Выбрать главу

— Ну, даволі ўжо, — сказаў містэр Пітэрс, крануты за жывое яе здагадлівасцю. — Няма прычыны сварыцца.

— Ах, няма! А вы чулі, як яна мяне абразіла? Пэўна, бачыла, як вы ладзіліся да мяне.

— Ну, вядома ж, ён табе не пара. Лёгкі заробак, вось чаго ты хочаш. Не думай, не вельмі ты нам патрэбная ў гэтым вагоне. Я ведаю, дзе тваё сапраўднае месца!

— Вымі з рота гэтую штучку, калі гаворыш са мной!

— На Орбакл-авеню. Ловіш мужчын проста з цягніка на Падынгтонскім вакзале.

Корал зарагатала. Гэта быў тэатральны рогат яе маці, ён звычайна запрашаў суседзяў прыйсці і паглядзець на свару. Ад узбуджэння пальцы Корал сціснуліся на сцёгнах, яна так доўга паводзіла сябе ўзорна, правільна вымаўляла словы, не выхвалялася сваімі паклоннікамі, не гаварыла: «Вельмі прыемна вас бачыць!» Шмат гадоў няўпэўнена яна кідалася паміж двума рознымі класамі і ні да таго, ні да другога не прыстала, яна належала толькі таатру. Яна страціла прыроджаную прастату, але і натуральная вытанчанасць была ёй недаступная. А зараз яна з задавальненнем вярнулася да сваіх вытокаў.

— Не хацела б я быць такім пудзілам, нават калі б ты мне заплаціла. Нічога дзіўнага — з такой храпай у любой жывот забаліць. Зразумела цяпер, чаму твой стары бегае ад цябе да іншых.

— Ну, хопіць ужо, супакойцеся, дамы.

— Аб цябе ён рукі мараць не стане. Брудны жыдок — вось і ўсё, чаго ты вартая.

Корал раптам заплакала, хоць рукі ў яе ўсё яшчэ рваліся ў бойку, у яе ледзьве хапіла голасу, каб адказаць:

— Не чапай яго.

Аднак словы місіс Пітэрс, нібыта дымок паветранай рэкламы, што спакваля знікае ў небе, азмрочылі яе светлыя надзеі.

— Мы добра ведаем: гэта ён — твой палюбоўнік.

— Дарагая мая, — вымавіў за яе спінай нечы голас, — не звяртайце на іх увагі.

— А вось яшчэ адзін твой сябар.

— Хадземце адгэтуль. Ну, і што з таго?

Доктар Цынер узяў Корал пад ручку і паціху пачаў выводзіць яе з купэ.

— Адны жыды і іншаземцы. Ніякага сораму.

Доктар Цынер забраў яе сакваяж і выставіў яго на калідор. Калі ён павярнуўся да місіс Пітэрс, на твары яго ўжо не было бездапаможнай разгубленасці настаўніка-іншаземца — ён быў поўны адвагі і сарказму, якія адзначалі журналісты, калі ён даваў паказанні супраць Камнеца.

— Ну, і што далей?

Місіс Пітэрс выняла з рота мятную таблетку. Доктар Цынер, сунуўшы рукі ў кішэні плашча, пагойдваўся на насках. Было відаць, што ён авалодаў становішчам, але яму не прыходзіла ў галаву, што сказаць, — галава ў яго ўсё яшчэ была поўная гучных фраз, рыторыкі сацыялістаў. Сутыкнуўшыся з любым насіллем, ён рабіўся рэзкі, але цяпер не знаходзіў патрэбных слоў, хоць яны, гэтыя словы, несумненна, існавалі ў глыбіні яго свядомасці, гэтыя пякучыя словы, з'едлівыя і едкія, як дым.

— Ну, і што з таго?

Да місіс Пітэрс пачала вяртацца яе адвага.

— Ты чаго суеш нос не ў сваю справу? Толькі гэтага нам не ставала! Спачатку адна ашалела, а цяпер і гэты лезе. Герберт, скажы сваё слова.

Аднак загаварыў доктар Цынер. Словы яго, вымаўленыя з моцным акцэнтам, гучалі важка і пераканаўча, яны прымусілі місіс Пітэрс змоўкнуць, хоць і не пераканалі яе.

— Я доктар.

Ён сказаў ім, што дарэмна спадзявацца на тое, што ў іх ёсць сумленне. Ноччу дзяўчына страціла прытомнасць, як урач ён параіў ёй перайсці ў спальны вагон. Падазронасць ганьбіць толькі тых, хто яе выказвае. Потым ён выйшаў да Корал Маскер на калідор. З купэ іх не было відно, але адтуль можна было добра чуць голас місіс Пітэрс:

— Можа, яно і так, але хто заплаціў за той спальны вагон? Вось што мне цікава ведаць.

Доктар Цынер прыціснуў патыліцу да акна і з нянавісцю прашаптаў:

— Буржуазія.

— Дзякуй вам, — сказала Корал Маскер і дадала, убачыўшы выраз прыкрасці на яго твары: — Вам патрэбна дапамога? Вы захварэлі?

— Не, не, — запярэчыў ён. — Аднак я нічым не дапамог вам. Я не здатны гаварыць прамовы. — Прыціснуўшыся спінай да акна, ён усміхнуўся ёй. — Вы зрабілі гэта лепей за мяне. Вы сказалі цудоўна.

— Чаму яны такія свінні? — спытала яна.

— Буржуазія заўсёда такая, — адказаў ён. — У пралетарыяту ёсць свае вартасці, арыстакрат часта бывае добры, справядлівы і смелы. Яму плацяць за карысныя справы — ён дырэктар, настаўнік, доктар ці жыве на ўтрыманні бацькоў. Можа, і не заслужана, але, атрымліваючы гэтыя грошы, ён нікому не прыносіць шкоды. А буржуазія — яна купляе танна, а прадае дорага. Яна купляе ў рабочага і прадае рабочаму. Ад яе няма ніякай карысці.

На яе пытанне адказу не было. Не зразумеўшы ніводнага слова з таго, што ён нагаварыў, яна ўтаропілася ў яго, збянтэжаная патокам яго красамоўства і сілай яго перакананасці.