Нініч кінуўся бегчы, але яму заміналі цяжкія боты. «Глядзі ты, — думаў ён, — ставяцца да мяне, як да сабакі. — Аднак секунду пасля яму ў голаву стрэльнула іншая думка: — Увогуле, ім добра гуляць са мною ў карты: пэўна, зарабляюць у дзень столькі, колькі я ў тыдзень, і жалаванне атрымліваюць поўнасцю», — падумаў ён, нагадаўшы, колькі вылічваюць у яго самога за ежу, кватэру і дровы.
— Маёр у сябе? — спытаў ён, уваходзячы ў каравулку, і баязліва пагрукаў у дзверы. Ён мог перадаць паведамленне цераз сяржанта, але таго не было ў каравулцы, дый невядома, калі яшчэ з'явіцца магчымасць выканаць такое адказнае даручэнне, — за гэта могуць павысіць па службе, тут, глядзіш, павялічаць жалаванне, значыцца, будзе болей ежы, новая сукенка жонцы.
— Заходзьце.
Маёр Петкавіч сядзеў за пісьмовым сталом тварам да дзвярэй. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з вострымі рысамі твару і насіў пенснэ. Відаць, у яго родзе была прымесь чужой крыві — валасы ў яго былі бялявыя. Ён чытаў нейкі стары нямецкі падручнік па стратэгіі і карміў сабаку кавалачкамі кілбасы. Нініч з зайздрасцю паглядзеў на печ, у якой весела патрэскваў агонь.
— Ну, што здарылася? — узлавана спытаў маёр, нібыта школьны настаўнік, якому перашкодзілі правяраць вучнёўскія сшыткі.
— Звоніць начальнік паліцыі, пан маёр, і выклікае вас да тэлефона ў кантору начальніка станцыі.
— А хіба наш тэлефон не працуе? — спытаў маёр, адклаўшы кнігу і не вельмі ўдала імкнучыся схаваць сваю цікаўнасць і ўсхваляванасць: яму хацелася стварыць уражанне, нібыта ён у блізкіх адносінах з начальнікам паліцыі.
— Не, пан маёр, майстар з горада яшчэ не прыехаў.
— Шкада! А дзе сяржант?
— Ён на хвілінку выйшаў, пан маёр.
Маёр Петкавіч схапіў пальчаткі і нацягнуў іх на рукі.
— Вам лепей пайсці са мной. Можа, мне спатрэбіцца сувязны. Вы ўмееце пісаць?
— Крышачку магу, пан маёр.
Нініч баяўся, што маёр возьме сабе іншага пасыльнага, аднак той толькі сказаў:
— Тады хутчэй.
Нініч і сабака пайшлі следам за маёрам цераз каравулку і перасеклі рэйкі. У пакоі начальніка станцыі Лукіч, які па-ранейшаму сядзеў у кутку, старанна рабіў выгляд, што працуе, а прыёмшчык багажу круціўся каля дзвярэй, падлічваючы здадзеныя месцы на вялікім аркушы паперы.
— Лінія зусім свабодная, пан маёр, — сказаў Лукіч, кінуўшы за спінай у маёра пахмурны погляд на Нініча. Ён зайздросціў салдату — той стаяў блізка да апарата.
— Алё, алё, алё, — кісла вымавіў у трубку маёр Петкавіч.
Салдат злёгку нахіліў галаву да тэлефона. Цераз вялікую адлегласць паміж граніцай і Белградам даносіўся гук гэтага добра пастаўленага і ўладарнага голасу з такім дакладным вымаўленнем, што нават Нініч, які быў за два крокі ад апарата, мог улавіць асобна кожнае слова. Яны падалі адно за адным, нібы паток шпілек, якія ўтыкаліся ў глыбокую цішыню. Лукіч і прыёмшчык багажу дарэмна затаілі дыханне: запасны паравоз на лініі ўжо спыніў сваё пыхканне.
— Гаворыць палкоўнік Хартэп.
«Гэта і ёсць начальнік паліцыі, — падумаў Нініч. — І я чую яго голас. Як жа будзе ганарыцца мною мая жонка сёння ўвечары. Гэтая гісторыя абыдзе ўсе казармы, тут ужо на яе можна паспадзявацца. Ёй асабліва няма чым ганарыцца мною, яна здавальняецца тым, што ў яе ёсць», — падумаў ён прастадушна, не пераацэньваючы сябе.
— Так, так, гэта маёр Петкавіч.
Уладарны голас зрабіўся цішэй. Цяпер Нініч улоўліваў толькі ўрыўкі асобных фраз:
— Ні ў якім разе… Белград… Трэба пашукаць у цягніку…
— Даставіць яго ў казарму?
Голас загучаў больш рэзка.
— Не. Трэба, каб яго бачыла як мага меней людзей… На месцы.
— Але паслухайце, — запярэчыў маёр Петкавіч. — У нас тут для гэтага нічога не падрыхтавана. Што мы тут будзем з ім рабіць?
— …усяго некалькі гадзін…
— Трыбунал? Ну гэта ўжо супраць усякіх інструкцый.
Голас у трубцы ціха засмяяўся.
— Я сам… з вамі… за снеданнем…
— А калі яго апраўдаюць?
— …я сам, — няясна вымавіў голас, — вы, маёр, капітан Алексіч. — Голас загучаў яшчэ цішэй. — Без шуму… у вузкім коле… — І потым вымавіў ясней: — Ён хутчэй за ўсё не адзін… падазроныя асобы… з любой нагоды… мытня. Прыміце пад увагу. Толькі без залішняга шуму і мітусні.
— Ёсць яшчэ што-небудзь да мяне, палкоўнік Хартэп? — з прыкметным асуджэннем спытаў маёр Петкавіч.
Голас зрабіўся болей ветлівым.