Ён павёў афіцэраў за рог залы чакання і знік з вачэй. Нініч глядзеў ім услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму:
— Не магу ж я сядзець у машыне і чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусім адвыклі ад працы.
Ён пачаў выгружаць скрынкі з машыны, адзначаючы ўсё, што там было.
— Паўскрынкі шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькі каньяку. Кілбаса, пячэнне да віна. Зялёная салата. Алівы.
— Вось здорава! — усклікнуў напарнік Нініча. — Неблагая ежа!
Нейкае імгненне знямелы Нініч стаяў, утаропіўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым ціха сказаў:
— Сапраўдны банкет.
Ён ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабінет маёра, калі ўбачыў сваю жонку. Яна ішла па дарозе і несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хітрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялікія боты. Нініч паставіў скрынку з фруктамі і пайшоў ёй насустрач.
— Я затрымаюся ненадоўга, — сказаў ён ціха, так, каб яго не пачуў шафёр. — Пачакай мяне. Я павінен табе нешта расказаць.
Ён з сур'ёзным выглядам вярнуўся да працы.
Жонка села ўскрай дарогі, назіраючы за ім, але калі ён выйшаў з кабінета маёра, дзе стол быў рассунуты і афіцэры пілі перад снеданнем віно, яна ўжо знікла, пакінуўшы абед на абочыне дарогі.
— Дзе мая жонка? — спытаў ён у свайго напарніка.
— Пагаварыла з шафёрам і потым пайшла назад у баракі. Нібыта была нечым усхваляваная.
Нініча ахапіла расчараванне. Ён смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнік Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзіў яго. І так заўсёды. Жыццё салдата — сабачае жыццё. Гэтыя цывільныя атрымоўваюць вялікае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да іх ставяцца і нават ублытваюцца ў справы салдата і яго жонкі. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ён зможа расказаць ёй яшчэ і пра іншыя сакрэты, толькі варта навастрыць вушы і не зяваць. Ён крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабінет маёра. Шампанскае там лілося ракой. Усе трое гаварылі разам, пенснэ маёра Петкавіча звалілася яму на калені.
— Такія грудзі, такія сцёгны, — гаварыў капітан Алексіч. — Я сказаў пану палкоўніку, калі б я быў на вашым месцы…
Маёр Петкавіч, абмакнуўшы палец у віно, крэмзаў на абрусе нейкія лініі.
— Першае правіла: ніколі не рабі ўдараў па флангах, бі ў цэнтр.
Палкоўнік Хартэп быў зусім цвярозы. Ён смаліў, адкінуўшыся на спінку крэсла.
— Вазьміце крышачку французскай гарчыцы, пятрушкі…
Але малодшыя афіцэры не звярталі на яго ніякай увагі. Ён злёгку ўсміхнуўся і напоўніў келіхі.
Ізноў пайшоў снег, і паверх нанесеных ветрам сумётаў доктар Цынер бачыў, як ахопленыя цікаўнасцю сяляне з Субоціцы з цяжкасцю прабіраліся цераз чыгуначныя пуці і цягнуліся да залы чакання. Адзін селянін так блізка падышоў да акна, што мог зазірнуць у залу і разгледзець твар доктара. Іх аддзяляла некалькі футаў, заінелая аконная шыба, размаляваная марознымі ўзорамі. Доктар Цынер мог бы палічыць маршчынкі на твары селяніна, убачыць колер яго вачэй і вывучыць з прафесійнай цікавасцю нейкую балячку на шчацэ. Абодва салдаты адганялі сялян прыкладамі вінтовак. Сяляне адыходзілі да чыгункі, але потым ізноў прарываліся назад, безнадзейна ўпартыя і бязглуздыя.
У зале вельмі доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сціснуўшы рукі і малілася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, і па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаілася маліцца і рабіла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмі спалоханая, і ён з халоднай спагадай усвядоміў, як моцна яна баіцца.
Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малітвы, як правіла, застаюцца без адказу, а такі выпадковы каханы і не думае вяртацца да яе.
Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькі ў такой ступені, як мог бы шкадаваць пра необходнасць ілгаць. Ён заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабістай маральнай чысцінёй. Толькі партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калі б яны былі ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасці сваёй справы. Але такія разважанні яго засмучалі, і вось чаму: ён разумеў, што зайздросціць дабрачынным людзям, якім ён мог бы быць гэтаксама, калі б быў заможны і ўладарны. Ён з радасцю быў бы шчодры, міласэрны, дакладна прытрымліваўся б законаў гонару, калі б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калі б свет можна было перарабіць па тым узоры, пра які ён марыў і да якога так палымяна імкнуўся.
— Вы шчаслівая, калі верыце, што ён вам дапаможа, — злосна сказаў ён.