Кандуктар ішоў па калідоры і грукаў у дзверы купэ:
— Будапешт! Будапешт!
Усе агні пазліваліся разам. Над другім берагам ракі гарэлі тры зоркі, быццам іх згубіла зацягнутае хмарамі неба.
— Што гэта? Вунь там. Зараз праедзем. Хутчэй.
— Гэта замак, — сказаў ён.
— Будапешт.
Ёзеф Грунліх, які драмаў у сваім кутку, адразу прачнуўся і падышоў да акна. Міма, паміж высокімі шэрымі будынкамі, прамільгнула вада. Агні, якія гарэлі на верхніх паверхах, раптам зніклі за аркай вакзала. Потым цягнік праслізнуў пад дах вялізнай гулкай залы і спыніўся. З вагона тут жа выскачыў нагружаны багажом містэр Оўпі, жвавы, спрытны і дабрадушны: ён шпурнуў на платформу два чамаданы, мяшок з прыладамі для гольфа, тэнісную ракетку ў чахле. Ёзеф усміхнуўся і выпнуў грудзі: постаць містэра Оўпі нагадала яму пра яго злачынства. Міма прайшоў чалавек у форме турысцкага агенцтва Кука, суправаджаючы высокую маркотную кабету і яе мужа. Яны, спатыкаючыся, ішлі за ім па пятах, разгубленыя і напалоханыя свістком паравоза і крыкамі на незнаёмых мовах. Ёзеф падумаў, што яму варта выйсці з цягніка. І адразу, паколькі справа датычылася бяспекі, думкі яго перасталі быць іранічныя ці напышлівыя; дробненькія акуратныя колцы ў яго мазгу закруціліся і, нібыта кантрольны апарат у банку, пачалі з бездакорнай дакладнасцю рэгістраваць дэбет і крэдыт. У цягніку ён адчуваў сябе практычна зняволеным: паліцыя магла яго арыштаваць на любой станцыі, таму, чым хутчэй ён будзе на волі, тым лепей. Як аўстрыец, ён без асаблівых перашкод пройдзе праверку ў Будапешце. Калі ён паедзе да Канстанцінопаля, дык тройчы падвергнецца рызыцы аглядаў на мытні. Механізм у яго мазгу зноў правяраў лічбы, дадаваў, улічваў і прыйшоў да высновы, што трэба аддаць перавагу дэбету. Паліцыя ў Будапешце кваліфікаваная і спрактыкаваная, у балканскіх краінах яна прадажная — там няма чаго баяцца мытні. Да таго ж, ён там будзе далей ад месца злачынства. У Стамбуле ў яго ёсць сябры. Ёзеф Грунліх вырашыў ехаць далей. Прыняўшы гэта рашэнне, ён ізноў паглыбіўся ў сон пераможцы: у галаве ў яго мітусіліся імгненна выхапленыя рэвальверы, нечыя галасы гаварылі пра яго: «Гэта Ёзеф. Ужо пяць гадоў ён ніводнага разу не быў зняволены. Гэта ён забіў Кольбера ў Вене».
— Будапешт.
Доктар Цынер на хвіліну-другую прыпыніў сваю пісаніну. Гэта маленькая паўза была данінай павагі да горада, дзе нарадзіўся яго бацька. Пакінуўшы Венгрыю маладым чалавекам, бацька пасяліўся ў Далмацыі. У Венгрыі ён працаваў на зямлі, якая яму не належала. У Спліце і, нарэшце, у Белградзе ён навучыўся шавецкаму рамяству і пачаў працаваць на сябе. Аднак усё-такі тое ранейшае, яшчэ больш паднявольнае існаванне і атрыманая ў спадчыну ад бацькі кроў венгерскага селяніна дазволілі доктару Цынеру адчуць дыханне шырокай цывілізацыі, водгукі якой даносіліся ў цёмныя, смярдзючыя балканскія завулкі. Ён быў нібы афінскі раб, які зрабіўся вольным чалавекам у нецывілізаванай краіне: той сумаваў па статуях, паэзіі, філасофіі, — адным словам, па культуры, да якой сам не меў дачынення. Станцыя пачала адплываць ад доктара Цынера, міма праносіліся назвы на мове, якой бацька яго не навучыў: «Rеstоrасіоj», «Рostо», «Іnfоrmоj»[24]. Зусім блізка ад вагона мільганула афіша «Теаtzoj Каj Аmuzеjоj»[25], і ён машынальна запомніў незнаёмыя назвы тэатраў і кабарэ, якія адчыняцца якраз тады, калі цягнік будзе падыходзіць да Белграда: «Опера», «Ройял Орфеум», «Табарэн» і «Жардэн дэ Пары». Ён згадаў, як бацька разважаў у цёмных сутарэннях за майстэрняй: «У Будзе жывуць весела». Яго бацька гэтак жа трохі павесяліўся ў цэнтры горада, ён без зайздрасці назіраў, прыціснуўшыся тварам да вітрыны рэстарана, якія падаюць там дзівосныя стравы, бачыў скрыпачоў, якія пераходзілі ад століка да століка, і прастадушна радаваўся з усімі. Цынера злавала, што бацька яго задавальняўся малым.
Доктар папісаў яшчэ хвілін дзесяць, а потым склаў паперы і сунуў іх у кішэню плашча. Ён хацеў быць падрыхтаваным да любой выпадковасці, ведаў, што яго ворагі не будуць з ім далікатнічаць: яны заб'юць яго ў якой-небудзь глухой вулачцы, абы толькі не ўбачыць яго на лаве падсудных. У яго цяперашнім становішчы была адна перавага — яны не ведалі пра ягоны прыезд: яму трэба аб'явіць пра сваё дабравольнае вяртанне ў Белград, перш чым яны даведаюцца, што ён прыехаў, бо тады ўжо будзе немагчыма тайна забіць нікому не вядомага чалавека, у іх не застанецца іншага выйсця, як толькі аддаць яго пад суд. Ён адчыніў чамадан і ўзяў «Бедэкер». Потым чыркнуў запалкай і паднёс яе да ражка схемы: глянцавая папера гарэла марудна. Чыгунка на схеме ўспыхнула язычком полымя, і ён убачыў, як сквер каля пошты ператварыўся ў чорны попел. Потым зеляніна парка «Калімагдан» зрабілася карычневай. Вулачкі трушчоб загарэліся апошнія, і ён падзьмуў на полымя, каб прыспешыць яго.