Корал абярнулася, збіраючыся пратэставаць, прасіць, гатовая, калі спатрэбіцца, вырвацца і пабегчы да вагона-рэстарана, але яе страх крыху паменшыўся, калі яна глянула ў вялікія добрыя вочы салдата. Ён усміхнуўся, кіўнуў і паказаў на будынкі станцыі.
— Што вам ад мяне трэба? Скажыце па-ангельску.
Ён пахітаў галавой, ізноў усміхнуўся і махнуў рукой у бок будынкаў станцыі. Яна ўбачыла, як доктар сустрэўся з салдатамі і разам з ім накіраваўся туды. У гэтым магло і не быць нічога жахлівага, ён ішоў паперадзе іх, яны не вялі яго пад канвоем. Салдат кіўнуў, усміхнуўся і з вялікай цяжкасцю выгаварыў тры словы па-ангельску:
— Усё зусім добры, — вымавіў ён і паказаў на будынкі.
— Можна мне толькі папярэдзіць свайго сябра? — папрасіла яна.
Ён пакруціў галавой, усміхнуўся, узяў яе пад руку і беражліва павёў прэч ад цягніка.
Чакальная зала была парожняя, калі не лічыць доктара. Усярэдзіне залы шугаў у печы агонь. Акно было аздоблена ўзорамі, намаляванымі марозам. Корал увесь час памятала пра заціснутае ў руцэ пісьмо. Салдат асцярожна і далікатна ўвёў яе ў залу і прычыніў дзверы, не замкнуўшы іх.
— Што ім ад мяне трэба? — спытала яна. — Мне нельга спазніцца на цягнік.
— Не бойцеся, — адказаў доктар. — Я ім усё растлумачу, і яны адпусцяць вас праз пяць хвілін. Калі вас захочуць абшукаць, не супраціўляйцеся. Пісьмо ў вас адабралі?
— Не.
— Лепей аддайце яго мне. Я не хачу ўблытваць вас у непрыемнасці.
Яна працягнула яму руку, і якраз у гэты момант дзверы адчыніліся, увайшоў салдат, усміхнуўся, падбадзёрваючы яе, і адабраў у яе пісьмо. Доктар Цынер звярнуўся да яго, і салдат хутка адказаў яму нешта: у яго былі прастадушныя і маркотныя вочы. Калі ён ізноў выйшаў, доктар Цынер сказаў:
— Яму самому ўсё гэта не па душы. Ён атрымаў загад назіраць за намі праз замочную шчыліну.
Корал Маскер села на драўляную лаву і выпрастала ногі да печы.
— Вы зусім спакойная.
— А які сэнс хвалявацца? Яны ўсё роўна нічога не разумеюць. Мой сябра хутка пачне мяне шукаць.
— Гэта праўда, — з палёгкай вымавіў ён. І, счакаўшы крыху, дадаў: — Вы, пэўна, здзіўляецеся, чаму я не прашу прабачэння за прычыненую вам непрыемнасць… Бачыце, ёсць нешта такое, што я лічу больш важным, чым любая непрыемнасць. Баюся, што вы мяне не зразумееце.
— Куды ўжо мне? — сказала яна з горкім гумарам, згадаўшы мінулую ноч. У марозным паветры пачуўся доўгі свісток, і яна са страхам схамянулася. — Гэта не наш цягнік? Мне ніяк нельга спазніцца.
Доктар Цынер падышоў да акна. Ён ачысціў далоняй запацелую ўнутраную паверхню шыбы і паглядзеў скрозь марозныя ўзоры.
— Не, гэта падае сігнал паравоз на другім пуці. Пэўна, паравозы мяняюць. На гэта пойдзе шмат часу. Не бойцеся.
— Ах, я нічога не баюся, — сказала яна, ізноў сеўшы на мулкую лаву. — Мой сябар хутка тут з'явіцца. Тады ўжо будзе іх чарга баяцца. Ён жа, ведаеце, вельмі багаты чалавек.
— Вось як?
— Так, і паважаны. Ён узначальвае фірму. Яны маюць справу з разынкамі. — Яна засмяялася. — Ён прасіў мяне ўспамінаць пра яго, калі я буду есці пудзінг з разынкамі.
— Вось як?
— Але. Ён мне падабаецца. Ён такі добры да мяне. Зусім не падобны на іншых жыдоў. Яны наогул добрыя, але ён… як бы сказаць вам… Ён сціплы і сарамлівы.
— Відаць, ён вельмі шчаслівы чалавек.
Дзверы адчыніліся, і два салдаты ўпіхнулі ў залу нейкага мужчыну. Доктар Цынер шпарка прайшоў наперад, паставіў нагу ў праём дзвярэй і ціха загаварыў з салдатамі. Адзін салдат нешта адказаў яму, а другі пхнуў яго назад у залу і замкнуў дзверы на ключ.
— Я спытаўся ў іх, чаму нас тут затрымалі. Растлумачыў, што вам трэба паспець на цягнік. Адзін сказаў: нічога важнага, афіцэр хоча задаць вам некалькі пытанняў. Цягнік пойдзе не раней, чым праз паўгадзіны.