Ён сеў за столік і няўцямным поглядам утаропіўся ў меню.
«Так, я б не адмовіўся апынуцца на месцы гэтага жыда, — думаў містэр Пітэрс, пакуль анёл цішыні лунаў наўкол. — Яму дасталася неблагая спаднічка. Неблагая! Але і не скажаш, што дужа прыгожая. Ну, нельга сказаць, што прыгожая, але зграбная, дый усё, як кажуць, на месцы, — разважаў ён сам сабе, азіраючы доўгую, вуглаватую постаць жонкі, нагадваючы яе бурклівы страўнік. — А гэта самае галоўнае».
Дзіўна. Ён выбіраў узоры асабліва старанна. Можна дапусціць, вядома, што нават разынкі Стэйна могуць быць не ўсе нізкай якасці, але ў гэтым шмат што выклікае падазронасць. Дапусцім, напрыклад, што Экман, маючы на ўвазе нейкую карысць сабе, перадаў Стэйну партыю разынак іх фірмы — гэта на нейкі час павысіць якасць яго тавару, і дзякуючы палепшанай якасці Экман пераканае фірму Моўлта вызначыць вышэйшую цану за гэту фірму. Экман, пэўна, перажывае непрыемныя хвіліны, гартаючы расклад руху цягнікоў, глядзіць на гадзіннік, прыкідвае, ці праехаў ужо Майет палавіну дарогі. «Заўтра дам тэлеграму і даручу ўсю справу Джойсу, — думаў Майет. — Экману трэба даць адпачынак на месяц, а за гэты час Джойс хай праверыць бухгалтарскія кнігі». Ён уявіў сабе, якая пачнецца мітусня, туды-сюды, нібыта ў мурашніку, патрывожаным нагой чалавека: тэлефонны званок ад Экмана да Стэйна ці ад Стэйна да Экмана, таксі, выкліканае ў адным месцы і адпушчанае ў другім, абед, на гэты раз без віна, а потым крутая лесвіца ў канторы, а наверсе адданы, недалёкі Джойс правярае бухгалтарскія кнігі. І ўвесь гэты час місіс Экман будзе сядзець у сваёй мадэрнавай кватэры, на моднай канапе і вязаць дзіцячыя кофтачкі англіканскай місіі, а вялізная пашарпаная Біблія — першая хлусня Экмана — пачне пакрывацца пылам на неперагорнутай старонцы.
К.С.Сейвары націснуў на кнопку, якая падымала пры дапамозе спружыны штору, і святло месяца ўпала на яго твар, праслізнула па рыбным нажы і пасерабрыла сталёвыя чыгуначныя рэйкі ціхага паўстанка. Снег ужо перастаў, сумёты ляжалі ўздоўж адхона і паміж шпаламі, пабліскваючы ў цемры. З некалькіх ярдаў, нібыта ртуць, зіхацеў Дунай. Містэр Сейвары бачыў, як высокія дрэвы ляцяць назад, тэлеграфныя слупы праносяцца міма і ловяць святло месяца сваімі жалезнымі рукамі. Пакуль у вагоне панавала цішыня, ён пакінуў убаку думкі пра Джанет Пардаў і пачаў разважаць пра тое, якімі словамі ён апісаў бы гэтую ноч. Усё залежыць ад адбору і расстаноўкі слоў. «Мне не трэба апісваць усё, што бачу, трэба выказаць сваё ўспрыманне, падабраўшы нейкія характэрныя, яркія дэталі. Няма патрэбы апісваць цені на снезе — іх абрысы і фарбы неакрэсленыя, але я магу выхапіць пунсовы агонь святлафора, які ззяе на фоне белага покрыва зямлі, полымя ачага ў зале чакання на вясковай станцыі, пацерынкі агнёў на баржы, якая цяжка паўзе супраць цячэння».
Ёзеф Грунліх пагладжваў нагу ў тым месцы, дзе яе намуляў рэвальвер, і разважаў: «Колькі гадзін засталося ехаць да граніцы? Ці паведамяць пагранічнікам пра забойства? Але мне нічога не пагражае. Мой пашпарт надзейны. Ніхто не бачыў, як я ўкраў сумачку. Ніякіх доказаў супраць мяне ў кватэры Кольбера. Можа, трэба было выкінуць рэвальвер? — падумаў ён, але тут жа пераканаў сябе: — Ён мог бы навесці на мой след. Цяпер высвятляюць нават па драпінах на канале ствала любое забойства. З кожным годам злачынства робіцца ўсё больш небяспечнай справай: ходзяць чуткі пра нейкі новы фокус з адпячаткамі пальцаў, нейкім чынам умудраюцца атрымаць іх, нават калі рука была ў пальчатцы. Але ж мяне яшчэ пакуль што не злавілі, нягледзячы на ўсю іх навуку».