— А гэта чый?
— Сакваяж не замкнёны. Дама выйшла. Але там няма чаго глядзець.
Застаўшыся зноў адзін, ён прылёг у кутку і заплюшчыў вочы — так яму зручней было абдумваць справы Экмана, — але калі цягнік адышоў ад Субоціцы, ён заснуў. Яму снілася, што ён падымаецца па лесвіцы ў кватэру Экмана. Вузкая, не пакрытая дываном, неасветленая, яна магла б весці ў кватэру каля Лейстэр-сквера, якая карысталася благой рэпутацыяй, а не ў штаб найбуйнейшых у Эўропе імпарцёраў разынак. Ён не памятаў, як прайшоў праз дзверы. У наступны момант ён ужо сядзеў сам-насам з Экманам. Паміж імі ляжаў агромісты стос папер, а Экман пагладжваў свае цёмныя вусы і пастукваў па стале вечным пяром, у той час як павук аблытваў павуцінай на стале пустую чарніліцу. Кантора была цьмяна асветлена электрычнай лямпачкай, а ў куточку на металічнай кушэтцы сядзела місіс Экман і вязала дзіцячую кофтачку.
«Я прызнаю ўсё, — сказаў Экман. Раптам яго крэсла паднялося, ён аказаўся высока над галавой Майета і пачаў грукаць аўкцыйным малатком. — Адказвайце на мае пытанні: вы прысягалі. Не ўвільвайце. Адказвайце: так ці не. Вы спакусілі дзяўчыну?»
«Як вам сказаць?»
Экман выскубнуў аркуш паперы з сярэдзіны стоса, павышморгваў яшчэ некалькі папер, пакуль стос не захістаўся і не зваліўся на падлогу з такім грукатам, нібыта пасыпаліся цагліны.
«Вось справа рук Джэрвіса. Хітрая работа, скажу я вам. Вы ўжо заключылі кантракт з членамі праўлення, але ўсё адцягваеце, не хочаце яго падпісваць».
«Усё было згодна з законам».
«А тыя дзесяць тысяч фунтаў Стаўрагу, калі вы ўжо мелі прапанову на пятнаццаць тысяч?»
«Гэта звычайная дзелавая аперацыя».
«А дзяўчына з Спаніердз-роўд? А тысяча фунтаў клерку Моўлта за інфармацыю?»
«Чым жа я горшы за вас? Адказвайце хутчэй. Не ўвільвайце. Адказвайце: так ці не. Мілорд і шаноўныя прысяжныя засядацелі, злачынец на лаве падсудных…»
«Я прашу слова. У мяне ёсць што сказаць. Я невінаваты».
«Па якім артыкуле? Якога кодэксу? Паводле права Справядлівасці? Па Законе Царкоўнай Дзесяціны? Адміралцейскага ці Каралеўскага суду? Адказвайце мне хутчэй. Не ўвільвайце. Адказвайце: так ці не. Тры ўдары малатком. Прададзена. Прададзена. Гэтая цудоўная прыбытковая фірма, джэнтэльмены».
«Пачакайце хвілінку. Я скажу вам. Кароль Георг. Год 111, абзац 4, Вікторыя 2504. І сярод махляроў ёсць сумленныя людзі».
Экман, раптам зрабіўшыся зусім маленькім у гэтай мізэрнай канторы, загаласіў, заламваючы рукі. І ўсе прачкі, якія тапталіся ў ручаі на глыбіні па калена, паднялі галовы і загаласілі, а ў гэты час сухі вецер змятаў пясок з марскіх пляжаў, з шумам гнаў яго на ліставы лес, і голас, хутчэй за ўсё голас Экмана маліў яго зноў і зноў: «Вярніся». Потым пустыня загойдалася пад нагамі, і ён расплюшчыў вочы. Цягнік стаяў. Снег заляпіў вагоннае шкло. Корал яшчэ не вярнулася.
Раптам нехта ў хвасце цягніка пачаў рагатаць і здзекавацца з некага. Да яго далучыліся іншыя, і яны свісталі і лаяліся. Майет паглядзеў на гадзіннік. Ён праспаў болей дзвюх гадзін. І пэўна, нагадаўшы голас, які чуў у сне, пачаў хвалявацца за Корал. З паравознай трубы ішоў дым, і чалавек у спяцоўцы з заляпаным сажай тварам стаяў каля паравоза, безнадзейна аглядаючы яго. Некалькі пасажыраў трэцяга класа аклікнулі яго, ён павярнуўся, пахітаў галавой, паціснуў плячыма — выгляд у яго быў зычлівы, але разгублены. Начальнік цягніка шпарка ішоў уздоўж пуці, адыходзячы ад паравоза. Майет спыніў яго:
— Што здарылася?
— Нічога. Нічога асаблівага. Невялікая няспраўнасць.
— Мы надоўга затрымаемся тут?
— Не, зусім ненадоўга. На гадзіну, магчыма, на паўтары гадзіны. Мы выклікалі па тэлефоне другі паравоз.
Майет зачыніў акно і выйшаў на калідор. Корал нідзе не было відаць. Ён прайшоў уздоўж цягніка, заглядаючы ў купэ, спрабуючы адчыніць дзверы туалетаў, пакуль не дайшоў да вагонаў трэцяга класа. Тут ён згадаў чалавека са скрыпкай і доўга шукаў яго ў смярдзючых купэ з жорсткімі драўлянымі лаўкамі, і нарэшце знайшоў — гэта быў невялікі несамавіты чалавек з запаленымі вачыма.