Пакончыўшы з марожаным і дэсертам, аплаціўшы рахунак, ён затрымаўся каля стала, каб запаліць цыгару, і апынуўся твар у твар з незнаёмым. Ён ізноў убачыў, як той засынае паміж першай і другой стравамі — паміж недаедзенай цяляцінай аu Таlleyrаnd[7] і пудзінгам з марожаным, які толькі што падалі яму на стол, — хутчэй за ўсё, у яго быў поўны ўпадак сілы.
Пад пільным позіркам Майета незнаёмы раптоўна прачнуўся.
— Ну, што тут такое? — спытаў ён.
Майет мусіў быў папрасіць прабачэння:
— У мяне не было намеру вас будзіць.
Мужчына падазрона паглядзеў на яго, і штосьці ў гэтым раптоўным пераходзе ад сну да больш звыклай насцярожанасці, штосьці ў яго старанна прыбраным гарнітуры, пад пацёртым плашчом, кранула душу Майета. Ён успомніў пра іх нядаўнюю сустрэчу:
— Спадзяюся, вы знайшлі сваё купэ?
— Знайшоў.
— Здаецца мне, вы абралі не лепшае месца на адпачынак, — вырвалася ў Майета. — У мяне ў сакваяжы ёсць аспірын. Магу даць вам некалькі таблетак.
Мужчына рэзка абарваў яго:
— У мяне ёсць усё, што трэба. Я доктар.
Па прывычцы Майет уважліва глянуў на яго рукі, тонкія, з выступаючымі костачкамі. Ён ізноў папрасіў прабачэння, з падкрэсленай прыніжанасцю схіліўшы перад ім галаву:
— Прабачце, што я патурбаваў вас. Вы выглядаеце хворым. Можа, я што-небудзь магу зрабіць вам?
— Не. Нічога мне не трэба. Нічога.
Але калі Майет адышоў, мужчына азірнуўся і аклікнуў яго:
— Час. Каторая зараз гадзіна дакладна?
Майет адказаў:
— Восем сорак. Не, сорак дзве хвіліны.
І ён убачыў, як пальцы мужчыны дакладна да хвіліны паставілі стрэлкі гадзінніка.
Калі ён набліжаўся да свайго купэ, цягнік запаволіў рух. Вялізныя доменныя печы Льежа ўздымаліся ўздоўж чыгункі нібыта старажытныя замкі, агорнутыя полымем пад час варожага набегу. Цягнік гайдануўся, і стрэлкі чыгункі бразнулі. Абапал узняліся сталёвыя фермы моста, а далёка ўнізе па дыяганалі бегла некуды ў цемру пустая вуліца, над уваходам у кавярню зіхацела лямпачка, рэйкі разбегліся ў розныя бакі, і да экспрэса, вывяргаючы гудзенне і пару, наблізіліся манеўраныя паравозы. Святлафорныя агні загарэліся зялёным абапал экспрэса, і арка вакзальнага даху ўзнялася над вагонам Майета. Пачуліся выкрыкі хлапчукоў-газетчыкаў, а на платформе стаялі ў шарэнзе паважаныя, сталыя мужчыны ў чорных суконных паліто і жанчыны пад чорнымі вуалямі. Не выказваючы цікаўнасці, падобныя да натоўпу прыстойных незнаёмых на пахаванні, яны сачылі, як прамільгалі перад імі вагоны першага класа: «Остэндэ — Кёльн — Вена — Белград — Стамбул» — і прычапны вагон да Афінаў. Потым, з клумкамі, сумкамі і дзецьмі, яны ўскараскаліся ў апошнія вагоны, якія ішлі, відаць, да Папіньера ці Вервье — міль пятнаццаць далей па чыгунцы.
Майет пачуваў сябе стомленым. Напярэдадні яму давялося да гадзіны ночы абмяркоўваць з бацькам, Джэйкабам Майетам, справы Стэйна, і, калі ён убачыў, як трасецца ў бацькі сівая барада, ён зразумеў, як ніколі раней, што кіраўніцтва фірмай выпадае з аздобленых пярсцёнкамі старэчых пальцаў, якім цяжка было трымаць нават шклянку з цёплым малаком. «Пенку ніколі не здымуць», — паскардзіўся Джэйкаб Майет, дазваляючы сыну лыжкай зняць пенку з малака. Цяпер ён шмат чаго дазваляў рабіць сыну, не звяртаючы ніякай увагі на Пейджа — пасада дырэктара была проста ўзнагародай за яго дваццацігадовую службу старшым клеркам у фірме. «Майет, Майет і Пейдж» — гэта я», — думаў Майет, не адчуваючы ніякага хвалявання ад вялікай адказнасці, якая легла на яго плечы: ён быў старэйшы сын, і згодна закону прыроды бацька мусіў быў перадаць уладу яму.