Выбрать главу

— Якую даведку? — спытаў клерк.

— Я хачу атрымаць даведку наконт дзяўчыны з Усходняга экспрэса, якая адстала ад цягніка тут сёння раніцай.

— Як гэта так? — нахабна спытаў клерк. — Калі нехта выходзіць з цягніка тут, дык ён сюды, значыць, і едзе, а не адстае ад цягніка. А сёння цягнік гэты стаяў тут болей за паўгадзіны.

— Але ж дзяўчына выйшла з яго?

— Не.

— А вы маглі б прагледзець здадзеныя білеты і праверыць?

— Не. Я ўжо казаў вам, што ніхто не выходзіў. Чаго вам яшчэ ад мяне трэба? У мяне няма часу з вамі размаўляць. Я чалавек заняты.

Майет раптам падумаў, што і ён не супраць таго, каб паслухацца гэтага клерка і спыніць пошукі: ён зрабіў усё, што толькі ад яго залежала, і зараз яму захацелася адчуць сябе вольным. На імгненне ён параўнаў Корал з маленькім завулкам, які вабіць да сябе мужчын, што праходзяць міма, але аказваецца — гэта тупік з глухой сцяной у канцы. Існуюць жа яшчэ і іншыя жанчыны, яны падобныя на вуліцы з мноствам крамаў — бліскучых і зіхатлівых, — такія вуліцы заўсёы вядуць куды-небудзь. І тут ён згадаў Джанет Пардаў. Ён дасягнуў ужо таго веку, калі ўзнікае пільная патрэба ажаніцца і займець дзяцей, разбіць свой намёт і памножыць сваё племя. Але пачуцці ў яго былі надта патрабавальныя, далікатныя: яны абуджалі ў ім сумненні адносна той, якая зусім не спадзявалася на замужжа, а імкнулася проста сумленна разлічыцца з ім і падарыць яму сваю прыхільнасць. І ён ізноў прыгадаў яе дзіўны і нечаканы стогн і выгук: «Я кахаю цябе». Ён вярнуўся ад дзвярэй да стала клерка, вырашыўшы зрабіць усё, што ад яго залежала, да канца. Можа, яна трапіла ў цяжкае становішча, сядзіць на мялі, без грошай, магчыма, яе напалохалі.

— Людзі бачылі, як яна выходзіла з цягніка.

— Што вам ад мяне трэба? Каб я пайшоў шукаць яе ў такую завіруху? — буркнуў чыноўнік. — Кажу вам, мне пра яе нічога не вядома. Не бачыў я ніякай дзяўчыны.

Голас яго памякчэў, калі ён убачыў, як Майет дастае бумажнік. Майет выняў асігнацыю ў пяць дынараў і разгладзіў яе пальцамі.

— Калі вы скажаце мне, дзе яна, вы атрымаеце дзве такія асігнацыі.

Клерк пачаў злёгку заікацца, на вачах у яго навярнуліся слёзы, і ён сказаў з горкім шкадаваннем:

— Калі б я мог, калі б гэта толькі было мне па сіле, паверце мне, я быў бы шчаслівы дапамагчы вам. — Яго твар асвятліўся, і ён з надзеяй прапанаваў: — Вам трэба паспрабаваць навесці даведкі ў гатэлі.

Майет засунуў бумажнік у кішэню — ён зрабіў усё, што мог, — і пайшоў шукаць машыну.

За апошнія некалькі гадзін сонца паспела ўжо схавацца за хмарамі, але пра яго прысутнасць сведчылі бляск снегу і бялізна сумётаў. Цяпер яно садзілася, і снег паглынаў шэры колер неба. Пакуль засветла, Майету не дабрацца да цягніка. Але нават надзея паспець на цягнік знікла: падышоўшы да машыны, ён даведаўся, што рухавік застыў, хоць радыятар быў пакрыты анучамі.

4

— Добра вам спяваць, — сказаў Ёзеф Грунліх. Хоць ён і ганіў доктара і Корал за пасіўнасць, яго вочы пачырванелі ад слёз, і не без шкадавання ён развітаўся з прывідамі маленькіх прадаўшчыц запалак і прынцэс з ледзяным сэрцам. «Так лёгка ім не ўдасца мяне злавіць». Ён пачаў мераць крокамі залу чакання. Паслініўшы вялікі палец, ён пачаў абмацваць драўляную абіўку сцен.

— Я ні разу не сядзеў у турме. Вы, напэўна, здзіўляецеся, але гэта праўда. У маім узросце мне гэта зусім непатрэбна. Ды яшчэ збіраюцца выслаць мяне ў Аўстрыю.

— А вас там шукаюць?

Ёзеф Грунліх аправіў камізэльку, пры гэтым яго срэбны крыжык варухнуўся.

— Вам, прынамсі, я магу прызнацца. Мы ж з вамі заадно, га? — ён крыху нахіліў галаву, нібыта ад прыліву сціпласці. — Я забіў чалавека ў Вене.

— Значыць, вы — забойца? — з жахам спытала Корал.

«Мне б дужа хацелася расказаць ім усё, як было: я ж так спрытна ўсё зрабіў, навошта трымаць у сакрэце? — разважаў Ёзеф Грунліх. — Як хутка ўсё адбылося! «Зірніце туды, гер Кольбер!» Тузаю за шнурок, цэлюся, страляю двойчы, перадсмяротная сутарга, чалавек забіты — і ўсё за нейкія дзве секунды. Але ж лепей не расказваць». Ён згадаў перасцерагальны дэвіз сваёй прафесіі — непарушнае правіла, якое стрымлівае занадта самаўпэўненых: «Ніколі не ведаеш, што цябе чакае наперадзе».

Ён засунуў палец за каўнер і бесклапотна сказаў:

— Я мусіў быў пайсці на гэта. Пытанне гонару. — Грунліх крыху павагаўся. — Ён… Як бы вам сказаць? Ён зрабіў пуза маёй дачцэ.