— Чорт пабяры! — усклікнула міс Уорэн. — Значыцца, сумачку ў мяне ўкралі.
— Але ж дама толькі што сказала, што яе сумачка ў вагоне.
Міс Уорэн ізноў вылаялася. Яна зразумела — выгляд у яе зараз не на яе карысць: без капялюшыка, валасы ўскудлачаныя, з рота тхне алкаголем.
— Што ж мне рабіць? Мне трэба сесці ў гэты цягнік. Пашліце каго-небудзь са мной, і я аддам яму грошы.
Кантралёр адмоўна пакруціў галавой:
— Сам я не магу адысці ад бар'ера, паслаць каго-небудзь з насільшчыкаў, якія зараз у зале, на платформу, каб атрымаць грошы за білет, я не маю права. А чаму б даме самой не купіць білет, а потым запатрабаваць ад чыгункі кампенсацыі?
— А таму, — раз'юшана адказала міс Уорэн, — што ў дамы няма пры сабе грошай.
— У такім разе, — спакойна адказаў кантралёр, зірнуўшы на гадзіннік, — даме давядзецца ехаць наступным цягніком. Усходні экспрэс зараз адыходзіць. А што да сумачкі — вам не трэба турбавацца. Можна тэлефанаваць на наступную станцыю.
У білетнай зале нехта насвістваў знаёмы матыў. Міс Уорэн слухала некалі гэтую мелодыю разам з Джанет — гэта была музыка на словы эратычнай песенькі. Яны слухалі яе, трымаючыся ў цемры за рукі: кінакамера няўдала зняла дэкарацыю доўгай вуліцы — гэтую песеньку спявалі на ёй мужчына, які высунуўся з акна, жанчына, якая прадавала гародніну з каляскі, хлопец, які абдымаў дзяўчыну ля сцяны. Яна ўскалмаціла рукой валасы. Раптам у яе ўспаміны і клопаты, у кампанію Джанет і К.С.Сейвары, Корал і Рычарда Цынера, на імгненне ўлезла румяная фізіяномія нейкага маладога чалавека з добрымі прамяністымі вачыма ў акулярах у рагавой аправе.
— Мне здаецца, мэм, у вас нейкія непрыемнасці з гэтым чалавекам. Я быў бы рады, калі б змог вам дапамагчы.
Раз'юшаная міс Уорэн павярнулася да юнака.
— Яшчэ адзін на маю галаву, — сказала яна і рушыла да тэлефоннай будкі.
Амерыканец дапамог ёй пазбавіцца ад кранальных, сентыментальных успамінаў, засталіся толькі злосць і прага помсты. «Ён лічыць, што яму цяпер нічога не пагражае, ён ад мяне адчапіўся, і я нічога не магу з ім зрабіць, калі ён пацярпеў няўдачу», — думала яна. Але да таго часу, калі ў будцы зазваніў тэлефон, яна зноў супакоілася. Няхай Джанет фліртуе з Сейвары, а Корал з сваім жыдам — Мейбл Уорэн пакуль што не да іх. Калі трэба выбіраць паміж каханнем да жанчыны і нянавісцю да мужчыны, для яе існавала толькі адно: з яе кахання можна пакпіць, але ніхто яшчэ ніколі не здзекаваўся з яе нянавісці.
2
Корал Маскер збянтэжана разглядвала меню.
— Выберыце за мяне, — папрасіла яна і ўзрадавалася, калі ён заказаў віно. «Яно аблегчыць мне сённяшнюю ноч», — падумала яна. — Мне падабаецца ваш пярсцёнак.
Агні Вены пранесліся міма ў акне, знікаючы ў цемрадзі ночы, афіцыянт перагнуўся цераз столік і апусціў штору.
— Яно каштавала мне пяцьдзесят фунтаў, — сказаў Майет. Ён вярнуўся ў родную стыхію і пачуваў сябе ў ёй як дома, яго болей не бянтэжыла недарэчнасць паводзін людзей. Карта він у яго руцэ, складзеная сурвэтка на талерцы, мяккія крокі афіцыянтаў, якія сноўдалі міма яго крэсла, — усё гэтае надавала яму ўпэўненасці. Усміхнуўшыся, ён паварушыў рукой, і грані каменя зазіхацелі на столі і на келіхах. — А сапраўдная цана яго ўдвая большая.
— Раскажыце мне пра яе, — сказаў містэр К.С.Сейвары. — Дзіўная асоба. Выпівае?
— Яна так да мяне прывязалася.
— Нічога дзіўнага. — Нахіліўшыся наперад і разломваючы хлеб, ён асцярожна спытаў: — Не магу ніяк зразумець, чым такія жанчыны займаюцца?
— Не, не буду болей піць гэтага піва. Мой страўнік яго не прымае. Спытай, ці няма ў іх «Гінеса». З асалодай выпіла б зараз шклянку «Гінеса».
— Вядома, у вас у Германіі адраджаецца вялікі спорт, — казаў містэр Оўпі. — Выхоўваецца цудоўны тып маладых мужчын. Аднак гэта нельга параўнаць з крыкетам. Вазьміце, да прыкладу, Хобса і Саткліфа…
Цалуюцца. Яны ўвесь час цалуюцца.
Але ж я не ведаю іх тарабарскай мовы, Эймі.
— Кожны раз вы нагадваеце, колькі кожная рэч каштуе. Вам вядома, пэўна, колькі каштую я? — Ад разгубленасці і страху яна зрабілася з'едлівая. — Вядома ўжо дакладна. Дзесяць фунтаў за білет.
— Я ж усё ўжо растлумачыў наконт білета.
— А калі б на маім месцы была вунь тая дзяўчына?
Майет павярнуўся і паглядзеў на элегантную, стройную маладую жанчыну ў футры, яе мяккі прамяністы погляд на хвілінку затрымаўся на ім, ацаніў і адхіліў яго.
— Вы лепей, — вымавіў ён яўна няшчырым тонам, ізноў імкнучыся злавіць погляд той маладой жанчыны і прачытаць свой прыгавор. «Гэта праўда, — пераконваў ён сябе, — бо калі Корал у гуморы, яна вельмі цудоўная, а незнаёмай дзяўчыне цяжка нават і даць такое вызначэнне. З ёй я б і слова не сказаў, — думаў ён. — Не змог бы размаўляць гэтаксама лёгка, як з Корал, не ведаў бы, куды рукі падзець, увесь час памятаў бы пра сваю нацыянальнасць». У парыве ўдзячнасці ён павярнуўся да Корал: — Вы такая да мяне добрая. — Ён нахіліўся над талеркай з супам, булачкамі, графінчыкам з воцатам. — Вы і далей будзеце такая добрая да мяне?