— За ілжэсведчанне мяне не судзілі. Гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю ваеннага трыбунала, — сказаў ён.
— Вас судзілі ў вашу адсутнасць, — запярэчыў палкоўнік Хартэп. — І прыгаварылі да пяці год зняволення.
— Лічу, што вы знойдзеце патрэбным перадаць маю справу ў грамадзянскі суд для вынясення канчатковага прыгавору.
— Ён мае рацыю, — умяшаўся маёр Петкавіч. — Такія злачынствы не ў нашай кампетэнцыі. Калі вы паглядзіце раздзел пятнаццаты…
— Я вам давяраю, маёр. Тады мы часова адкладзём абвінавачанне ў ілжэсведчанні. Застаецца фальшывы пашпарт.
— Вы павінны даказаць, што я не прыняў брытанскага падданства, — хутка запярэчыў доктар Цынер. — Дзе вашы сведкі? Вы маеце намер тэлеграфаваць брытанскаму паслу?
Палкоўнік Хартэп усміхнуўся:
— Гэта патрабуе шмат часу. Мы пакуль адкладзём пытанне пра фальшывы пашпарт. Вы згодны, маёр?
— Не. Я лічу, што будзе больш правільна, калі мы адкладзём суд па больш дробным абвінавачанні, пакуль ён не будзе асуджаны, — я хацеў сказаць: пакуль не будзе вынесены прыгавор па больш сур'ёзным абвінавачанні.
— Для мяне гэта тое самае, — сказаў палкоўнік Хартэп. — А як вы, капітан?
Капітан кіўнуў, усміхнуўся і заплюшчыў вочы.
— А цяпер абвінавачанне ва ўдзеле ў змове, — сказаў палкоўнік Хартэп.
Маёр Петкавіч перабіў яго:
— Я ўсё гэта абдумаў. Лічу, што ў абвінаваўчым акце трэба выкарыстаць слова «здрада».
— Ну, добра, хай будзе «здрада».
— Не, не, палкоўнік, цяпер ужо нельга ўносіць папраўкі ў абвінаваўчы акт. Давядзецца пакінуць «удзел у змове».
— Вышэйшая мера?
— І ў тым і ў другім выпадку.
— Ну добра. Доктар Цынер, вы прызнаяце сябе вінаватым ці не прызнаяце?
Доктар Цынер з хвілінку падумаў. Потым сказаў:
— А якая розніца?
Палкоўнік Хартэп паглядзеў на гадзіннік, потым узяў са стала пісьмо.
— На погляд суду, гэтага дастаткова для вынясення прысуду.
У яго быў выгляд чалавека, які хоча далікатна, але няўмольна пакласці канец дзелавой размове.
— Я думаю, што маю права на тое, каб пісьмо прачыталі і падверглі перакрыжаванаму допыту салдата, які адабраў гэтае пісьмо.
— Безумоўна, — ахвотна пагадзіўся маёр Петкавіч.
— Я не буду ўскладняць вам справу, — усміхнуўся доктар Цынер. — Я прызнаю сваю віну.
«Але калі б ваенны трыбунал засядаў у Белградзе, — сказаў ён сабе, — і журналісты ў сваёй ложы занатоўвалі б усё, я б змагаўся за кожны пункт». Цяпер, калі яму не было да каго звяртацца, ён адчуў прыліў красамоўства, яму ў галаву прыходзілі рэзкія словы і словы, якія маглі выклікаць слёзы.
Ён ужо быў не тым узлаваным чалавекам са звязаным языком, якому не ўдалося закляйміць місіс Пітэрс.
— Суд аб'яўляе перапынак, — сказаў палкоўнік Хартэп.
У нядоўгім маўчанні было чуваць, як вецер, быццам злы вартавы сабака, гойсае вакол станцыйных будынкаў. Перапынак быў вельмі кароткі, ён доўжыўся роўна столькі, колькі спатрэбілася палкоўніку Хартэпу, каб накідаць некалькі слоў на аркушы паперы і пасунуць яго па стале на подпіс абодвум афіцэрам. Двое салдат стаялі крыху вальней.
— «Суд прызнае арыштаваных вінаватымі, — прачытаў палкоўнік Хартэп. — Арыштаваны Ёзеф Грунліх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзіму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзіны, пасля чаго будзе выслана на радзіму. Арыштаваны…»
Доктар Цынер перабіў яго:
— Магу я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд?
Палкоўнік Хартэп кінуў погляд у акно — яно было зачынена, зірнуў на вартаўнікоў — іх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалі неразуменне і адчужанасць.
— Можаце, — дазволіў ён.
Твар маёра Петкавіча пабарвавеў.
— Немагчыма, — сказаў ён, — абсалютна немагчыма. Загад 27а. Арыштаванаму трэба гаварыць да перапынку.
Начальнік паліцыі паглядзеў міма вострага профілю маёра, туды, дзе на крэсле, сагнуўшыся, склаўшы рукі ў шэрых баваўняных пальчатках, сядзеў доктар Цынер. Звонку прагудзеў паравоз, які павольна рухаўся па чыгуначным пуці. За акном шамацеў снег. Ён глянуў на доўгі шэраг ордэнскіх калодак на сваім шынялі і на дзірку ў пальчатцы доктара Цынера.
— Гэта будзе поўнае парушэнне правілаў, — прабурчаў маёр Петкавіч, адной рукой ён намацаў пад сталом свайго сабаку і пачаў тузаць, кудлаціць яго за вушамі.