Выбрать главу

Міс Уорэн перавяла дух і паглядзела на гадзіннік. Да адыходу цягніка заставалася толькі пяць хвілін.

— Алё! Не кладзі трубку. Вось звычайная лухта наконт Сейвары. Хуценька занатуй. Прасілі на палову калонкі, але я не маю часу. Дам табе некалькі абзацаў. Містэр Куін Сейвары, аўтар «Развясёлага жыцця», едзе на Далёкі Ўсход збіраць матэрыял на новы раман «Паехалі за граніцу». Хоць дзеянне новага рамана адбываецца на Ўсходзе, выдатны пісьменнік не мае намеру пакідаць Лондан, ён яго так горача любіць. Ён збіраецца глядзець на гэтыя далёкія краіны вачыма гаспадара тытунёвага кіёска ў Лондане. Містэр Сейвары, зграбны мужчына з бронзавым загарам, вітаў нашага карэспандэнта на платформе ў Кёльне. У яго грубаватая манера паводзіць сябе — не строй з сябе дурня, я сказала «грубаватая», гру-ба-ва-тая, — але за ёй хаваецца добрае спагадлівае сэрца. На просьбу вызначыць сваё месца ў літаратуры ён адказаў: «Мая пазіцыя заснавана на цвярозым розуме, у процілегласць паталагічнаму захапленню самааналізам такіх пісьменнікаў, як Лоўрэнс і Джойс. Жыццё — выдатнае поле дзейнасці для прадпрымальных, энергічных людзей, для тых, у каго ў здаровым целе здаровы дух». Містэр Сейвары апранаецца сціпла, але экстравагантна, ён не ўхваляе багемных поглядаў некаторых літаратурных колаў. «Яны аддалі сексу, — сцвярджае ён, па-свойму перафразуючы знакамітае выказванне Бэрка[20], — тое, што прызначана ўсяму чалавецтву». Наш карэспандэнт нагадаў яму, з якім шчырым захапленнем ставяцца шматлікія чытачы да Эмі Тод, маленькай служанкі з «Развясёлага жыцця», — тыраж гэтай кнігі, між іншым, дасягнуў ужо ста тысяч. «Вы — тонкі знаўца жаночага сэрца», — сказаў наш карэспандэнт. Дабрадушна пасмейваючыся, містэр Сейвары забраўся зноў у свой вагон. Ён, дарэчы, халасцяк. «Пісьменнік — гэта нешта накшталт шпіёна», — весела заявіў ён і памахаў рукой на развітанне, калі цягнік ужо нёс яго прэч. Прынамсі, ужо ўсе ведаюць, што высакародная Кэрал Дылейн, дачка лорда Гартвей, будзе выконваць ролю Эмі Тод, служанкі, у кінакарціне «Развясёлае жыццё». Запісаў? Ну, зразумела, не на дурняў. А што яшчэ можна было выцягнуць з такой нікчэмнасці?

Міс Уорэн з трэскам бразнула трубкаю. Доктар Цынер так і не з'явіўся. Яна раззлавалася, але не без злараднасці. Ён думаў пакінуць яе на вакзале ў Вене. Яна развесялілася, уяўляючы сабе, як ён будзе расчараваны, калі ўбачыць яе ў дзвярах свайго купэ. «Мяне проста так не страсеш, як пыл з ног, — шаптала яна пра сябе. — Гэта з ёй не пройдзе проста так».

Кантралёр спыніў яе каля бар'ера:

— Fаhrkаrtе, bitte[21].

Ён не глядзеў на яе, быў заняты — збіраў білеты ў пасажыраў, якія толькі што прыехалі прыгарадным цягніком: у жанчын з дзецьмі на руках, у мужчыны з жывой курыцай пад пахай. Міс Уорэн зрабіла спробу прайсці.

— Журналісцкае пасведчанне.

Кантралёр павярнуўся і падазрона агледзеў яе.

— Дзе яно?

— Я пакінула яго ў сумцы ў вагоне.

Ён забраў апошні білет, склаў усе кардонкі ў акуратны стосік і дбайна перацягнуў яго гумкаю.

— Дама сказала мне, калі выходзіла з платформы, што ў яе пасведчанне, — нагадаў ён ветліва, але непахісна. — Яна памахала перада мной кусочкам кардону і панеслася далей, перш чым я паспеў яго разгледзець. Цяпер я хацеў бы паглядзець на гэты кусочак кардону.

вернуться

20

Эдмунд Бэрк (1729–1797) — ангельскі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік. Выказванне, на якое спасылаецца міс Уорэн, на самай справе належыць другому ангельскаму пісьменніку Оліверу Голдсміту (1728–1774).

вернуться

21

Білет, калі ласка (ням.).