— Думаю, вас пасадзяць у турму.
— Лічу, што мяне расстраляюць.
Яна са здзіўленнем утаропілася ў яго, забыўшыся на тое, што ў іх розныя перакананні:
— Чаму?
Ён усміхнуўся крыху самазадаволена:
— Яны баяцца такіх, як я.
— У Ангельшчыне чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш і колькі хочаш. І паліцыя стаіць і слухае іх.
— Ну, тут істотная розніца. Мы не абмяжоўваем сябе толькі размовамі.
— Але ж будзе суд?
— Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград.
Недзе прагучаў ражок, і пранізлівы свісток працяў марознае паветра.
— Відаць, манеўруюць, — сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоіць яе.
Паласа дыму працягнулася звонку міма вокнаў, і ў зале зрабілася цёмна, загучалі галасы, людзі пабеглі ўздоўж чыгункі. Буферы паміж вагонамі забразгалі, сутыкнуліся, напружыліся, і тонкія сцены затрэсліся ад руху поршняў, ад грукату цяжкіх колаў. Калі дым разышоўся, Корал Маскер ціха прысела на драўляную лаву. Гаварыць нічога не хацелася, і ногі ў яе былі халодныя як лёд. Але крыху пазней яна адчула ў маўчанні доктара Цынера асуджэнне.
— Ён вернецца за мной. Вось пабачыце, — вымавіла яна з цеплынёй у голасе.
Нініч сунуў вінтоўку пад паху і пачаў пляскаць рукамі ў пальчатках.
— Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму, — сказаў ён, гледзячы, як цягнік выцягнуўся, нібы гума, апісаў дугу і знік.
Стрэлкі застагналі і вярнуліся на ранейшае месца. На сустрэчным пуці падняўся семафор. З будкі выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лінію і знік з вачэй у напрамку да невялікага дамка.
— Пайшоў абедаць, — з зайздрасцю сказаў напарнік Нініча.
— За ўвесь час, пакуль я тут, ніколі не было, каб паравоз нарабіў столькі шуму, — сказаў Нініч.
Тут ён пачуў словы напарніка:
— Маёру панеслі гарачы абед з казармы.
Але Нініч не паведаміў яму пра прыезд з Белграда начальніка паліцыі — ён зберагаў гэтую навіну для жонкі.
— Ты шчаслівец. Я часта думаю, як добра з'есці сапраўды абед. Думаю, няблага было б і мне ажаніцца, калі бачу, як твая жонка прыходзіць да цябе кожны ранак.
— Няблага, — стрымана пагадзіўся Нініч.
— Скажы, што яна табе прыносіць?
— Бохан хлеба і кавалак кілбасы. Часам трошкі масла. Яна неблагая дзяўчына.
Аднак на душы ў яго было неспакойна. «Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купіць ёй сукенку і пацеркі, пайсці з ёй у тэатр у Белградзе». Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-іншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркі, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кінуў зайздросціць ёй, а ў душы яго зацеплілася добрае пачуццё да іншаземкі. Паляпваючы сваімі вялікімі няўклюднымі рукамі, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць і кволасць жанчын.
— Прачніся, — прашаптаў напарнік, і абодва салдаты выпрасталіся і сталі нерухома па стойцы «смірна» ў той час, калі з дарогі да станцыі павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлі і раскідваючы пырскі.
— Каго там чэрці прынеслі? — прашаптаў напарнік Нініча, ледзь варушачы вуснамі, але Нініч з гонарам падумаў: «А я ведаю, і раней ведаў, што гэты высокі з ордэнскімі калодкамі афіцэр — начальнік паліцыі», ён нават ведае прозвішча другога афіцэра, які, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны і трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнік Хартэп не вылез.
— Ну і месцейка, — весела сказаў палкоўнік Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты.
Капітан Алексіч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокі.
— Не маглі б ужо хаця дошкі пакласці.
— Ну што вы, мы ж паліцыя. Нас не любяць. Бог ведае які яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат, — ён паказаў пальцам на Нініча, — дапамажы шафёру выгрузіць гэтыя скрынкі. Пастарайцеся, каб віно не боўталася і бутэлькі стаялі.
— Маёр Петкавіч, пан палкоўнік…
— Не звяртайце ўвагі на маёра Петкавіча.
— Даруйце, — вымавіў рэзкі, незадаволены голас маёра за Нінічам.
— Зразумела, маёр, — палкоўнік Хартэп усміхнуўся і пакланіўся, — але я перакананы, дараваць вам няма чаго.
— Гэты салдат вартуе арыштаваных.
— Значыцца, вы затрымалі некалькі чалавек. Мае віншаванні.
— Двух мужчын і адну дзяўчыну.
— У такім разе, я лічу, што надзейны замок, вартавы, штых, вінтоўка і дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы.
Маёр Петкавіч аблізаў губы.
— Паліцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесіяналам. Выгружайце ўсё з машыны, — загадаў ён Нінічу, — і перанясіце да мяне ў кабінет.