Выбрать главу

— Тушаная курыца! Смажаная цяляціна! — ідучы па вагоне, гучна крычалі афіцыянты: яны парушылі хвіліннае маўчанне. Усе раптам загаманілі.

— Я лічу, што венгры вельмі лёгка прызвычаіліся да крыкета. У мінулым сезоне ў нас адбылося шэсць матчаў.

— Гэтае піва зусім не лепей. Мне проста захацелася шклянку «Гінеса».

— Я, прынамсі, спадзяюся, што гэтыя разынкі…

— Я кахаю вас.

— Наш прадстаўнік… Што вы сказалі?

— Сказала, што я вас кахаю.

Анёл цішыні адляцеў, а экспрэс, запоўнены бадзёрымі галасамі, грукатам колаў, брынканнем талерак, размовамі, бразганнем шклянак, праносіўся міма доўгіх радоў хвой і зіхатлівага Дуная. У кабіне машыніста стрэлка манометра паказвала, як павялічваецца ціск пары, машыніст павярнуў ручку рэгулятара, і хуткасць цягніка адразу павялічылася на пяць міль у гадзіну.

3

Корал Маскер на хвілінку затрымалася, стоячы на жалезных лістах пераходу з вагона-рэстарана ў вагоны другога класа. Трасенне цягніка дзейнічала ёй на нервы, яе нудзіла, яна не магла сябе прымусіць пайсці і забраць сакваяж з купэ, дзе былі містэр Пітэрс з сваёй жонкай Эймі. Забыўшыся на грукат металу, на стук буфераў, яна ў думках падымалася па лесвіцы ў сваю кватэру, захутаная ў футра. На стале ў гасцёўні — кошык руж з аранжарэі і картка «Ад Карла, з любоўю» — яна вырашыла называць яго так. Нельга ж казаць: «Я кахаю цябе, Карлтан», а вось вымавіць «Я горача люблю, я проста закахалася ў цябе, Карл» — зусім іншая справа. Яна гучна засмяялася і запляскала ў далоні, раптоўна зразумеўшы, што каханне — справа няпростая і вось з чаго яно складаецца: з пачуцця ўдзячнасці, падарункаў, звыклых жартаў, кватэры, служанкі, — а яшчэ: няма патрэбы зарабляць сабе на пражытак.

Яна пабегла па калідоры, стукаючыся то аб адну сцяну, то аб другую і не зважаючы на гэта. «Прыйду ў тэатр, спазніўшыся на тры дні, і спытаю: «Магу я бачыць містэра Сіднея Дана?» Але швейцар — ён, вядома ж, будзе турак — толькі буркне нешта скрозь кашэчыя вусы, таму давядзецца самой прабірацца па калідорах у грымёрныя, пераступаць цераз раскіданыя паўсюль пажарныя шлангі. Я ўсуну галаву ў агульную грымёрку, скажу: «Воng jоur»[22] і спытаю: «Дзе Сід?» Ён, магчыма, будзе рэпеціраваць на авансцэне, тут я і выгляну з-за кулісаў, ён убачыць мяне і спытае: «Хто вы такая?» — працягваючы адбіваць такт, а «Дзяўчынкі Дана» ўсё скочуць, скочуць, скочуць. «Корал Маскер». — «Чорт пабяры, вы спазніліся на тры дні, што гэта такое?» А я скажу: «Я проста завітала да вас, каб папярэдзіць, што я звальняюся». Аднак ад грукату цягніка яе словы, вымаўленыя з удаванай храбрасцю, прагучалі як баязлівае хныканне.

— Прабачце, — звярнулася яна да містэра Пітэрса — ён трохі пераеў за абедам і цяпер драмаў у кутку, выцягнуўшы ногі ўпоперак купэ і замінаючы ёй.

— Прабачце, — паўтарыла яна. Містэр Пітэрс прачнуўся і папрасіў прабачэння.

— Вярнуліся да нас? Правільна зрабілі!

— Не, я прыйшла па сакваяж.

Эймі Пітэрс, скурчыўшыся на сядзенні, з мятнай таблеткай у роце, ублыталася ў іх размову з нечаканай злосцю:

— Не гавары з ёй, Герберт. Хай забірае свае транты. Строіць з сябе немаведама каго — бач, мы ёй не кампанія.

— Я толькі хачу ўзяць свой сакваяж. Чаго вы на мяне накінуліся? Я і слова не сказала.

— Не хвалюйся з-за дробязей, Эймі, — сказаў містэр Пітэрс. — Гэта не наша справа, як паводзіць сябе гэтая маладая дама. Вазьмі яшчэ адну таблетку. Гэта ўсё яе страўнік. У яе нястраўнасць, — растлумачыў ён Корал.

— Скажаш: «маладая дама». Распусніца — вось хто яна такая.

Корал ужо выцягнула сакваяж з-пад сядзення, але тут жа з сілай апусціла яго на ногі містэра Пітэрса. Яна ўперла рукі ў бокі і павярнулася да жанчыны, адчуваючы сябе вопытнай, упэўненай у сябе і рашучай: іх сварка нагадала ёй маці — як тая, узяўшыся ў бокі, усчыняла сварку з суседкай, якая ўпікала яе за шашні з кватарантам. У гэты момант Корал ператварылася ў сваю маці: лёгка, нібы сукенку, яна скінула з сябе тое, чаму навучыла яе жыццё — штучную вытанчанасць тэатральнага свету і асцярожную манеру размаўляць.

— Паглядзі на сябе: хто ты такая? — Яна ведала сапраўдную цану гэтым людзям: крамнікі ў адпачынку, едуць у Будапешт з турысцкай групай агенцтва «Кука» — гэта ж крыху далей, чым Остэндэ, дома яны потым будуць выхваляцца, якія яны заўзятыя падарожнікі, паказваць усім яркія наклейкі танных гатэляў на сваіх чамаданах. Раней і на яе гэта зрабіла б уражанне, але цяпер яна ўжо навучылася не надаваць значэння такім рэчам, не дазваляць сабе абводзіць вакол пальца, быць праніклівай. — З кім гэта ты так гаворыш? Я не якая там ваша прадаўшчыца. Не з тых, каго вы прымаеце з задняга ходу.

вернуться

22

Добры дзень (ламаная фр.).