— Прашу прабачэння. Я вас не патурбаваў? Вы не хочаце спаць? — сказаў ён на сваёй жорсткай, здрадніцкай ангельскай мове.
— Зусім не хачу. Думаю, што не буду спаць зусім, пакуль не дабяруся дадому, — усміхнуўшыся, запярэчыў святар.
— Маё прозвішча — Цынер.
Містэру Оўпі гэтае прозвішча было невядомае, пэўна, яго запомнілі толькі журналісты.
— А маё — Оўпі.
Доктар Цынер зачыніў дзверы і сеў насупраць.
— Вы — святар?
Ён хацеў дадаць «айцец мой», але на гэтым слове запнуўся: яно азначала надта многае — яно азначала бледны, змарнелы твар, любоў, якая, зрабіўшыся жорсткаю, знікла, пакінуўшы толькі павагу, потым і яна была прынесена ў ахвяру, калі ўзнікла падазрэнне, што пасталелы сын зрабіўся адступнікам.
— Але не рымска-каталіцкага веравызнання.
Доктар Цынер некалькі хвілін маўчаў, не ведаючы, як выказаць у словах сваю просьбу. Яго губы літаральна перасохлі ад прагі справядлівасці: яна была нібыта шклянка вады на стале ў другога чалавека. Містэр Оўпі, здавалася, заўважыў яго збянтэжанасць і дабрадушна паведаміў:
— А я складаю маленькую анталогію.
— Анталогію? — міжволі паўтарыў доктар Цынер.
— Так, духоўную анталогію для цывільных, нешта накшталт рымска-каталіцкай Кнігі Разважанняў. — Яго тонкая белая рука пагладжвала чорную замшавую вокладку запісной кніжкі. — Але ў мяне ёсць намер капнуць глыбей. Рымска-каталіцкія кнігі — як бы гэта сказаць? — тычацца толькі рэлігіі. Я хачу, каб у маёй кнізе былі закрануты ўсе бакі штодзённага жыцця. Вы гуляеце ў крыкет?
Пытанне захапіла доктара Цынера знянацку: ён ізноў паглыбіўся ва ўспаміны, як стаяў на каленях у цемрадзі, у спавядальні.
— Не, не.
— Ну, гэта не мае значэння. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе. Дапусцім, вы апошні ўваходзіце ў гульню, надзяваеце накаленнікі, восем варотцаў ужо скінуты, трэба зрабіць пяцьдзесят прабежак, і вы думаеце: няўжо на вас будзе ўскладзена ўся адказнасць за паражэнне ў гэтай партыі? Вашы сумненні не ўхіліць ніводная з існуючых Кніг Разважанняў, і вы, пэўна, сапраўды пачняце сумнявацца ў рэлігіі. Мая мэта — задаволіць патрабаванні такога чалавека.
Містэр Оўпі гаварыў хутка, з натхненнем, і доктар Цынер вырашыў, што ён недастаткова валоде ангельскай мовай. Ён не разумеў значэння слоў «накаленнікі», «варотцы», «прабежкі», хоць і ведаў, што яны звязаны з ангельскай гульнёй у крыкет. Апошнія пяць гадоў ён чуў гэтыя словы, і яны асацыіраваліся ў яго свядомасці з напоўненай салёным ветрам пляцоўкай, якая пакрыта дзірваном, з тым, што ён павінен сачыць за непаслухмянымі дзецьмі, занятымі гэтай гульнёй, правілаў якой ён не ведаў, — але рэлігійнага значэння гэтых слоў ён не разумеў. Ён падумаў, святар выкарыстоўвае іх метафарычна: адказнасць, перараджэнне, запатрабаванні чалавека — гэтыя словы ён разумеў, і яны давалі яму магчымасць выказаць святару сваю просьбу.
— Я хацеў бы пагаварыць з вамі наконт споведзі.
— Гэта нялёгкая тэма, — адказаў містэр Оўпі. Ён з хвіліну разглядваў свае рукі і потым хутка загаварыў: — Я не гляджу на споведзь дагматычна. Думаю, што тут шмат чаго можна сказаць на карысць рымска-каталіцкай царквы. Сучасная псіхалогія развіваецца ў гэтым кірунку. Ёсць нешта агульнае паміж спавядальнікам і спаведнікам і паміж псіхааналітыкам і яго пацыентам. Вядома, існуе і розніца — спаведнік хоча, каб яму адпусцілі грахі. Але гэтая розніца, — паспешна дадаў містэр Оўпі, калі доктар Цынер зрабіў памкненне нешта запярэчыць, — урэшце, неістотная. У першым выпадку пра грахі вядуць гаворку, каб яны былі адпушчаныя і чалавек выйшаў са спавядальні з прасветленай душой і з намерамі пачаць жыццё нанава; у другім выпадку толькі адно абмеркаванне грахоў пацыента і выяўленне неўсвядомленых прычын яго паводзін робіцца, каб выключыць само жаданне рабіць грахі. Пацыент ідзе ад псіхааналітыка поўны энергіі і з такім самым намерам жыць па-новаму.