«Адно, да чаго кінематограф прывучыў наш зрок, — думаў містэр Сейвары, — гэта бачыць прыгажосць пейзажу ў руху, бачыць, як царкоўная званіца бяжыць прэч, узвышаючыся над дрэвамі, як яна апускаецца і ўздымаецца ў такт няроўнай хадзе чалавека, як самотны комін цягнецца ў неба і хаваецца за лесам такіх самых комінаў. Адчуванне руху можна перадаць і ў прозе». Містэр Сейвары адчуў пільную патрэбу паспрабаваць зараз жа, яму вельмі карцела ўзяць паперу і аловак, пакуль яго не пакінула натхненне, і ён пашкадаваў, што запрасіў Джанет Пардаў сустрэцца пасля абеду і пагаварыць. Яму хацелася працаваць, хацелася на некалькі гадзін вызваліцца ад суседства любой жанчыны. «Мне яна зусім непатрэбная, — падумаў ён і рыўком зноў апусціў шторы, аднак тут жа адчуў прыліў неадольнага жадання ўбачыць яе, Джанет Пардаў. — Яна добра, з густам апранаецца, размаўляе, як свецкая дама, і захапляецца маімі кнігамі». Гэтыя тры рэчы скарылі яго, ён усё яшчэ памятаў, што нарадзіўся ў Балхемі, дый прыкметны акцэнт лонданскага кокні выдаваў месца яго нараджэння. Пасля шасці год выдатнай пісьменніцкай кар'еры, поспех якой можна было прасачыць па тыражах яго кніг: 2000, 4000, 10 000, 25 000, 100 000, ён усё яшчэ здзіўляўся, калі бачыў побач з сабой добра апранутых жанчын, не аддзеленых ад яго тоўстым шклом рэстараннай вітрыны ці шырокім прылаўкам моднай крамы. Пішаш дзень у дзень па сотні тысяч слоў, часта з напружаннем, але і з радасцю. Які-небудзь клерк запісвае столькі ж у канторскую кнігу, аднак словы, якія піша ён, К.С.Сейвары, колішні прыказчык у краме, даюць такі вынік, якога не можа даць нават самая цяжкая праца тых, хто сядзіць на канторскім табурэце. Калупаючы відэльцам рыбу і крадком паглядаючы на Джанет Пардаў, ён думаў не пра рахункі, ганарары і акцыі, не пра чытачоў, якіх даводзяць да слёз кранаючыя эпізоды яго раманаў і весяліць яго гумар кокні, а пра парадныя пад'езды, пра лесвіцы, якія вядуць у лонданскія гасцёўні, пра тое, як гучна аб'яўляюць яго прыход, пра твары жанчын, што паварочваюцца да яго з цікаўнасцю і пашанай.
«Хутка, праз некалькі гадзін, ён будзе маім палюбоўнікам». Ад гэтай думкі і ад цьмянага страху перад невядомай блізкасцю гэты смуглы, спагадлівы мужчына раптам зрабіўся ёй чужы. Калі яна страціла прытомнасць на калідоры, ён выказаў спагаду да яе, рукі яго захуталі яе ў цёплае футра, голас яго прапанаваў адпачынак і камфорт. Вострае пачуццё ўдзячнасці выклікала слёзы ў яе на вачах, і, калі б не цішыня, якая панавала ў вагоне, яна вымавіла б: «Я вас кахаю». Але ўтрымалася — гэтымі словамі яна баялася парушыць іх маўчанне, калі знікне гэтая ўсеагульная цішыня.
«Там будзе прэса, — думаў Цынер, і перад яго вачыма паўстала журналісцкая ложа на працэсе над Камнецам: людзі ў ёй нешта шпарка пісалі, а адзін накідваў алоўкам партрэт Камнеца. — Цяпер гэта будзе мой партрэт. Суд будзе апраўданнем доўгіх гадзін, праведзеных мною на халоднай пляцоўцы для прагулак, дзе я шпацыраваў туды-сюды, разважаючы над тым, ці правільна я зрабіў, што пакінуў радзіму. Кожнае маё слова павінна быць неабвержным, мне трэба ясна ўсведамляць, за што я змагаюся, памятаць, што справа не толькі ў бедняках Белграда, а ў бедняках усёй зямлі». Шмат разоў ён пратэставаў супраць нацыяналістычных поглядаў ваяўнічай фракцыі сацыял-дэмакратычнай партыі. Нават іх выдатная песня «Ідзіце, славяне, ідзіце!» была нацыяналістычная — яе зрабілі гімнам, нягледзячы на яго пратэст. Яму было прыемна, што пашпарт у яго ў кішэні — ангельскі, схема ў чамадане — нямецкая. Ён купіў гэты пашпарт у маленькай канцылярскай краме каля Брытанскага музея, гаспадаром крамы быў паляк. Пашпарт аддалі яму за столікам у заднім пакоі, і худы прышчаваты чалавек — прозвішча яго ён ужо забыўся — папрасіў прабачэння за цану. «Выдаткі надта ўжо вялікія, — скардзіўся ён і, дапамагаючы кліенту апрануць паліто, спытаў машынальна і без усякай цікаўнасці: — Як у вас?» Па ўсім было відно, што ён прыняў яго за злодзея. Потым гаспадару давялося пайсці ў краму і прадаць нумар французскага парнаграфічнага часопіса школьніку, які зайшоў у краму крадком. «Ідзіце, славяне, ідзіце!» Чалавека, які стварыў музыку гэтага гімна, праткнулі штыхом каля сартавальнай залы.