Ён нічога ёй не адказаў, раздзьмухваючы полымя і даводзячы сталь да белага напалу. — Я сказала табе няпраўду, Антон. Выпусці мяне. Гер Кольбер зараз павінен вярнуцца.
Ён прыглушыў трубку і, усхапіўшыся, павярнуўся да дзвярэй:
— Пра што гэта ты?
— Я думала, што ты не прыйдзеш, калі даведаешся пра гэта. На каханне нам бы хапіла часу. Паўгадзінкі. А калі б нават ён і завітаў раней, мы маглі б паляжаць ціхенька.
Мозг Ёзефа зрэагаваў імгненна, ён не стаў марнаваць час на праклёны, а патушыў трубку, паклаў яе зноў у сумку разам з зубіламі, ломікам, адмычкай і бляшанкай з перцам. Не раздумваючы, ён адмовіўся ад адной з самых лёгкіх здабыч у сваёй зладзейскай кар'еры, аднак жа нездарма ён заўсёды ганарыўся тым, што пазбягае ўсякай рызыкі. Яго ні разу яшчэ не злавілі. Зрэдку ён працаваў з напарнікам, і напарнікі пападаліся, але зла на яго не трымалі. Яны разумелі, якога выдатнага рэкорду дасягнуў Ёзеф, і ішлі ў турму, гордыя тым, што яму ўдалося збегчы, а потым у размовах з сябрамі звычайна так пра яго гаварылі: «Гэта ж Ёзеф! За пяць год ён ні разу не трапіў за краты».
Ёзеф зачыніў сумку і спалохана прыслухаўся: непадалёк пачуўся гук, нібыта нехта спусціў цеціву лука.