Выбрать главу

— У Белградзе ўсё ціха, — сказаў Лукіч.

— А тэлефон працуе?

— А вось з ім справы дрэнь. — Тэлеграф перастаў гудзець. І Лукіч уздыхнуў з палёгкай. — Ну, вось і гэты нарэшце супакоіўся.

Салдат раптам перастаў тасаваць карты і няўпэўнена вымавіў:

— Добра, што мяне не было ў Белградзе.

— Змаганне, хлопча мой, — весела сказаў прыёмшчык.

— Яно дык, можа, і так, але ўсё-такі гэта нашы людзі, праўда? — нясмела запярэчыў Нініч. — Іншая справа, калі б гэта былі балгары.

— Ці ты заб'еш, ці цябе заб'юць, — сказаў прыёмшчык. — Ну, што марудзіш — здавай, хлопча мой.

Нініч пачаў здаваць. Некалькі разоў ён збіваўся з ліку: пэўна, задумаўся.

— Да таго ж, мы зусім не ведаем, чаго яны хацелі? Чаго дамагаліся?

— Яны ж чырвоныя, — умяшаўся Лукіч. — Беднякі. Вашы стаўкі, панове, — машынальна дадаў ён.

Лукіч паклаў усе выйграныя ім медзякі на тую самую кучку, што і прыёмшчык. Ён пераглянуўся з ім і падміргнуў яму — той павялічыў стаўку. Нініч быў надта засяроджаны на сваіх няўклюдных думках і не заўважыў, як у час здачы было відаць, у якую кучку трапіў валет. Прыёмшчык не змог утрымацца ад смеху.

— Зрэшты, я і сам бядняк, — сказаў Нініч.

— Мы зрабілі стаўку, — нецярпліва перабіў яго Лукіч, і Нініч пачаў здаваць.

Вочы ў яго шырока расплюшчыліся, калі ён убачыў, што абодва выйгралі: на імгненне на яго твары адбілася цьмянае падазрэнне, ён адлічыў манеты і падняўся.

— Ты болей гуляць не хочаш? — спытаў Лукіч.

— Час вяртацца ў каравулку.

Прыёмшчык усміхнуўся:

— Ён прагуляў усе грошы. Налі яму на дарогу яшчэ, Лукіч.

Лукіч наліў Нінічу другую шклянку і спыніўся з заткнутай бутэлькай у руцэ. Зазваніў тэлефон.

— Д'ябал, — вылаяўся ён. — Ізноў гэтая баба.

Паставіўшы бутэльку на стол, ён пайшоў у другі пакой. Бледныя промні сонца пранікалі праз акно, яны дакраналіся да кошыкаў і чамаданаў, нагрувашчаных за прылаўкам. Нініч узняў шклянку, а прыёмшчык сядзеў, паклаўшы палец на калоду карт, і прыслухоўваўся.

— Алё, алё! — закрычаў Лукіч. — Каго вам трэба? Тэлеграф? Я нічога не чуў. Не магу ж я тырчаць каля яго ўвесь час. У мяне хапае справы на станцыі. Скажыце гэтай бабе, каб яна пасылала тэлеграму ў зручны час. Што такое? — Яго голас раптам змяніўся. — Прашу прабачэння, пан маёр. Мне ў голаў не прыходзіла… (Прыёмшчык захіхікаў.) Вядома. Неадкладна, пан маёр, зараз жа. Зараз жа пашлю, пан маёр. Калі вы пачакаеце каля тэлефона дзве хвілінкі, пан маёр…

Нініч уздыхнуў і выйшаў на марознае паветра маленькай станцыі: тут не было нават платформ. Ён забыўся надзець пальчаткі, і перш чым паспеў іх нацягнуць, яго пальцы адубелі ад холаду. Ногі яго павольна валачыліся на свежым паўрасталым, а потым паўзамёрзлым снезе. «Не, я рады, што мяне не было ў Белградзе, — падумаў ён. — Усё гэта незразумела: яны беднякі, і я таксама бядняк; у іх жонкі і дзеці, і ў мяне ёсць жонка і маленькая дачка. Яны, пэўна, чакалі нейкай карысці сабе, тыя, чырвоныя». Сонца, якое паднялося над дахам мытні, кранула яго твар, аднак ад яго промняў цяплей не зрабілася. Запасны паравоз стаяў, нібыта бадзяжны сабака, выдыхаючы пару над рэйкамі. Да прыбыцця Ўсходняга экспрэса ніводнага цягніка на Белград не будзе. Праз паўгадзіны ўзнімаецца шум і сумятня, прыбудуць мытнікі, пагранічнікі выйдуць з каравулкі і пастрояцца перад ёй, потым цягнік запыхкае і знікне, і за цэлы дзень будзе толькі яшчэ адзін цягнік, невялічкі тутэйшы цягнік, на Вінкавічы. Нініч засунуў рукі ў пустыя кішэні. Пасля можна было б выпіць яшчэ ракіі і згуляць у карты, але ў яго ўжо не было грошай. Ізноў лёгкае падазрэнне, што яго абдурылі, мільганула ў галаве.

— Нініч! Нініч!

Ён азірнуўся і ўбачыў, як памочнік начальніка станцыі бяжыць за ім без паліто і пальчатак, правальваючыся ў ледзяную жыжу. Нініч падумаў: «Ён абабраў мяне, але адчуў сорам перад богам і хоча аддаць мне грошы». Ён спыніўся і ўсміхнуўся Лукічу, нібыта хацеў сказаць: «Кінь ты, не бойся, я на цябе не сярдую».

— Ты што, дурань, глухі, ці што! Я думаў, не дакрычуся, — злосна сказаў маленькі памочнік начальніка станцыі і падбег да яго, задыхаючыся ад лютасці. — Зараз жа ідзі да маёра Петкавіча. Яго клічуць да тэлефона. Я не змог дазваніцца да каравулкі.

— Тэлефон з учарашняга дня не працуе, — растлумачыў Нініч, — з таго часу, як пачалася завея.

— Вось расцяпы! — узарваўся Лукіч.

— Сёння павінен быў прыехаць майстар з горада, заняцца гэтым. — Нініч прамаўчаў. — Маёр і кроку не зробіць па снезе. У яго кабінеце горача ад печы.

— Ёлуп. Ідыёт, — абарваў яго Лукіч. — Там звоніць начальнік паліцыі з Белграда. Яны хацелі паслаць тэлеграму, але вы гарланілі на ўсё горла, хіба тут што-небудзь пачуеш? Ідзі хутчэй. — Нініч паспяшаўся да каравулкі, памочнік закрычаў яму наўздагон: — Бягом, ідыёт, бягом!