Выбрать главу

— Сёння ўвечары я наладжваю вячэру, — сказаў яму Майет па-нямецку, — і хачу, каб вы пайгралі мне. Я заплачу вам пяцьдзесят пара[26].

— Семдзесят пяць, ваша правасхадзіцельства.

Майет спяшаўся, яму хацелася як найхутчэй знайсці Корал.

— Ну, добра, хай будзе семдзесят пяць.

— Вы жадаеце што-небудзь журботнае, меланхалічнае, кранальнае да слёз, ваша правасхадзіцельства?

— Ні ў якім разе. Я хачу што-небудзь радаснае, вясёлае.

— Ах, вось яно што? Гэта абыдзецца даражэй.

— Чаму?

— Яго правасхадзіцельства, відаць, іншаземец. Ён не разумее. Такая завядзёнка ў нашай краіне: браць за вясёлыя спевы даражэй, чым за маркотныя. О, гэта надта стары звычай. Паўтара дынара.

І раптам, нягледзячы на нецярплівасць і тугу, Майетам авалодала жаданне патаргавацца. Грошы тут не мелі ніякага значэння, гаворка ішла пра нейкія там паўкроны, але гэта было дзелавое пагадненне, і ён не збіраўся ўступаць.

— Семдзесят пяць пара. Ні на грош болей.

Скрыпач ветліва ўсміхнуўся: іншаземец прыйшоўся яму па сэрцы.

— Дынар трыццаць пара. Гэта маё апошняе слова, ваша правасхадзіцельства. Я прынізіў бы сваю прафесію, калі б запрасіў меней.

Пах чэрствага хлеба і пракіслага віна ўжо не раздражняў Майета: такі пах быў на рынку яго продкаў. Гэта была сапраўдная паэма дзелавых зносін — выйгрыш ці пройгрыш тут не меў аніякага значэння, — ішла барацьба за пары, а кожная з іх каштавала меней чвэрці пенса. Майет пераступіў парог купэ, але не сеў.

— Восемдзесят пара.

— Ваша правасхадзіцельства, кожнаму чалавеку трэба жыць. Адзін дынар дваццаць пяць. Я пасаромеўся б узяць меней.

Майет прапанаваў скрыпачу цыгарэту.

— Шклянку ракіі, ваша правасхадзіцельства.

Майет кіўнуў і, не грэбуючы, узяў тоўстую шклянку з адбітым краем.

— Восемдзесят пяць пара. Хочаце — пагаджайцеся, хочаце — не.

Яны пілі і палілі разам, цудоўна разумеючы адзін аднаго, і таргаваліся ўсё болей люта.

— Вы абражаеце мяне, ваша правасхадзіцельства. Я ж усё-такі музыка.

— Восемдзесят шэсць пара — гэта маё апошняе слова.

Трое афіцэраў сядзелі за сталом, келіхі былі ўжо прынятыя. Два салдаты з вінтоўкамі з прымкнутымі штыхамі стаялі каля дзвярэй. Доктар Цынер з цікаўнасцю сачыў за палкоўнікам Хартэпам: апошні раз ён бачыў яго на судзе над Камнецам, калі ён, насуперак правасуддзю, спрытна кіраваў сваімі ілжэсведкамі. Гэта было пяць гадоў таму, аднак гады мала што змянілі ў яго знешнім выглядзе. Валасы гэтаксама прыгожа серабрыліся на яго скронях, толькі ў куточках вачэй з'явілася некалькі дабрадушных зморшчыкаў.

— Маёр Петкавіч, — сказаў ён, — прачытайце, калі ласка, абвінаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла.

Доктар Цынер выняў рукі з кішэняў плашча і працёр акуляры. Ён прымусіў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук.

— Абвінаваўчае заключэнне? — спытаў ён. — Што вы маеце на ўвазе? Хіба гэта суд?

Маёр Петкавіч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго:

— Змоўкніце!

— Гэта разумнае пытанне, маёр, — сказаў палкоўнік Хартэп. — Доктар быў за мяжой. Бачыце, — працягваў ён мякка і вельмі зычліва, — мы мусілі былі прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання.

— Усё адно я не разумею, якое вы маеце права абыходзіцца без папярэдняга следства.

— Гэта ваенны трыбунал. Ваеннае становішча было абвешчана ўчора на світанку, — растлумачыў палкоўнік Хартэп. — Маёр Петкавіч, пачынайце.

Маёр Петкавіч пачаў чытаць доўгі, напісаны ад рукі дакумент, многія месцы яму цяжка было разабраць.

— «Арыштаваны Рычард Цынер… змова супраць урада… пазбег пакарання за ілжэсведчанне… фальшывы пашпарт. Арыштаваны Ёзеф Грунліх абвінавачваецца ў нашэнні зброі. Арыштаваная Корал Маскер абвінавачваецца ў саўдзеле з Рычардам Цынерам у змове супраць урада». — Ён паклаў паперу на стол і сказаў палкоўніку Хартэпу: — Я не ўпэўнены ў законнасці складу гэтага суду. Абвінавачаныя павінны мець абаронцу.

— Так, ваша праўда, гэта, вядома, памылка. Магчыма, вы, маёр?..

— Не. Суд павінен складацца, прынамсі, з трох афіцэраў, сама меней.

— Не турбуйцеся. Я абыдуся без абаронцы, — перабіў яго доктар Цынер, — гэтыя двое не разумеюць ніводнага слова з таго, што вы гаворыце. Яны не будуць супраць таксама.

— Гэта не па правілах, — сказаў маёр Петкавіч.

Начальнік паліцыі паглядзеў на гадзіннік.

— Я прыняў пад увагу ваш пратэст, маёр. Цяпер мы можам пачынаць.

вернуться

26

Югаслаўская манета, адна сотая дынара.