Выбрать главу

— Прымаю да ведама ваш пратэст, — сказаў палкоўнік Хартэп і потым звярнуўся да доктара Цынера: — Вы ведаеце гэтаксама добра, як і я, — зычліва пачаў ён, — што б вы ні гаварылі, гэта ўжо не зменіць прысуду. Але калі вам так хочацца нешта сказаць, калі гэта прынясе вам задавальненне, можаце гаварыць.

Доктар Цынер чакаў пярэчанняў ці зневажальных рэплік і ў сваім апошнім слове меўся даць ім рашучы адпор. Аднак ласкавасць, ветлівасць палкоўніка на імгненне пазбавілі яго дару слова. Ён ізноў пазайздросціў тым вартасцям, якімі валодаюць толькі людзі моцныя, упэўненыя ў сабе. Зычлівасць палкоўніка, які моўчкі глядзеў на яго, скавала яму язык. Капітан Алексіч расплюшчыў вочы і зноў заплюшчыў іх. Доктар пачаў павольна гаварыць:

— Гэтыя ўзнагароды вы атрымалі за заслугі перад радзімай пад час вайны. У мяне няма ўзнагарод, таму што я вельмі моцна люблю сваю радзіму. Я не хачу забіваць людзей толькі за тое, што яны гэтаксама любяць сваю радзіму. Я змагаюся не за новыя тэрыторыі, а за новы свет.

Яго прамова перарвалася: тут не было публікі, якая магла б падбадзёрыць яго, і ён усведамляў, наколькі напышлівыя яго словы: яны не маглі служыць доказам вялікай любові і вялікай нянавісці, якія заўсёды кіравалі ім у яго жыцці. У яго мазгу прамільгнулі журботныя і цудоўныя твары людзей, змарнелыя ад голаду, заўчасна састарэлыя, поўныя адчаю. Ён ведаў гэтых людзей, дапамагаў ім, але не здатны быў іх выратаваць. Свет ператварыўся ў хаос, таму што такая плойма высакародных людзей — беспрацоўныя, у той час як буйныя фінансісты і вайскоўцы квітнеюць.

— Вас нанялі, каб падтрымліваць нікчэмны і агідны стары свет, поўны несправядлівасці і неразбярыхі, — казаў ён, — бо такія людзі, як Вускавіч, крадуць працоўныя жабрацкія грашы ў беднякоў, дзесяць гадоў спяшаюцца жыць раскошным, сытым, бязглуздым жыццём, а потым пускаюць сабе кулю ў лоб. І вам плацяць за тое, каб вы абаранялі вось такую сістэму, якая падтрымлівае людзей накшталт яго. Вы саджаеце ў турму дробнага зладзюжку, а вялікія злодзеі жывуць у палацах.

— Тое, што гаворыць арыштаваны, не мае ніякага дачынення да справы. Гэта палітычная прамова, — умяшаўся маёр Петкавіч.

— Хай гаворыць.

Палкоўнік Хартэп засланіў рукою твар і заплюшчыў вочы. Доктар Цынер падумаў: «Ён робіць выгляд, што спіць — хоча замаскіраваць сваю раўнадушнасць», але той ізноў расплюшчыў вочы, калі доктар гнеўна звярнуўся да яго:

— Як жа вы ўстарэлі з сваімі граніцамі і з сваім патрыятызмам! Самалёты не ведаюць граніц, нават вашы фінансісты іх не прызнаюць.

Потым доктар Цынер заўважыў, што палкоўнік Хартэп нечым засмучаны, і пры думцы, што, магчыма, Хартэп не жадае яго смерці, яму зноў зрабілася цяжка падбіраць патрэбныя словы. Ён бездапаможна пераводзіў вочы з аднаго месца на другое, ад карты на сцяне да паліцы з гадзіннікам, застаўленай кнігамі ў падраных вокладках па стратэгіі і па ваеннай гісторыі. Нарэшце яго погляд спыніўся на двух вартавых. Адзін глядзеў міма, не звяртаючы на яго ўвагі, ён спрабаваў глядзець у адну кропку і трымаць вінтоўку пад правільным вуглом. Другі ж не зводзіў з яго вялікіх, наіўных, маркотных вачэй. Гэты твар ён далучыў да той уяўнай журботнай працэсіі, і тут ён зразумеў — ён мае аўдыторыю больш каштоўную, чым журналісты: перад ім быў бядняк, якога трэба адлучыць ад няправеднай справы і пераканаць, каб ён служыў справядлівай справе. І тады ў доктара адразу знайшліся словы, абстрактныя, але мілагучныя, — яны некалі пераканалі яго самога, а цяпер павінны былі пераканаць іншага. Аднак зараз ён паводзіў сябе хітрэй, з асцярогай, уласцівай яго класу, не глядзеў на салдата, які стаяў на варце, а толькі зрэдку, крадком, кідаў на яго хуткі, нібыта хвост яшчаркі, позірк, звяртаючыся да яго ў множным ліку: «Браты!» ён пераконваў яго, што беднасць — не ганьба, але і старацца разбагацець таксама не сорамна, што беднасць — не злачынства і няма ніякай патрэбы адчуваць сябе прыгнечаным. Калі ўсе зробяцца беднякамі — беднякоў не будзе наогул. Багацці свету належаць усім. Калі падзяліць іх паміж усімі людзьмі, тады знікнуць беднякі, і ў кожнага чалавека будзе дастаткова, і не трэба будзе саромецца сваіх суседзяў.

Палкоўнік Хартэп страціў да яго цікавасць: у доктара Цынера зніклі характэрныя рысы, накшалт шэрых шарсцяных пальчатак з дзіркай на вялікім пальцы, і ён ператварыўся ў звычайнага вулічнага прамоўцу. Глянуўшы на гадзіннік, палкоўнік Хартэп сказаў:

— Я думаю, што даў вам дастаткова часу.

Маёр Петкавіч прамармытаў нешта сабе пад нос, ён раптам са злосцю пхнуў нагой сабаку і буркнуў: