Выбрать главу

— Дзякуй.

— А я? — шалёна ўсклікнуў мужчына, які толькі што прыбыў. — А я?

— Наконт вас я нічога не ведаю, гер Грунліх.

— Усё гэтыя мытнікі. Яны прыйшлі і пачалі мяне абшукваць. Забралі рэвальвер. Пытаюцца: «Чаму вы не зрабілі дэкларацыі, што ў вас рэвальвер?» Я кажу: «Ніхто не пагодзіцца падарожнічаць па сваёй волі па вашай краіне без рэвальвера».

Корал Маскер засмяялася. Ёзеф Грунліх злосна глянуў на яе, потым абцягнуў пакамячаную камізэльку, зірнуў на гадзіннік і прысеў. Паклаўшы рукі на тоўстыя калені, ён зрабіўся маўклівы і задуменны.

«Ён, пэўна, дапаліў ужо сваю цыгарэту, — думала Корал. — Вярнуўся ў купэ, хапіўся, што мяне няма. Відаць, пачакаў хвілін дзесяць, а потым спытаў у каго-небудзь з салдат на станцыі, ці не ведае ён, дзе я. Праз некалькі хвілін ён мяне знойдзе». Яе сэрца скаланулася, калі ключ павярнуўся ў замку, яна была здзіўлена, што ён так хутка напаў на яе след, — але ў залу ўвайшоў не Майет, а мітуслівы светлавалосы афіцэр. Ён аддаў праз плячо нейкі загад — двое салдат увайшлі за ім і сталі каля дзвярэй.

— Але што тут здарылася? — спытала Корал у доктара Цынера. — Яны думаюць, што мы вязём кантрабанду?

Яна не разумела, пра што гэтыя іншаземцы гавораць паміж сабой, і раптам ём зрабілася страшна, яна разгубілася, усвядоміўшы, што, нават калі б гэтыя людзі і захацелі ёй дапамагчы, яны не разумеюць яе, не ведаюць, чаго яна хоча.

— Скажыце ім, што мне трэба ехаць гэтым цягніком. Папрасіце іх паведаміць майму сябру, — сказала яна доктару Цынеру.

Не слухаючы яе, ён нерухома стаяў каля печы, засунуўшы рукі ў кішэні, і адказваў на пытанні афіцэра. Яна павярнулася да немца, які, седзячы ў кутку, утаропіўся ў наскі сваіх чаравікаў.

— Скажыце вы ім, што я ні ў чым не вінаватая, калі ласка.

Той на імгненне падняў вочы і з нянавісцю паглядзеў на яе. Нарэшце доктар Цынер сказаў ёй:

— Я спрабаваў растлумачыць ім, што вы нічога не ведаеце пра тую запіску, якую я перадаў вам, але яны кажуць, што павінны яшчэ затрымаць вас, пакуль начальнік паліцыі не задасць вам пытанні.

— Ну, а як наконт цягніка? — умольна спытала яна. — А як жа цягнік?

— Думаю, што ўсё абыдзецца. Цягнік будзе стаяць тут яшчэ паўгадзіны. Я прасіў яго паведаміць вашаму сябру, і ён абяцаў падумаць над гэтым.

Яна падышла да афіцэра і кранула яго за руку.

— Я павінна ехаць гэтым цягніком. Павінна. Зразумейце мяне, калі ласка.

Ён скінуў яе руку і пачаў ёй выгаворваць рэзкім, уладарным тонам, прычым пенснэ ківала ў такт яго гаворкі, але за што канкрэтна ён яе ўпікаў, яна не разумела. Потым афіцэр выйшаў з залы.

Корал прыхілілася тварам да шкла. Скрозь прасветы ў марозных узорах было відаць, як уздоўж пуці туды-сюды ходзіць немец. Яна паспрабавала знайсці вачыма вагон-рэстаран.

— Ён прыйшоў? — спытаў доктар Цынер.

— Зараз ізноў пойдзе снег, — сказала яна і адышла ад акна. Ёй раптам абрыдла яе недарэчнае, бязглуздае становішча. — Чаго ім ад мяне трэба? Навошта трымаюць мяне тут?

— Гэта нейкая прыкрая недарэчнасць. Яны перапалоханыя. У Белградзе было паўстанне, — паспрабаваў супакоіць яе доктар. — Ім патрэбен толькі я. Вось у чым уся справа.

— Але ж чаму? Вы ж ангелец.

— Не. Я тутэйшы, — сказаў ён з адценнем горычы.

— А ў чым ваша віна?

— Я паспрабаваў змяніць рэжым, — растлумачыў доктар, даючы зразумець, як ён не любіць ярлыкоў. — Я камуніст.

— Але навошта? Навошта? — ускрыкнула яна, гледзячы на доктара з жахам, не ў сілах схаваць, наколькі пахіснуўся яе давер да таго адзінага чалавека, які, акрамя Майета, мог і хацеў ёй дапамагчы. Нават яго добрыя адносіны да яе ў цягніку здаваліся ёй падазронымі. Яна падышла да лаўкі і села як мага далей ад немца.

— Каб растлумачыць вам навошта, спатрэбіцца шмат часу.

Яна не слухала яго, не хацела ўдумвацца ў сэнс ніводнага яго слова. Цяпер яна ставілася да яго, як да тых галадранцаў, што наладжваюць дэманстрацыі на Трафальгарскім пляцы, ходзяць з брыдкімі плакатамі: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», «Верныя паплечнікі Ўолтгемстваў», «Бэлемскае аддзяленне лігі маладых рабочых». Гэтыя прайдзісветы хочуць павесіць усіх багацеяў, забараніць тэатры і прымусіць яе займацца свабоднай любоўю ў летнім лагеры, а потым ісці на дэманстрацыі па Оксфард-стрыт пад сцягам з надпісам: «Брытанскія работніцы».

— Болей часу, чым я маю, — дадаў ён.

Корал не звярнула ўвагі на яго словы. У той момант яна ставіла сябе непараўнана вышэй за яго. Яна была каханкай багацея, а ён — працоўны. Калі яна нарэшце ўспомніла пра яго, дык сказала са шчырым абурэннем і з пагардай: