Выбрать главу

— Не паспею, — сказала яна. — Да адыходу цягніка засталася толькі адна хвіліна.

Вяртаючыся назад у купэ, яна азірнулася і ўбачыла ў канцы калідора твар і постаць чалавека, — у яе перахапіла дых ад страснага жадання кінуцца да яго: яна нагадала апошні мазок пудрай па носе, сказанае спехам «дабранач» швейцару — і хутчэй на двор, у зіхатлівую цемру, дзе яе чакаў малады жыд, каробка шакаладу, аўтамабіль за рагом вуліцы, хуткая язда і таемная небяспечная блізкасць цел. Аднак гэта быў не той, каго яна ведала, і ў думках яна зноў вярнулася да тых непажаданых, жахлівых прыгод у варожым свеце, дзе ніякая старанна ўзважаная ласка не зможа абараніць ад непазбежнай цемры нязведанага. Нацыянальнасць мужчыны, рэзкія характэрныя рысы яго твару і футра ўвялі яе ў зман.

«Адыход затрымліваецца», — падумаў Майет, выходзячы ў калідор. Ён намацаў у кішэні камізэлькі скрыначку разынак. Яна была падзелена на чатыры секцыі, і яго пальцы наўздагад выбралі адну разыначку. Паклаўшы ягаду ў рот, ён ацаніў яе на смак. Якасць яе была не лепшая. Гэта прадукцыя «Стэйн і компані». У іх ягады з цягам часу робяцца дробнымі і сухімі. У іх разынкі дробныя і сухія.

У канцы калідора нейкая дзяўчына ў белым плашчы павярнулася і ўважліва зірнула на яго. «Неблагая фігурка, — падумаў ён. — Недзе, здаецца, яе бачыў». Ён узяў яшчэ адну разынку і, не гледзячы, сунуў яе ў рот. На гэты раз трапіла ягада яго асабістай фірмы. «Майет, Майет і Пейдж». Трымаючы ягаду пад языком, ён на імгненне пачуваў сябе ўладаром свету, вяршыцелем лёсу. «Вось гэта — мая, і яна — выдатная», — зазначыў ён. Уздоўж калідора бразнулі дзверы купэ, прагучаў гудок паравоза.

Рычард Джон, насунуўшы плашч па самыя вушы, глянуў на перон з акна калідора і ўбачыў, як будынкі вакзала пачалі рухацца назад, у напрамку павольных хваляў мора. «Гэта — канец, — падумаў ён, — ці, хутчэй, пачатак». Твары людзей за акном вагона паплылі назад. Мужчына з кіркай на плячах узмахнуў чырвоным ліхтаром. Дым паравоза ахутаў яго і закрыў святло ліхтара. Тармазы заскрыгаталі, клубы дыму развеяліся, і сонца палыхнула па рэйках, па акне і па вачах. «Хоць бы мне хутчэй заснуць, — падумаў ён з вялікай тугой, — я б здолеў тады помніць лепей усё тое, пра што мне неабходна помніць».

Дзверцы паравознай топкі прыадчыніліся, і адтуль на імгненне шуганула полымя, дыхнула спякота. Машыніст даў поўную пару, і пляцоўка пад яго нагамі здрыганулася ад цяжару вагонаў. Неўзабаве рухавік паравоза пачаў працаваць плаўна і раўнамерна. Апошнія промні сонца заблішчалі, калі цягнік ішоў уздоўж марскога берага цераз Бругэ. Рэгулятар быў перакрыты, хапала маленькай пары. Сонечны захад асвятліў высокія крутыя ўцёсы, марскія залівы, вада якіх адлівала зменлівым святлом. Недзе там, непадалёк, нібыта славуты самацвет у абшарпаным, брудным футарале, ляжаў старажытны горад — на які шмат дзівіліся, пра які шмат гаварылі, у якім здавён вёўся ажыўлены гандаль. Потым скрозь пару паказалася мноства дачных дзялянак, дзе-нідзе аднастайнасць пейзажу парушалі непрыкметныя вёсачкі, хаты якіх выходзілі фасадамі на дарогу і былі аздоблены каляровай чарапіцай, аднак фарбы яе былі прыглушаны прыцемкамі. З паравоза выляталі іскры, падобныя на орды пунсовых жучкоў. Яны падалі і тлелі ўскрай чыгункі, апускаліся на дрэвы, кусты, капуснікі на агародах і ператвараліся ў попел. Дзяўчына на кані праводзіла вачыма цягнік і ўсміхнулася, а на беразе ракі, побач з вудай, ляжалі ў абдымках мужчына і жанчына. Потым за вокнамі вагонаў зрабілася зусім цёмна, і пасажыры маглі бачыць у шыбах вокнаў толькі цьмянае адлюстраванне сваіх абліччаў.

2

— Рrеmіеr Sеrvісе, Рrеmіеt Sеrvісе[6], — рэхам пракаціўся голас па калідоры, але Майет ужо сядзеў у вагоне-рэстаране. Яму дужа хацелася, каб нехта чужы прысеў за яго столік і ўцягнуў яго ў ветлівую размову, якая, зусім магчыма, скончыцца, як заўсёды, чарговым прыніжэннем яго годнасці. Канстанцінопаль, канцавы пункт амаль бясконцага падарожжа, набліжаўся з хуткасцю тэлеграфных слупоў, што праляталі за вокнамі экспрэса. Калі падарожжа скончыцца, для роздуму часу ўжо не застанецца — Майета будзе чакаць аўтамабіль, потым — мільгаценне мінарэтаў, брудная лесвіца і, нарэшце, містэр Экман, які падымаецца з крэсла пісьмовага стала. Мудрагелістая казуістыка, лічбы, кантракты захопяць яго цалкам. Тут, загадзя, у вагоне-рэстаране, на канапе ў купэ, у калідоры, ён павінен абдумаць кожнае слова, прарэпеціраваць кожную інтанацыю. Лепей яму мець справы з ангельцамі ці туркамі, а містэр Экман і недзе там, за кулісамі, загадкавы Стэйн — яго аднаверцы, спрактыкаваныя здагадацца пра сапраўдны сэнс па тоне голасу, па манеры, з якой пальцы субяседніка трымаюць цыгару.

вернуться

6

Першая змена, першая змена (фр.).