Выбрать главу

— Асабліва сёння ўначы.

— Чаму толькі сёння? Калі прыедзем у Канстанцінопаль, чаму б вам, чаму б нам… — ён завагаўся. Нешта ў ёй бянтэжыла яго: заставалася заўсёды нейкая нязведаная выспа ў акіяне іх сяброўскіх адносін.

— Жыць разам з вамі там?

— А чаму не?

Розум яе супраціўляўся яго прапанове, але яна так здзівіла яе, што ёй давялося засяродзіць усю сваю ўвагу на навакольным свеце: цягнік, які крыху гойдаўся, мужчыны, жанчыны — яны, здаецца, ядуць і пьюць, седзячы паміж апушчанымі шторамі, — абрыўкі чужых размоў.

— Так, вось і ўсё. Цалаваліся. Толькі цалаваліся.

— Хобс і Зудгліф?

Усе довады былі на карысць яго прапановы. Замест таго каб прамерзлай вяртацца на світанку ў бруднае жыллё мясцовай гаспадыні — тая нават не зможа зразумець яе просьбу даць ёй грэлку ці кубак гарбаты і пачне прапаноўваць нейкі невядомы заменнік аспірыну, каб не балела галава, якая расколваецца ад стомы, — замест усяго гэтага вяртацца ў раскошную кватэру, дзе бліскучыя краны і заўсёды ёсць гарачая вада, дзе мяккі ложак, пакрыты квяцістым шаўковым пакрывалам — за ўсе гэтыя выгоды варта перацярпець любы зубны боль, любыя непрыемнасці. «Аднак пра такое жыццё можна толькі марыць, — думала яна, — і сёння ўначы, калі ён даведаецца, якая я халодная, напалоханая і нязвыклая да ўсяго такога, ён мяне болей не захоча».

— Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.

— Не, вы мне заўсёды патрэбны.

— Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Ці наогул не пытайцеся болей ніколі.

— Не, не крыкет, не крыкет, — сказаў Ёзеф Грунліх, выціраючы вусы. — Мы ў Германіі вучымся бегаць.

Незвычайнасць такой заявы выклікала ў містэра Оўпі ўсмешку.

— А самі вы калі-небудзь бегалі?

— У маладосці я быў выдатны бягун. Ніхто не бегаў лепей за мяне. Ніхто не мог мяне злавіць.

— «Д'ябал».

— Не трэба лаяцца, Джым.

— Гэта зусім не лаянка. Гэта такая марка піва. У ім меней газаў. А тое, што ты раней піла, называецца «Дункель».

— Мне вельмі прыемна, што вам спадабалася.

— Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомніць яе імя, але яна проста цудоўная.

— Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохі пасля абеду.

— А вы не будзеце займацца глупствам, містэр Сейвары?

— Я абавязкова ў вас спытаюся.

— Не кідайцеся пустымі абяцанкамі. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь іншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцінопалі?

— Толькі справамі. Складанымі. Калі наступны раз будзеце есці «пярэстага сабаку», успомніце пра мяне. Разынкі. Я — разынка, — дадаў ён з пацешнай гордасцю.

— Значыцца, я буду называць вас «пярэстым сабакам». Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нібы мянушка.

— Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьміце адну. Смачная, праўда?

— Сакавітая.

— Гэта нашай фірмы — «Майет, Майет і Пейдж». А цяпер вазьміце адгэтуль. Што вы пра яе скажаце?

— Паглядзі вунь туды, у першы клас, Эймі. Бачыш яе? Грэбуе нашай кампаніяй. Надта ўжо задзірае нос угору.

— Тая, што з жыдам? Усё зразумела.

— Вядома, я стаўлюся з вялікай павагай да рымска-каталіцкай царквы, — гаварыў містэр Оўпі. — Я не фанатык. Як прыклад добрай арганізацыі…

— Вось што?

— Я нічога не магу зразумець.

— Сакавітая.

— Не, не, гэта зусім не сакавітая.

— Я нешта не тое сказала?

— Гэта разынка фірмы Стэйна. Танная разынка нізкай якасці. З вінаградніку, які расце на ценявым баку ўзгоркаў. Таму такая сухая. Паспытайце яшчэ вось гэтую. Хіба вы не адчуваеце розніцы?

— Сапраўды, яна зусім сухая. Але ж тая была сакавітая. Яны ў вас, пэўна, пераблыталіся.

— Не можа такога быць. Я асабіста выбіраў узорныя экземпляры. Дзіўна. Надта дзіўна.

Раптам у рэстаране запанавала поўная цішыня — у такіх выпадках кажуць звычайна: анёл праляцеў. Але ў гэтай раптоўнай цішыні было чутна, як пазвоньваюць шклянкі на століках, глуха пагрукваюць па жалезных рэйках колы, злёгку дрыжаць вагонныя вокны, за якімі ў цемры, нібыта галоўкі запалак, мігацяць іскры. Доктар Цынер не паспеў да апошняй змены, ён увайшоў у вагон-рэстаран якраз у той момант, калі там панавала цішыня, калені ў яго былі злёгку сагнутыя, як у марака, які сіліцца цвёрда ўстаяць на нагах пад час шторму. Паперадзе ішоў афіцыянт, але доктар не ўсведамляў, што той вядзе яго да свабоднага століка. У яго галаве гарэлі словы, якія ператварыліся ў фразу: «Вы кажаце, што я здрадзіў радзіме, але я не пазнаю сваёй радзімы. Прыступкі, што вядуць у цемрадзі ўніз, гной каля глухой сцяны, змарнелыя твары. Гэта ж не толькі славяне так пакутуюць, гэта — гаротнікі ўсяго свету», — думаў ён. Словы яго былі звернуты да ваеннага трыбуналу, які засядаў пад арламі і перакрыжаванымі шпагамі. «Гэта вы перажылі свой час з вашымі кулямётамі, з вашымі ўдушлівымі, слёзацечнымі газамі і з вашай балбатнёй пра айчыну». Рухаючыся па праходзе ад століка да століка, ён машынальна папраўляў туга завязаны гальштук, кратаў старамодную заколку. «Я належу да нашага часу». Але ў яго ўзнёслыя мары на імгненне ўварваліся ўспаміны пра доўгія рады зласлівых твараў падлеткаў, пра кпіны за спінай, пра мянушкі, пра карыкатуры, пра запіскі ў падручніках па граматыцы, якія перадаваліся пад партамі, пра шэпты, якія чуліся паўсюль — парушальніка нельга было знайсці і пакараць.