Падымаючыся па прыступках вакзала, ён насцярожана аглядваўся. Рызыкаваць было нельга. Калі яго возьмуць, дадуць пажыццёвае. Гэта табе не тыдзень у турме. Трэба выбіраць асцярожна. У люднай зале некалькі сумачак самі прасіліся яму ў рукі, — але гаспадыні сумачак выглядалі ці занадта беднымі, ці вельмі ўжо нагадвалі шлюх. У першых будзе ўсяго некалькі шылінгаў у танным кашальку, у другіх жа хутчэй за ўсё не знойдзецца нават дробязі, а толькі пухоўка, губная памада, люстэрка і, магчыма, прэзерватывы.
Нарэшце ён напаткаў тое, што трэба — на такую ўдачу ён нават і не разлічваў. Чужаземка, пэўна, ангелька, з кароткімі непакрытымі валасамі і чырвонымі вачыма, дужалася з дзвярыма тэлефоннай будкі. Яна ўчапілася за ручку абедзвюма рукамі, і яе сумачка звалілася на падлогу. «Яна п'яная, — падумаў ён, — а калі ўжо гэта іншаземка — у сумачцы ў яе плойма грошай». Астатняе ўжо было Ёзефу Грунліху дзіцячая гульня.
Дзверы нарэшце адчыніліся, і перад Мейбл Уорэн паўстаў той чорны зіхатлівы апарат, які вось ужо дзесяць гадоў паглынаў яе лепшыя часіны і лепшыя думкі. Мейбл нахілілася па сумачку, але яе нідзе не было. «Дзіўна, — падумала яна, — я ўпэўнена… ці я яе ў вагоне пакінула?» У цягніку яна наладзіла развітальны абед у гонар Джанет Пардаў, яна там выпіла келіх шэры, больш за паўбутэлькі рэйнвейну і два лікёры з каньяком. З гэтага яна крышку ачмурэла. Джанет заплаціла за абед, а яна вярнула грошы Джанет і рэшту пакінула сабе. У кішэні яе цвідавага жакета і цяпер было фунты два аўстрыйскай дробязі, але ў сумачцы яшчэ заставалася каля васьмідзесяці марак.
З вялікай цяжкасцю — у яе заплятаўся язык — ёй удалося прымусіць тэлефаністку міжгародняй станцыі зразумець, які нумар ёй патрэбен у Кёльне. Чакаючы размовы, яна злёгку пагойдвалася сваім мажным целам на маленькім жалезным сядзенні і не зводзіла вачэй з бар'ера. Усё меней і меней пасажыраў заставалася на платформе, але доктара Цынера нідзе не было відно. Аднак калі за дваццаць хвілін да Вены яна зазірнула ў яго купэ, — на ім былі ўжо брыль і плашч, і ён сказаў ёй: «Так, я выходжу». Яна тады яму не паверыла, і калі цягнік спыніўся, пачакала, пакуль ён выйдзе з купэ, бачыла, як ён мацае кішэні, шукаючы білет. Яна б не выпусціла яго з вачэй, калі б не гэтая патрэба патэлефанаваць у рэдакцыю. Калі ён сказаў ёй няпраўду, то яна паедзе з ім у Белград і ў яе болей не будзе магчымасці патэлефанаваць сёння ўвечары. «Няўжо-такі я пакінула сумку ў вагоне?» — здзіўлена падумала яна, і тут зазваніў тэлефон.
Мейбл Уорэн глянула на свой гадзіннік. «У мяне ёсць яшчэ дзесяць хвілін. Калі ён не з'явіцца праз пяць, я вярнуся ў цягнік. Яму не ўдасца мяне ашукаць».
— Алё! Гэта лонданскі «Кларыён»? Эдвардс? Так. Запісвай. Не, сябра, гэта не рэпартаж пра Сейвары. Той я перадам праз хвіліну. Гэта галоўны матэрыял на першую паласу, але табе давядзецца прытрымаць яго на паўгадзінкі. Калі я болей не пазваню — перадавай. Як паведамілі нашы вячэрнія газеты, узброенае паўстанне камуністаў у Белградзе ў сераду ноччу было задушана, маюцца чалавечыя ахвяры. Яго рыхтаваў вядомы бунтаўшчык — доктар Рычард Цынер, які збег у час судовага працэсу над Камнецам. Не, Камнец. К — Кайзер, А — афера, М — мул, Н — неданосак, не, гэта не тое. Ну, але ўсё адно, літара тая самая. Е — еўнух, Ц — цыган. Запісаў? Суд над Камнецам. Запішы памочніку рэдактара: прагледзець газетныя выразкі тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмага года. Лічылася, што доктар Цынер забіты ўрадавымі агентамі, але ён, нягледзячы на ордэр на арышт, знік. У інтэрв'ю, дадзеным выключна нашаму карэспандэнту, ён паведаміў пра сваё жыццё ў якасці школьнага настаўніка ў Грэйт Берчынгтан-он-Сі. Рэдактару аддзела навін: не магу яго прымусіць расказаць пра гэта. Атрымайце сакрэтную інфармацыю ад дырэктара школы. Яго прозвішча — Джон. Паўстанне ў Белградзе пачалося не ў запланаваны тэрмін, яго меркавалася пачаць у ноч на суботу, да гэтага часу доктар Цынер, які выехаў з Ангельшчыны ў сераду вечарам, прыбыў бы ў Белград і ўзяў бы на сябе кіраўніцтва паўстаннем. Доктар Цынер даведаўся пра паўстанне, пра яго разгром, калі цягнік прыбыў у Вюрцбург. Ён тут жа вырашыў выйсці ў Вене. Цынер быў у адчаі і ўвесь час ледзь чутна паўтараў, звяртаючыся да нашага карэспандэнта: «Чаму яны не пачакалі?» Ён перакананы — быў бы ён у Белградзе, увесь рабочы клас горада падтрымаў бы паўстанне. На куртатай ангельскай мове ён расказаў нашаму карэспандэнту надзвычайную гісторыю сваіх уцёкаў з Белграда ў тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмым годзе і паведаміў пра планы, якія так нечакана не здзейсніліся. Запісаў? А зараз слухай уважліва. Калі не атрымаеш астатнюю частку інфармацыі праз паўгадзіны, выкраслі ўсё пасля слоў «прыбыў у Вюрцбург» і працягвай наступным чынам:…і пасля доўгіх і пакутлівых ваганняў вырашыў усё-такі ехаць у Белград. Ён быў у адчаі і ўвесь час ціха паўтараў: «Цудоўныя, смелыя хлопцы! Як я магу кінуць іх у бядзе!» Крыху ачуняўшы, Цынер заявіў нашаму спецыяльнаму карэспандэнту: ён вырашыў з'явіцца перад судом разам з тымі, хто застаўся жывы, тым самым пацвердзіць сваю рэпутацыю Дон-Кіхота яшчэ пад час суду над Камнецам. Яго папулярнасць сярод рабочага класа цяпер ні для кога не сакрэт, і яго рашэнне можа нарабіць ураду шмат клопату.