Выбрать главу

Але, са здзіўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах.

— Я не веру, — адказала яна, — але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею.

Яго ўразіла, як хутка яна зраклася сваёй веры і зрабіла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамі пісьменнікаў-рацыяналістаў і вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер'я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалі ён ахвяраваў усім, каб зрабіцца такім жа няверуючым, і на імгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткі сумнення, той паўверы, якая прымусіла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, і ён паспрабаваў падбадзёрыць яе.

— Ваш сябар прыедзе па вас з Белграда.

— А можа, у яго не будзе часу.

— Тады ён тэлеграфуе брытанскаму консулу.

— Магчыма, — вымавіла яна з сумненнем.

Падзеі мінулай ночы, успаміны пра пяшчоты Майета зніклі з яе памяці, нібы асветлены сонцам мол пагрузіўся ў цемру. Яна паспрабавала згадаць яго вобраз, але дарэмна: ён знік, нібы растаў ў натоўпе людзей, якія прыйшлі на вакзал, каб праводзіць яе ў дарогу. Незадоўга да гэтага яна пачала разважаць, чым жа ён вылучаецца сярод усіх знаёмых ёй жыдоў. Нават яе цела, якое адпачыла і вылечылася, але страціла разам з болем свой таемны спакой, ясна адчувала, што ніякай розніцы няма: усе яны падобныя адзін на аднаго. Яна паўтарыла ўголас: «Вядома ж», — бо саромелася свайго нявер'я. І ва ўсякім разе наракаць няма чаго, — яна ж не ў горшым становішчы, чым іншыя зняволеныя, хіба што спозніцца на дзень у вар'етэ. «Такіх, як ён, процьма», — думала яна, адчуваючы, аднак, што ёй усё-такі дарагія гэтыя далёка не бязвоблачныя ўспаміны.

Немец, седзячы, спаў у кутку. Павекі ў яго пацепваліся, гатовыя расплюшчыцца пры самым нязначным гуку. Ён звыклы адпачываць у самых нязручных месцах і выкарыстоўваў усякую магчымасць для перадышкі. Калі адчыніліся дзверы, яго вочы адразу насцярожыліся.

Увайшоў вартаўнік, махнуў рукой і нешта крыкнуў. Доктар Цынер паўтарыў яго словы па-ангельску:

— Нам загадана выходзіць.

У адчыненыя дзверы надзьмула снегу, і на парозе ўзнік шэры грудок. Яны ўбачылі сялян, што скупіліся каля чыгункі. Ёзеф Грунліх падняўся, абцягнуў пінжак і пхнуў доктара Цынера локцем у бок.

— А ці не ўцячы нам зараз, усім разам, пакуль ідзе снег?

— Яны пачнуць страляць.

Вартаўнік ізноў нешта крыкнуў ім і махнуў рукой.

— Яны ж усё адно будуць страляць, га? Навошта нас выводзіць адгэтуль?

Доктар Цынер павярнуўся да Корал Маскер:

— Думаю, што вам баяцца няма чаго. Вы пойдзеце?

— Вядома. — Потым яна папрасіла ўмольна: — Пачакайце мяне хвілінку, я згубіла насоўку.

Высокая хударлявая постаць доктара сагнулася, нібыта шэры цыркуль, апусцілася на калені і выцягнула насоўку з-пад лавы. Нязграбнасць доктара прымусіла яе ўсміхнуцца, і, забыўшыся на свае турботы, яна падзякавала яму з перабольшанай гарачнасцю. Калі пакінулі залу, доктар Цынер пайшоў, нахіліўшы галаву, хаваючы твар ад снегу і ўсміхаючыся сваім думкам. Адзін вартаўнік ішоў паперадзе, а другі следам за імі, з вінтоўкай наперавес, з прымкнутым штыхом. Яны размаўлялі паміж сабой цераз галовы арыштаваных на мове, якую яна не разумела, і вялі яе невядома куды. Сяляне караскаліся на адхон, шлёпалі па гразі, пераступаючы праз рэйкі: яны падыходзілі бліжэй, ім карцела паглядзець на арыштаваных, і яна крыху баялася іх смуглявых твараў і таго невядомага і таемнага, што адбывалася.

— Чаму вы ўсміхаецеся? — спытала яна ў доктара Цынера, спадзеючыся пачуць, што ён знайшоў спасаб вызваліць іх усіх, дагнаць цягнік, павярнуць назад стрэлкі гадзінніка.

— Сам не ведаю. А хіба я ўсміхаюся? Напэўна, таму, што я зноў дома.

На імгненне яго вусны сцяліся, але потым ізноў расцягнуліся ў лёгкай усмешцы, а вочы, якія аглядалі ўсё наўкол праз запацелае шкло акуляраў, здаваліся вільготныя, і ў іх не адлюстроўвалася нічога, акрамя нейкага незразумелага пачуцця шчасця.

3

Майет глядзеў, як попел цыгары рабіўся ўсё даўжэйшы, і разважаў. Яму вельмі падабаліся тыя хвіліны, калі застаешся сам-насам і, не чакаючы ніякай знявагі ні ад каго, адчуваеш, што цела тваё задаволенае, а страсці затухлі. Мінулай ноччу ён марна спрабаваў працаваць: паміж лічбамі ўвесь час мільгаў твар дзяўчыны, — цяпер яна заняла адпаведнае ёй месца. Калі надыдзе вечар, яна зноў зробіцца жаданай і прыйдзе да яго — думаючы пра гэта, ён адчуваў пяшчоту і ўдзячнасць за тое, што, пакінуўшы яго, яна не пакінула за сабой непрыемнага следу. Цяпер, нават не гледзячы на свае паперы, ён памятаў лічбы, якія раней не мог размясціць у адпаведным парадку. Ён памнажаў, дзяліў, адымаў, і доўгія калонкі лічбаў самі сабой узнікалі на аконным шкле, за якім непрыкметна праходзілі, як прывіды, постаці мытнікаў і насільшчыкаў. Потым нехта папрасіў яго паказаць пашпарт — тут попел асыпаўся з яго цыгары, і ён вярнуўся ў купэ паказаць мытніку свой багаж. Корал там не было, і ён падумаў, што яна ў туалеце. Мытнік паказаў на яе сакваяж.