Выбрать главу

— Я дам вам сто дваццаць дынараў, калі вы адвязеце мяне ў Субоціцу і назад. — Калі ён убачыў, што шафёр збіраецца працягваць торг, ён павялічыў суму: — Сто пяцьдзесят дынараў, калі вы даставіце мяне туды і назад да адыходу гэтага цягніка.

Машына была старая, пабітая, але вельмі магутная. Яны ехалі супраць ветру з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну па дарозе, якая не рамантавалася цэлую вечнасць. Спружыны сядзення былі зламаныя, і Майета кідала з боку на бок, калі машына правальвалася ў ямы, вылазіла з іх, хілілася набок. Яна бурчала і задыхалася, як чалавек, даведзены да знямогі бязлітасным гаспадаром. Снег паваліў мацней: тэлеграфныя слупы ўздоўж чыгункі мільгалі, нібыта цёмныя правалы ў белай сцяне снегу. Майет нахіліўся да шафёра і крыкнуў па-нямецку, перакрываючы роў старой машыны:

— Вы што, сляпы?

Раптам машыну рэзка занесла ўбок і кінула ўпоперак шашы, а шафёр крыкнуў яму ў адказ, што баяцца няма чаго, на дарозе нікога няма, але ён не пацвердзіў, што ўсё добра бачыць.

Тым часам вецер узмацніўся. Шаша, закрытая ад іх сцяной снегападу, цяпер то ўздымалася перад імі, то зноў бегла ўніз, падобная на хвалю з пенай калючага снегу. Майет крычаў шафёру, каб той ехаў цішэй. «Калі б зараз шына спусціла, нам абодвум канец», — падумаў ён. Ён бачыў, як шафёр паглядзеў на гадзіннік і націснуў на акселератар. Стары аўтамабіль адказаў яму, дадаўшы яшчэ некалькі міль у гадзіну, падобна да тых моцных упартых старых, пра якіх кажуць: «Гэта ўжо апошнія: такую пароду мы болей не выведзем». Майет ізноў закрычаў: «Цішэй!» — але шафёр паказаў на свой гадзіннік і давёў машыну, што грукатала на ўсю моц, да небяспечнай, звышнатуральнай мяжы хуткасці. Гэтаму чалавеку трыццаць дынараў — розніца паміж тым, ці паспеюць яны, ці ўпусцяць цягнік — азначалі некалькі месяцаў забяспечанага жыцця: ён рызыкаваў бы сваім жыццём і жыццём свайго пасажыра і за меншую суму. Раптам, калі вецер падхапіў снег і адкінуў яго ўбок, у прасвеце, на адлегласці дзесяці метраў, перад імі з'явілася павозка. Майет ледзь паспеў заўважыць ачмурэлыя вочы быкоў, разлічыць, у якім месцы іх рогі разаб'юць лабавое шкло, як пажылы чалавек залямантаваў, кінуў пугу і саскочыў з калёс. Шафёр крута павярнуў руль, машына пераскочыла цераз снежны вал, пакацілася як шалёная на двух колах, у той час як два астатнія з шумам круціліся ў паветры па-над зямлёй. Машына нахілялася ўсё болей і болей, пакуль Майету не здалося, што зямля ўстае на дыбкі, як гарачае малако, потым аўтамабіль пераскочыў цераз снежны сумёт, спачатку два колы дакрануліся да зямлі, потым усе чатыры, і машына панеслася па шашы з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну, а снег самкнуўся за імі, накрыўшы быкоў, драбіны і здзіўленага старога, здранцвелага ад жаху.

— Едзьце цішэй, — задыхаючыся, сказаў Майет, але шафёр абярнуўся, усміхнуўся яму і бясстрашна махнуў рукой.

Афіцэры сядзелі за сталом, вартаўнікі стаялі каля дзвярэй, а доктар адказваў на пытанні, якія яму бесперапынна задавалі. Корал Маскер заснула. Гэтая ноч змарыла яе, яна не разумела ніводнага слова з таго, што гаварылася, не ведала, чаму яна тут, была напалоханая і пачала ўжо прыходзіць у адчай. Спачатку ёй прыснілася, нібыта яна — маленькая дзяўчынка і ўсё было вельмі проста і вельмі трывала, усё можна было растлумачыць. А потым ёй прыснілася, што яна старая і аглядваецца на сваё жыццё, ёй ужо ўсё вядома, што правільна і што няправільна і чаму здараецца тое і гэтае, і зноў усё было вельмі проста і падпарадкоўвалася законам маралі. Але гэты другі сон не быў падобны на першы: яна ўжо амаль прачнулася і прымушала сон паказваць тое, што ёй хацелася ўбачыць. І ўсе яе сны праходзілі на фоне размовы, якая здалёк даносілася да яе. У апошнім сне, абароненая старасцю, яна пачала згадваць і падзеі мінулай ночы і дня, і ёй здалося, што ўсё ўладзілася, і Манет прыехаў па яе з Белграда.

Доктару Цынеру таксама дазволілі сесці ў крэсла. Па выразе твару мажнага афіцэра ён зразумеў, што з ілжывым абвінавачаннем было амаль пакончана, — таўстун перастаў звяртаць увагу на допыт, ён толькі ківаў галавой, ікаў і зноў ікаў. Палкоўнік Хартэп па-ранейшаму захоўваў уяўную зычлівасць і трымаўся правасуддзя. Ён не пакутаваў ад згрызот сумлення, але ён і не хацеў прыносіць падсуднаму празмерных пакутаў. Калі б гэта было магчыма, ён да канца пакінуў бы доктару Цынеру нейкае каліва надзеі. Маёр Петкавіч бесперапынна выступаў з пратэстамі, ён ведаў, гэтаксама як і кожны з іх, загадзя прысуд, але вырашыў надаць яму хоць бы выгляд законнасці, каб усё праходзіла згодна правілам, змешчаным у настаўленні 1929 года.

Седзячы спакойна, сціснуўшы кулакі, паклаўшы паношаны мяккі брыль на падлогу каля сваіх ног, доктар Цынер вёў з афіцэрамі безнадзейную барацьбу. Адзінае рашэнне, на якое ён мог спадзявацца, было прызнанне неаб'ектыўнасці гэтага суду — яго ж збіраліся паціху закапаць у зямлю на пагранічнай станцыі, калі сцямнее, і ніхто ні пра што не даведаецца.