Выбрать главу

— Любы, прыходзь хутчэй. Я буду цябе чакаць.

Корал раптам захацелася сказаць яму: «Хадзем са мной». Яна баялася заставацца адна, пакуль цягнік будзе стаяць. Чужыя людзі могуць зайсці і сесці на месца Майета, і яна не зможа нічога ім растлумачыць. І не зразумее, што ёй скажуць мытнікі. Але тут жа падумала: Майет хутка разлюбіць яе, калі яна будзе ўвесь час заяўляць на яго свае правы. Назаляць мужчынам даволі небяспечна, яе шчасце не такое трывалае, каб асмеліцца рызыкаваць ім хоць каліва. Яна азірнулася: ён сядзеў злёгку нахіліўшы галаву і пагладжваў пальцамі залаты партабак. Пазней яна была шчаслівая тым, што кінула на яго гэты развітальны погляд: ён павінен служыць узорам вернасці, яна назаўсёды захавае ў сэрцы яго вобраз, і гэта дасць ёй права сказаць: «Я ніколі не пакідала цябе». Цягнік спыніўся, калі яна ўвайшла ў сваё купэ і зірнула праз акно на маленькую брудную станцыю. На дзвюх лямпах было напісана чорнымі літарамі: «Субоціца». Будынкі станцыі ледзь узвышаліся над шэрагам хлявоў, тут жа была платформа. Група мытнікаў у зялёнай форме і паўтузін салдат ішлі паміж пуцямі. Мытнікі, відаць, не спяшаліся пачынаць агляд. Яны смяяліся і ажыўлена размаўлялі, ідучы да службовага вагона. Каля пуцей у шарэнзе стаялі сяляне, пазіраючы на цягнік, жанчына карміла грудзьмі дзіця. Наўкол валэндаліся салдаты, адзін з іх адагнаў ад цягніка сялян, але тыя зноў скупіліся каля чыгункі, адышоўшы метраў на дваццаць ад станцыі. Пасажыры пачалі выказваць нецярплівасць: цягнік і так ужо затрымалі на паўгадзіны, а яшчэ ніхто нават і не збіраўся прыступаць да агляду багажу ці праверкі дакументаў. Некалькі пасажыраў выбраліся на адхон і перайшлі цераз рэйкі, шукаючы які-небудзь буфет. Высокі хударлявы немец з круглай галавой безупынна хадзіў туды-сюды па платформе ўздоўж цягніка. Корал Маскер убачыла, як доктар выйшаў з вагона ў мяккім брылі, у плашчы, у шэрых баваўняных пальчатках. Ён і немец увесь час праходзілі адзін міма аднаго, але абодва нібыта існавалі ў розных вымярэннях — так мала ўвагі звярталі яны адзін да аднаго. На некаторы час яны аказаліся побач, пакуль чыноўнік правяраў іх пашпарты, аднак і тут яны належалі да розных светаў: немец абураўся і ўголас выказваў нецярплівасць, доктар абыякава ўсміхаўся сам сабе.

Корал выйшла на платформу, наблізілася да доктара. Яго ўсмешка, добрая і рассеяная, падалася ёй такой недарэчнай, як скульптурная фігурка на трухлявых балясінах.

— Выбачайце, што я звяртаюся да вас, — сказала яна, крыху збянтэжаная яго чапурыстай паважнасцю. Ён пакланіўся і паклаў рукі ў шэрых пальчатках за спіну: яна заўважыла дзірку на вялікім пальцы. — Я думала… мы думалі… ці не адмовіцеся вы павячэраць з намі сёння вечарам?

Усмешка знікла з яго твару, і яна зразумела: ён падбірае пераканаўчыя словы, каб адмовіцца.

— Вы былі такі добры да мяне, — дадала яна.

На адкрытым паветры было вельмі холадна, і яны абое пачалі хадзіць уздоўж платформы: замерзлая гразь трашчала пад яе туфлямі і пэцкала ёй панчохі.

— Я быў бы вельмі рады, — сказаў ён, дакладна вымаўляючы кожнае слова, — і мне вельмі шкада, што не магу прыняць вашага запрашэння. Сёння вечарам я выходжу ў Белградзе. Мне было б вельмі прыемна… — ён спыніўся, насупіўся і, здавалася, забыў, што хацеў сказаць далей, сунуў пальчатку з дзіркай на пальцы ў кішэню плашча. — Мне было б вельмі прыемна…

Двое ішлі ўздоўж пуці насустрач ім.

Доктар узяў яе пад руку і асцярожна павярнуў назад. Яны пайшлі ў другі бок уздоўж цягніка. Ён усё яшчэ быў пахмурны, так і не закончыў пачатую фразу. Замест гэтага вымавіў іншае:

— Даруйце, мае акуляры зусім запацелі, хто там наперадзе?

— Некалькі мытнікаў выйшлі з службовага памяшкання і накіраваліся да нас.

— І болей нікога? Яны ў зялёнай форме?

— Не, у шэрай.

Доктар спыніўся.

— Ах, вось яно што! — ён узяў яе руку ў сваю, сціснуў яе далоняй, і Корал адчула ў руцэ канверт. — Хутчэй вяртайцеся ў вагон. Схавайце гэта. Калі будзеце ў Стамбуле, адпраўце яго па пошце. А зараз ідзіце. Хутка, але зрабіце выгляд, што вы не спяшаецеся.

Корал паслухалася яго, не разумеючы, што здарылася. Адышоўшы крокаў на дваццаць, яна параўнялася з людзьмі ў шэрых шынялях і зразўмела — гэта салдаты. Вінтовак не было відно, але па чахлах штыхоў яна здагадалася, што салдаты ўзброеныя. Яны заступілі ёй дарогу, і яна была падумала, ці не збіраюцца яны яе затрымаць. Яны нешта ўсхвалявана абмяркоўвалі, аднак калі ёй засталося некалькі крокаў да іх, адзін салдат саступіў убок, каб даць ёй прайсці. Яна крыху супакоілася, аднак усё ж была злёгку ўстрывожаная пісьмом, заціснутым у яе руцэ. Можа, яе прымусілі правезці якую-небудзь кантрабанду? Наркоцікі? Тут адзін салдат пайшоў за ёй. Яна чула, як рыпіць мёрзлая гразь пад яго ботамі, і пачала сябе пераконваць: усё гэта дарэмныя страхі, калі б яна была яму патрэбная, ён бы яе аклікнуў, і яго маўчанне падбадзёрыла яе. Але ўсё-такі яна пайшла шпарчэй. Іх купэ было ў наступным вагоне, і яе каханы зможа па-нямецку растлумачыць гэтаму салдату, хто яна такая. Але Майета ў купэ не было, ён усё яшчэ паліў цыгарэту ў вагоне-рэстаране. З хвілінку яна вагалася: «Дайду да рэстарана і пастукаю ў акно», — аднак аказалася, што нельга было вагацца нават хвіліну. Нечая рука дакранулася да яе локця, і нечы голас мякка вымавіў некалькі слоў на чужой мове.