Калі схема згарэла, ён кінуў попел пад сядзенне, паклаў пад язык горкую таблетку і паспрабаваў заснуць. Яму было нявесела, а то б ён, адчуўшы раптоўную палёгку, усміхнуўся, калі б убачыў, міль за пяцьдзесят ад Будапешта, пагорак у форме напарстка, парослы ельнікам, які парушыў аднастайнасць неабсяжнай Дунайскай раўніны. Каб абагнуць гэты пагорак, шаша рабіла вялікі круг, потым кіравала ў горад. І дарога, і пагорак цяпер былі белыя ад снегу, які лахманамі, нібы грачыныя гнёзды, павіснуў на дрэвах. Ён запомніў дарогу, пагорак і лес — гэта было першае, што ён убачыў, адчуўшы поўную бяспеку, калі ўцякаў, перайшоўшы граніцу, пяць гадоў таму. Яго спадарожнік, які сядзеў за рулём, парушыў упершыню маўчанне з таго часу, як яны выехалі з Белграда, і сказаў: «Будзем у Будзе праз гадзіну з чвэрцю».
Да гэтага часу доктар Цынер не адчуваў бяспекі. Цяпер палягчэла ў яго на сэрцы зусім з іншай нагоды. Ён думаў не пра тое, што да граніцы ўсяго семдзесят міль. Ён быў ужо амаль дома. Яго пачуцці ў той момант узялі верх над розумам. Дарэмна было гаварыць самому сабе: «У мяне няма дома, я еду ў турму». Прычынай гэтай хвіліннай радасці, якая агарнула яго, было набліжэнне да піўной Кругера ў садзе, да парку, залітага па вечарах зялёным святлом, да крутых вулачак з развешанай упоперак іх бялізнай. «Урэшце, я ўсё гэта ўбачу зноў, — падумаў ён, — калі мяне павязуць з турмы ў суд». І тут ён прыгадаў з раптоўнай журбою, што на месцы піўной цяпер — жылыя будынкі.
За снеданнем Корал і Майет сядзелі па розных баках століка як чужыя і адчувалі праз гэта вялікую палёгку. Напярэдадні, за вячэрай, яны паводзілі сябе, як даўнія сябры, якім не было чаго сказаць адно аднаму. За снеданнем яны гаварылі бесперапынна, як быццам цягнік паглынаў не мілі, а гадзіны, і ім даводзілася запаўняць тыя гадзіны размовамі, якіх хапіла б на цэлае жыццё разам.
— А калі я прыеду ў Канстанцінопаль, што я буду рабіць? Ты ўжо наняў мне пакой?
— Не думай пра гэта. Я заказаў нумар у гатэлі. Ты паселішся разам са мной, і ў нас будзе падвойны нумар.
Яна пагадзілася з ім, ад радасці ў яе перахапіла дыханне, але зараз яна не магла стрымаць сваіх пачуццяў, сядзець моўчкі. Скалы, будынкі, голыя пашы праносіліся міма з хуткасцю сорак міль у гадзіну, а колькі яшчэ ім трэба было абгаварыць.
— Мы прыедзем на світанку? Што мы будзем рабіць цэлы дзень?
— Разам паснедаем. Потым мне трэба будзе пайсці ў кантору, даведацца, як там ідуць справы. А ты можаш тым часам пахадзіць па крамах. Я прыйду надвячоркам, мы паабедаем і пойдзем у тэатр.
— Так? А ў які тэатр?
Ёй было дзіўна бачыць, як усё крута змяніла гэтая ноч. Яго твар ужо не быў падобны на твары тых юнакоў, з якімі яна была знаёмая даволі блізка, нават жэст яго рукі — ён бесперапынна прапаноўваў нешта, раскрываючы далонь, — зрабіўся зусім іншы. Яго запал, калі ён расказваў, колькі ён патраціць на яе грошай, якія асалоды яе чакаюць, — быў цудоўны, і яна верыла яму.
— У нас будуць найлепшыя месцы ў тваім тэатры.
— У «Дзяўчат Дана»?
— Так. А потым мы ўсіх іх запросім на вячэру, калі ты захочаш.
— Не. — Корал адмоўна пакруціла галавой: тут яна рызыкавала страціць яго, бо многія дзяўчаты Дана маглі аказацца прыгажэйшыя за яе. — Пасля тэатра давай пойдзем дамоў і ляжам спаць.
Яны пырхнулі разам, расплюхаўшы з кубкаў карычневыя кроплі кавы на абрус. Яна смяялася шчыра і адкрыта, шчаслівая тым, што боль застаўся ззаду.
— Ведаеш, колькі мы ўжо праседзелі за снеданнем? — спытала яна. — Цэлую гадзіну. Раней за мной такога не вадзілася. Кубак гарбаты ў ложку а дзесятай гадзіне — вось і ўвесь мой сняданак. Яшчэ зверху дзве скібкі падсмажанага хлеба і крышачку апельсінавага соку — гэта калі ў мяне добрая кватэрная гаспадыня.
— А калі ў цябе не было працы?
Яна ўсміхнулася.
— Тады я абыходзілася без апельсінавага соку. Мы ўжо недалёка ад граніцы?
— Зусім блізка. — Майет запаліў цыгарэту. — Ты паліш?
— Уранку не. Я пайду, а ты папалі.
Корал паднялася, і ў гэты момант цягнік з грукатам пераязджаў стрэлку, яе адкінула да Майета. Яна ўхапілася за яго руку, каб захаваць раўнавагу, і праз яго плячо ўбачыла, як імкліва праскочылі міма і зніклі з вачэй сігнальная будка і чорная пуня, заваленыя снегам. Хвілінку яна патрымалася за яго руку, пакуль галава ў яе перастала круціцца.