Выбрать главу

— Так, так. Наконт снедання. Мяркую, што ў вас там няма вялікага выбару… На станцыі… як след прапаліце ў печы… што-небудзь гарачае… я еду машынай, прывязу халодную закусь і віно. — Завісла паўза. — Так памятайце, вы адказваеце за ўсё.

— За такую супрацьзаконную акцыю… — пачаў быў маёр Петкавіч.

— Не, не, не, — сказаў голас. — Я, вядома, меў на ўвазе снеданне.

— У Белградзе ўсё спакойна? — нацягнена спытаў маёр.

— Моцна спяць, — адказаў голас.

— Магу я задаць яшчэ адно пытанне? Алё, алё, алё, — паўтарыў раздражнёным тонам маёр Петкавіч і потым з грукатам кінуў трубку. — Дзе той салдат? Хадземце са мной.

Ізноў разам з Нінічам і сабакам ён акунуўся ў холад, перасек пуці, прайшоў праз каравулку і зачыніў з трэскам за сабой дзверы пакоя. Потым вельмі хутка накідаў некалькі запісак і загадаў Нінічу аднесці іх па прызначэнні. Ён так спяшаўся і быў такі раздражнёны, што дзве забыўся запячатаць. Нініч, вядома, іх прачытаў — вечарам жонка будзе ганарыцца сваім мужам. Адна запіска была адрасавана начальніку мытні, але яна была запячатаная, другая — капітану ў казарму з загадам неадкладна падвоіць ахову станцыі і выдаць кожнаму салдату па дваццаць абоймаў патронаў. Нінічу зрабілася ніякавата: ці не азначала гэта, што пачалася вайна, што наступаюць балгары? Ці чырвоныя? Ён нагадаў падзеі ў Белградзе і вельмі ўстрывожыўся. Зрэшты, чырвоныя — гэта ж нашы людзі, яны беднякі, у іх ёсць жонкі і дзеці. Апошняя запіска была аддасавана повару ў казарму — гэта была падрабязная інструкцыя пра сняданак на траіх, які трэба падаць у кабінет маёра ў гадзіну трыццаць. «Майце на ўвазе, гэта на вашу асабістую адказнасць», — так заканчвалася запіска.

Калі Нініч выйшаў з кабінета, маёр Петкавіч ізноў пачаў чытаць стары нямецкі падручнік па стратэгіі і карміць сабаку кавалачкамі кілбасы.

2

Корал Маскер заснула задоўга да таго, як цягнік прыйшоў у Будапешт. Калі Майет пачаў асцярожна выцягваць сваю здранцвелую руку з-пад яе галавы, яна прачнулася. Была шэрая, як мёртвы зыб свінцовага мора, раніца. Потым жвава злезла з паліцы і пачала апранацца, кожны рух усё болей аддаляў яе ад утомных падзей мінулай ночы. Ад хвалявання і спешкі ёй не адразу ўдавалася знаходзіць патрэбныя рэчы. Апранаючыся, яна весела напявала: «Як мне пашчасціла, як пашанцавала!» Рывок цягніка адкінуў яе да акна, але яна хуценька толькі кінула позірк на пахмурнае ранішняе неба. Тут і там спакваля гаслі агні, але было яшчэ недастаткова відно, каб распазнаваць асобныя будынкі. Асветлены ліхтарамі мост цераз Дунай зіхацеў, нібыта спражачка ад падвязкі. «Куды мне трэба, я іду і сваю песеньку пяю». Недзе на беразе ракі свяціўся белы дом. Яго можна было прыняць за ствол дрэва ў фруктовым садзе, калі б не два светлыя агеньчыкі ў пакоях на ніжнім паверсе. Пакуль яна сачыла за імі, агеньчыкі патухлі. «Пэўна, засядзеліся за святочным сталом. Цікава, што там зараз адбываецца?» — падумала яна і ўсміхнулася, адчуваючы сябе далучанай да ўсяго дзёрзкага, адважнага, маладога. «Усё, што трывожыць цябе — мяне зусім не трывожыць. Лета змяняе вясну — ты бачыш усмешку маю». Цяпер яна ўжо надзела на сябе ўсё, апроч туфель, і павярнулася да ложка і да Майета.

Ён спаў неспакойна, падбароддзе ў яго было няголенае, адзенне скамячанае, і Корал з цяжкасцю магла паверыць, што ён мае дачыненне да хвалявання і болю мінулай ночы. Гэта быў зараз зусім чужы чалавек, які ўварваўся ў яе жыццё, і ён мог лёгка адмовіцца ад тых слоў, якія нашэптваў ёй у начной цемры. Ён наабяцаў ёй так многа. Але яна сябе пераконвала: такі падарунак лёсу наўрад ці яшчэ выпадзе на яе долю. Ізноў прыходзілі ў голаў словы пажылых і спрактыкаваных кабет: «Яны табе перад гэтым наабяцаюць поўны мех». І адмысловы маральны кодэкс яе класа перасцерагаў: «Ты не павінна напамінаць яму пра яго абяцанні». Але яна ўсё-такі падышла і пяшчотна прыгладзіла яго валасы, каб яны хоць крышачку зрабіліся падобныя на тыя, якія ў марах абрамлялі твар яе каханага. Калі Корал дакранулася да яго лба, ён расплюшчыў вочы, і яна смела сустрэла яго погляд: яна вельмі баялася ўбачыць у ім адчужанасць — раптам ён яе не пазнае і ўжо паспеў забыцца на тое, хто яна і што яны рабілі разам. Яна падбадзёрвала сябе прымаўкай: «Святое месца не пустуе», — аднак яе радасна здзівіла тое, што яму не спатрэбілася ніякіх намаганняў, каб успомніць усё.

— Так, нам абавязкова трэба запрасіць скрыпача.

Яна з палёгкай запляскала ў далоні:

— І не забудзься пра доктара.

Корал прысела ўскрай паліцы і ўсунула ногі ў туфлі. «Я такая шчаслівая». Ён усё памятае, ён збіраецца стрымаць свае абяцанні. Яна зноў пачала спяваць: «Пры сонечным святле я жыву, пры месячным святле я люблю. Жыву я надзвычай цудоўна».