Выбрать главу

— Гэты цягнік яшчэ доўга стаяць будзе. Яны запатрабавалі другі паравоз, але ніхто ў горадзе і слухаць не хоча. Паглядзелі б вы, што робіцца на станцыі, які там гармідар. Лепей адвёз бы я вас у Белград. Я б вам і горад паказаў. Я там ведаю ўсе лепшыя бардэлі.

— Спачатку я паеду на пошту, — перапыніў яго Майет. — А потым паспрабуем пашукаць маю даму ў гатэлях.

— Тут усяго адзін гатэль.

— А потым пашукаем на станцыі.

Адпраўка тэлеграмы заняла некаторы час. Спачатку ён меўся паслаць распараджэнне Джойсу, каб не даць Экману абвінаваціць фірму ў паклёпе. Нарэшце ён спыніўся на такой фармулёўцы: «Экману неадкладна прадаставіць месячны адпачынак. Калі ласка, адразу бярыце на сябе яго паўнамоцтвы. Буду заўтра». Такімі словамі ён выклаў сваё распараджэнне, але ўсё гэтае трэба было зашыфраваць кодам фірмы. Аднак калі зашыфраваная тэлеграма была пададзена ў акенца тэлеграфіста, той адмовіўся прыняць яе: усе тэлеграмы праходзілі праз цэнзуру і зашыфраваныя паведамленні не перадаваліся. Нарэшце Майет выбраўся з пошты, але ў гатэлі, дзе тхнула засохлымі раслінамі і клапаморам, пра Корал нічога не ведалі. «Яна, пэўна, яшчэ на станцыі», — падумаў Майет. Ён выйшаў з машыны за сто метраў ад вакзала, каб пазбавіцца ад шафёра, — той аказаўся надта гаваркі і назойліва навязваў сваю дапамогу, — і пачаў адзін прабірацца скрозь вецер і снег. Калі праходзіў паўз двух вартаўнікоў, якія стаялі каля дзвярэй нейкага будынка, ён спытаў у іх, як прайсці ў залу чакання. Адзін сказаў, што цяпер ніякай залы ўжо няма.

— А куды мне звярнуцца па даведку?

Той, што быў вышэйшы ростам, прапанаваў яму звярнуцца да начальніка станцыі.

— А дзе яго кабінет?

Салдат паказаў на другі будынак, але ветліва дадаў, што начальніка станцыі зараз няма, ён у Белградзе.

Майет стрымаў абурэнне, — вартаўнік здаваўся такім зычлівым. Яго напарнік плюнуў, выказваючы сваю пагарду, і прабурчаў пад нос нешта наконт жыдоў.

— А куды ж мне ў такім разе звярнуцца па даведку?

— Тут ёсць маёр, а яшчэ памочнік начальніка станцыі, — няпэўна прамовіў вартаўнік.

— Маёра вам не ўдасца пабачыць, ён пайшоў у казармы, — сказаў другі салдат.

Майет, не доўга думаючы, наблізіўся да дзвярэй: за ёй чуліся ціхія галасы. Змрочны вартаўнік раптам узлаваўся, ён груба ўдарыў Майета па нагах прыкладам вінтоўкі.

— Ідзі адсюль. Нам не трэба, каб тут шнырылі розныя шпегі. Правальвай адгэтуль, жыдоўская морда.

Захоўваючы поўны спакой, уласцівы людзям яго нацыянальнасці ў такіх абставінах, Майет адышоў ад дзвярэй. Гэта быў знешні спакой — прыроджаная рыса, — пра яе існаванне ён нават не падазраваў, аднак у душы адчуў абурэнне і гнеў чалавека, які ведае сабе сапраўдную цану. Ён быў памкнуўся да салдата, каб кінуць яму ў твар, падобны на звярыную морду, якія-небудзь з'едлівыя словы, аднак своечасова спыніўся, са здзіўленнем і жахам адчуўшы небяспеку: у маленькіх пранізлівых вочках гарэла дзікая нянавісць і прага забойства, — нібыта ўвесь прыгнёт, пагромы, уціск, ярмо, зайздрасць і забабоны, што спарадзілі ўсё гэта, скупіліся ў цёмнай яме, выкапанай у зямлі, і ён глядзеў у гэтую яму, стоячы на самым краі. Ён адскочыў назад, не зводзячы вачэй з салдата, пальцы якога намацвалі курок.

— Я пагавару з памочнікам начальніка станцыі. — Але яго інстынкт падказваў яму хутчэй пайсці да машыны і вяртацца ў цягнік.

— Не ў тэй бок! — крыкнуў яму зычлівы вартаўнік. — Ідзіце вунь туды, цераз рэйкі.

Майет быў рады, што буран роў на чыгунцы і шалёна дзьмуў паміж ім і салдатамі. Там, дзе ён стаяў, вецер быў не асабліва моцны, ён затрымліваўся ў праходах паміж будынкамі. Майет сам дзівіўся сваёй упартасці, не разумеючы, чаму ён марудзіць на пустой, поўнай небяспекі станцыі. Ён пераконваў сябе, што не мае ніякіх абавязацельстваў перад гэтай дзяўчынай, добра ўсведамляючы, што яна пагадзілася б з ім. «Мы разлічыліся, — сказала б яна, — вы купілі мне білет, а я дала вам магчымасць няблага прабавіць час». Але яго прыцягвала да яе гэтая яе маўклівая пакорлівасць. Перад такой пакорлівасцю ён павінен быў быць толькі шчодры і ўдзячны. Ён перайшоў лінію і пагрукаў у нейкія дзверы. За сталом, спінай да дзвярэй, сядзеў чалавек і піў віно. Майет сказаў тонам, як яму здавалася, рашучым і значным:

— Я хачу атрымаць даведку.

У яго не было падстаў баяцца афіцыйнага чыноўніка, але, калі гэты чалавек павярнуўся і, убачыўшы Майета, кінуў на яго хітры і нахабны позірк, ён прыйшоў у адчай. Над пісьмовым сталом вісела люстра, і на секунду Майет ясна ўбачыў там свой адбітак — нізенькі, тоўсты, насаты, у цяжкім футры, — і ён адразу здагадаўся: гэтыя людзі ненавідзяць яго не толькі таму, што ён — жыд, але для іх, якія ўжо прымірыліся з беднасцю і нікчэмнасцю свайго жыцця, ён быў яшчэ і ўвасабленнем багацця.