Выбрать главу

А сёння гэтае пустое жытло асвятляла толькі адзіная цьмяная свечка. «Я не сын, не ўрач і не веруючы, — разважаў ён. — Я — сацыяліст». Слова гэтае вымаўляюць палітыкі з незлічоных трыбун, яго друкуюць благім шрыфтам на дрэннай паперы безліч газет, і яно гучыць фальшыва. «Нават тут я пацярпеў няўдачу». Ён застаўся адзін, яго апошняя свечка аплывала. І ён быў рады кампаніі любога чалавека.

Ён узрадаваўся, калі, вярнуўшыся ў сваё купэ, убачыў там нейкага чалавека. Незнаёмы стаяў да яго спінай, але хутка павярнуўся на кароткіх, моцных нагах. Першае, што кінулася ў вочы доктару Цынеру, у незнаёмага быў срэбны крыжык на ланцужку для гадзінніка, потым убачыў: яго чамадан стаіць не на тым месцы, дзе ён яго пакінуў.

— Вы таксама рэпарцёр? — сумна спытаў ён.

— Ісh sрrесhе kеіn Еnglіsсh[23].

Загарадзіўшы выхад на калідор, Цынер сказаў па-нямецку:

— Тайны агент паліцыі? Вы спазніліся.

Ён усё глядзеў на срэбны крыжык, які гойсаў туды-сюды ў такт рухам незнаёмага: гэта нагадвала крокі чалавека, і на імгненне доктару Цынеру здалося, нібыта ён прыціснуўся да сцяны на вуліцы, якая стромка ўздымалася ўгору, каб прапусціць узброеных салдат, дзіды, коней і змардаванага, знясіленага чалавека. Яго распялі, а беднякам ад гэтага не зрабілася лягчэй, ланцугі яшчэ шчыльней самкнуліся, запаветы яго сказілі.

— Я не тайны агент.

Доктар Цынер амаль не звяртаў увагі на незнаёмага. Ён прызнаваў, што, калі, магчыма, словы закатаванага чалавека і сказілі, усё адно некаторыя з іх маглі быць ісцінымі. Ён аспрэчваў сябе самога: сумненне звязана толькі з блізкасцю смерці, калі цяжар зробленых памылак — нясцерпны і чалавек шукае палёгкі, даючы самыя неверагодныя абяцанні. «Я дарую табе спакой». Але смерць не прыносіць спакою, бо спакой існуе толькі тады, калі ты сам яго ўсведамляеш.

— Вы мяне не так зразумелі, гер…

— Цынер.

Без ваганняў ён адкрыў незнаёмаму сваё сапраўднае прозвішча: час маскараду мінуў, і цяпер, калі надышоў час адкрытых дзеянняў, яму давялося адмовіцца не толькі ад чужога імя. Былі словы, у сэнс якіх ён глыбока ніколі не ўнікаў, звычайныя лозунгі, якія ён прымаў, бо яны дапамагалі справе: «Рэлігія — сябра багацеяў».

— Калі вы не тайны агент, тады хто ж вы? Што вы тут робіце?

— Мяне завуць… — і таўстун злёгку пакланіўся, круцячы пальцам ніжні гузік камізэлькі. Імя было кінута ў празрыстую, асветленую снегам цемру і патанула ў грукаце цягніка, у мільгаценні сталёвых фермаў моста: Дунай, нібыта срэбны вугор, праслізнуў з аднаго боку чыгуначнай лініі на другі. Незнаёмаму давялося паўтарыць сваё імя: — Ёзеф Грунліх. — Ён памаўчаў, потым сказаў: — Я шукаў грошы, гер Цынер.

— Укралі…

— Вы надта хутка вярнуліся. — Ён пачаў павольна тлумачыць. — Я ўцёк ад паліцыі. Нічога ганебнага, гер Цынер, магу вас запэўніць.

Ён усё круціў гузік камізэлькі, гэты невядомы чалавек, аднак у прасветленай свядомасці доктара Цынера ўзнікалі яркія вобразы: чыйсьці змардаваны твар, нейкі яркі шматок, нейкія дзеці-пакутнікі, чалавек, які караскаецца ўгору па дарозе на Галгофу.

— Гэта была палітыка, гер Цынер. Газетная шуміха. Да мяне аднесліся вельмі несправядліва, і мне давялося ўцячы. Ваш чамадан я адчыніў дзеля нашай агульнай справы. — З удаваным хваляваннем ён выдыхнуў слова «справы», надаючы яму сэнс немудрагелістага пароля. — Вы клікнеце кандуктара? — Ён мацней напружыў ногі, — яго пальцы застылі на гузіку.

— Што вы маеце на ўвазе пад «агульнай справай»?

— Я сацыяліст.

Доктар Цынер добра разумеў, што пра вартасці палітычнага руху нельга меркаваць па яго асобных прадстаўніках: сацыялізм нельга ганіць за тое, што да яго далучыўся Грунліх, але ж яму вельмі хацелася як найхутчэй забыцца пра Грунліха.

— Я дам вам крыху грошай.

Ён выняў запісную кніжку і даў незнаёмаму пяць ангельскіх фунтаў.

— Добрай ночы.

Ад Грунліха адвязацца было нескладана, і гэта ён мог сабе дазволіць: у Белградзе грошы яму будуць непатрэбныя. Ён абыдзецца без адваката: абаронцам яго будзе яго язык. Аднак цяжка было пазбавіцца ад непрыемнага ўражання, якое пакінуў пасля сябе Грунліх, хоць, вядома, палітычны рух нельга ганіць, мяркуючы па бессаромнасці асобных яго дзеячаў. Яму і самому даводзілася часам быць амаральным, разбэшчаным, і шчырасць яго поглядаў ставілася часам пад сумненне, бо ён быў славалюбны, некалькі разоў паводзіў сябе не лепшым чынам, аднойчы нават дзяўчына прыжыла ад яго дзіця… Дый матывы яго падарожжа ў першым класе былі не зусім апраўданыя. Вядома, у першым класе лягчэй пазбавіцца праверкі на граніцы, але, апроч таго, ехаць там было зручней, камфартабельней, і гэта цешыла яго гонар, як кіраўніка. Ён зразумеў, што моліцца: «Божа, даруй мне». Але ў яго зусім не было ўпэўненасці, што яму будзе даравана, нават калі існуе дзе-небудзь нейкая ўсёдаравальная сіла.

вернуться

23

Я не гавару па-ангельску (ням.).