Выбрать главу

— Вы сумняваліся, ці прыйду я?

— Вы ж абяцалі!

— А магла б і перадумаць.

— А чаму?

Майета ахапіла нецярплівасць. Яму мала было проста сядзець і весці размовы: яна махала нагамі, і дастаючы імі да падлогі, і гэта яго распальвала.

— Мы цудоўна прабавім час.

Ён зняў з яе туфлі, і рукі яго пабеглі ўверх па панчохах.

— Вы чалавек вопытны, праўда?

Ён пачырванеў.

— А вам гэта непрыемна?

— О, не, я рада, вельмі рада. Я б проста не перанесла гэтага, калі б вы не былі такі спрактыкаваны.

Яе вочы, вялікія і напалоханыя, яе твар, бледны пад цьмянай блакітнай лямпачкай, спачатку забаўлялі яго, потым здаліся прывабнымі. Ён хацеў, каб яе адчужанасць змянілася палкасцю. Ізноў пацалаваўшы яе, ён паспрабаваў спусціць сукенку з яе плеч. Цела дзяўчыны трымцела і варушылася пад сукенкаю, нібыта кошка, завязаная ў мяху. Раптам яна падняла твар і пацалавала яго ў падбароддзе.

— Я на самай справе кахаю вас, праўда.

Незвычайнае пачуццё ўсё болей ахоплівала яго. Ён нібыта выйшаў з дому на штодзённы шпацыр, мінуў газавы завод, прайшоў цагляным мостам цераз Уімбль, перасёк два палеткі і раптам аказаўся не на сцяжынцы, якая вяла на ўзгорак, да новай дарогі з загараднымі дамамі, а на паляну ў нейкім невядомым лесе, на цяністую дарожку, па якой ён ніколі не хадзіў, і вяла тая дарожка бог ведае куды. Ён зняў руку з яе плячэй і, адсунуўшыся крыху ад яе, сказаў:

— Якая вы мілая, — а потым здзіўлена дадаў: — Якая родная.

Ніколі раней ён не ўсведамляў, як у ім нарастае жаданне і як яно ўзмацняецца якраз таму, што ён разумее гэта. Раней яго любоўныя прыгоды заўсёды пачыналіся з прымітыўнага ўзбуджэння.

— Што мне рабіць? Распранацца?

Ён кіўнуў — яму цяжка было гаварыць — і ўбачыў, як яна паднялася з ложка, пайшла ў куток і пачала распранацца, павольна і вельмі старанна здымаючы кожную рэч паасобку: блузку, спадніцу, сарочку, станік — і складаючы ўсё гэта акуратна на сядзенне насупраць. Назіраючы за яе няспешнымі, засяроджанымі рухамі, ён разумеў, якое ў яго недасканалае цела.

— Вы такая цудоўная, — сказаў ён, злёгку запінаючыся ад невядомага раней хвалявання.

Калі яна прыйшла да яго з другога канца купэ, ён зразумеў, што памыляўся: яе спакой быў падобны да нацягненай струны, твар яе гарэў ад узбуджэння, а вочы глядзелі спалохана, і яна не ведала, смяяцца ёй ці плакаць. Але тут яны кінуліся ў абдымкі адно аднаму ў вузкай прасторы паміж паліцамі.

— Няблага было б патушыць святло, — сказала Корал. Яна стаяла, шчыльна прынікнуўшы да яго, а ён гладзіў яе, і абое злёгку пагойдваліся ў такт руху цягніка.

— Не, а мне б наадварот хацелася запаліць усё святло, — запярэчыў ён.

— Сапраўды, так было б лепей, — сказала яна і ціха засмяялася сабе. Яе смех, нібыта ледзь прыкметная крынічка, быў амаль не чуцен на фоне грукатання і пыхкання экспрэса, і, размаўляючы, яны, замест таго каб нашэптваць адно аднаму пяшчотныя словы, мусілі былі вымаўляць іх гучна і дакладна.

Пачуццё незвычайнасці не знікла і пасля звыклага для яго збліжэння: лежачы на ложку, яна аказалася нейкая таямнічая і па-дзіцячы недасведчаная, і гэта ўразіла яго. Яна болей не смяялася, прычым смех яе не спыніўся спакваля, а раптам абарваўся, як толькі Майет падумаў — пэўна, ён прыняў за яе смех скрып колаў цягніка.

— Набярыся цярпення. Я зусім нявопытная, — раптам сур'ёзна сказала яна.

І потым ускрыкнула ад болю. Калі б нават з'явілася ў купэ здань, захутаная ў старамоднае адзенне, якое насілі яшчэ да таго, як быў вынайдзены паравоз, Майет не быў бы так здзіўлены. Ён адсунуўся б ад яе, калі б яна сама не ўтрымала яго рукамі і не сказала ледзь чутным голасам, амаль зусім заглушаным грукатам цягніка:

— Не ідзі ад мяне. Прабач. Я не хацела…

Потым цягнік, які раптоўна спыніўся, адкінуў іх адно ад аднаго.

— Што здарылася? — спытала Корал.

— Станцыя.

— Чаму ж гэта якраз цяпер? — жаласліва вымавіла яна.

Майет крыху прыадчыніў акно і выглянуў. Цьмяны ланцуг агеньчыкаў асвятляў толькі некалькі футаў зямлі каля чыгункі. Тоўстымі сумётамі наўкол ужо наваліла снегу. Недзе ўдалечыні мігацеў чырвоны агеньчык, ён то запальваўся, то знікаў у белай завеі.

— Гэта не станцыя. Толькі семафор. Ён нас затрымаў.

Скрып колаў спыніўся, і навісла начная цішыня. Яе парушаў толькі свісток паравоза. У цягніку пачалі прачынацца людзі, яны выглядалі з вокнаў і перакідваліся паміж сабой словамі. З вагона трэцяга класа ў самым канцы цягніка данесліся гукі скрыпкі. Матыў быў немудрагелісты, вясёлы і дакладны. Праходзячы скрозь імглу і снегапад, ён рабіўся ўсё меней дакладны, але ж выцясніў з свядомасці Майета пачуццё разгубленасці і спагады.